Напярэдадні 2011 года выйшаў новы раман Юрыя Станкевіча “П’яўка”. Твор выклікаў вялікі розгалас у грамадстве. Ён прыцягвае вострым сюжэтам і стылістычнымі вынаходкамі. Не без падставаў чытачы, крытыкі называюць кнігу адной з найлепшых у галіне прозы за мінулы год. А па выніках рэйтынгу, які падводзілі выдавецтвы “Галіяфы” і “Каўчэг”, раман “П’яўка” атрымаў званне “НАЙЛЕПШАЯ ПРОЗА 2010”.
10 сакавіка 2011 ў кнігарні “логвінаЎ” (пр. Незалежнасці 37А) адбудзецца вялікая прэзентацыя кнігі Ю. Станкевіча “П’яўка”! Пачатак а 19:00. УВАХОД – ВОЛЬНЫ
У імпрэзе бяруць удзел:
Ірына Шаўлякова
Маргарыта Аляшкевіч
Агата Ракава
Ірына Хамрэнка
Зміцер Вішнёў
Віка Трэнас
Анатоль Івашчанка
Раман “П’яўка” створаны ў жанры антыўтопіі. Аўтар скіроўвае чытача ў 2050 год – час, калі чалавецтва, спасцігнуўшы шэраг тэхнагенных і экалагічных катастроф, хістаецца і трымціць перад іх наступствамі. У цэнтры наватарскага твора-прытчы, напісанага аўтарам у звыклай для яго дакладнай і жорсткай форме, — магчымы лёс краіны, а таксама лёс дваіх закаханых, што спрабуюць супрацьстаяць цёмным сілам жыцця.
Юры Станкевіч – вядомы беларускі празаік, драматург, сцэнарыст. Аўтар некалькіх раманаў, апавяданняў, а таксама п’ес і кінасцэнарыяў. Неаднаразова быў лаўрэатам конкурсаў драматургаў і сцэнарыстаў. Ягоныя творы перакладзеныя на розныя мовы свету. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і ПЭН-цэнтра.
Юры Станкевіч прыйшоў у літаратуру ў 1988 годзе. За гэты час набыў вялікую папулярнасць. Мае рэпутацыю жорсткага, часам радыкальнага аўтара-наватара.
Кнігарня “логвінаЎ” знаходзіцца ў дварах да домам “Подзвіг народа”, што на пл.Перамога, у адным будынку з барам “Малако”.