25 студзеня ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” і акцыі “Пяцісотгоднасць” адбудзецца творчая сустрэча з пісьменнікам Міхасём Булавацкім і бардам Змітром Бартосікам у Віцебску.
Падчас сустрэч Міхась Булавацкі прэзентуе свой зборнік перакладаў на беларускую мову твораў Уладзіміра Высоцкага “Уладзімір Высоцкі. Пра жыццё, пра волю, пра сябе…”, Зміцер Бартосік пазнаёміць слухачоў з аўтарскім выкананнем песень Уладзіміра Высоцкага, а таксама песень на вершы Булата Акуджавы.
Чакаем вас!
Адрас: г. Віцебск, Арт-паб Торвальд, вул. Талстога,1.
Пачатак у 19:00.
Уваход вольны.
Уладзімір Высоцкі. Пра жыццё, пра волю, пра сябе…
Зборнік утрымлівае арыгіналы і пераклады на беларускую мову 45 твораў Уладзіміра Высоцкага, найярчэйшага савецкага (ці, лепш бы сказаць, антысавецкага) паэта, спевака, акцёра, у драматычным і трагічным лёсе (і адпаведна ў творчасці) якога яскрава і выразна адлюстравана адна з найбольш складаных эпох гісторыі Расійскай імперыі, а таксама роздум перакладчыка аб жыцці і творчасці Высоцкага. Пераклады твораў Высоцкага і прысвечаных яму вершаў Б.Акуджавы і А.Гарадніцкага зрабіў Міхась Булавацкі.
ЗНАЁМЦЕСЯ 3 ПЕРАКЛАДЧЫКАМ
Міхась Булавацкі – настаўнік матэматыкі і фізікі, журналіст, пісьменнік, грамадскі і палітычны дзеяч. Нарадзіўся ў вёсцы Восы Глускага раёнаў 1947 годзе ў сялянскай сям’і.
Скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут (1971). Захацеўшы палепшыць сваё настаўніцкае майстэрства, пачаў ездзіць па розных школах краіны ў пошуках творчых настаўнікаў. Знаходзіў. Асабліва прывабілі ідэі В.Шаталава, якія пачаў прапагандаваць праз сродкі масавай інфармацыі. Вынікам гэтых публікацый запрошаны (1979) на кафедру методыкі выкладання матэматыкі Магілёўскага педінстытута. Але журналісцкая актыўнасць выкладчыка і яго нетрадыцыйны погляды на выкладанне матэматыкі раздражнялі кіраўніцтва кафедры і інстытута. У 1984 годзе з-за канфлікту ў сувязі з публікацыяй у газеце «Известия» быў звольнены, але змог абараніцца і быў адноўлены на працы. У час перабудовы стаў даволі запатрабаваным лектарам, праводзіў семінары для настаўнікаў і чытаў лекцыі па наватарскіх методыках у розных гарадах Беларусі, Расіі ды іншых рэспублік СССР. Ажыццяўляў навуковае кіраўніцтва эксперыментальнай працай настаўнікаў г. Мінска па засваенні імі наватарскіх методык навучання матэматыцы (1987-1992). Аўтар вучэбных дапаможнікаў «Матэматыка 5-бг» для пятых класаў беларускіх гімназій і «Цалкам зразумелая трыганаметрыя» (кніга прысвечана Машы Каральковай і Янку Лапіцкаму, бацькі якіх змагаліся за права вучыць сваіх дзяцей на роднай мове).
Зараз – індывідуальны прадпрымальнік у галіне матэматычнай адукацыі, адзін з найбольш запатрабаваных рэпетытараў Магілёва, заняткі вядзе на беларускай мове. Дагэтуль чытае лекцыі на курсах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў, друкуе артыкулы ў педагагічных часопісах.
Адзін з ініцыятараў стварэння Магілёўскай філіі асацыяцыі «Мартыралог Беларусі» (1988), займаўся разведваннем месцаў масавых расстрэлаў у ваколіцах Магілёва. На адным з такіх месцаў зараз стаіць вялікі крыж, куды прыходзяць людзі на Дзяды, каб пакланіцца праху бязвінна забітых і ўскласці кветкі.
3 1989 года займаецца літаратурнай творчасцю. Друкаваўся ў мясцовай і рэспубліканскай прэсе, часопісах «Беларусь», «Дзеяслоў», у якасці сябра рэдакцыйнай рады рыхтаваў першы і другі выпускі альманаха «Брама». Сябар Беларускага ПЭН-цэнтра з 2001, Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2012 года.
Сябар Таварыства беларускай мовы з моманту стварэння Магілёўскай арганізацыі ТБМ (1989). Узначальваў абласную арганізацыю ТБМ (1993-2002). Сярод ініцыяваных ім праектаў найбольшы розгалас мае «Беларускае пяціборства», спаборніцтва для школьнікаў на якасць іх агульнай адукацыі, дзе спаборнікі павінны паказаць свае веды ў матэматыцы, прыродазнаўстве, гісторыі Беларусі, беларускай літаратуры і роднай мове. 3 2001 года ўдзел у 14 такіх спаборніцтвах бралі каля 400 спаборнікаў з розных навучальных устаноў вобласці, далучаючыся тым самым да крыніц роднай мовы, да каранёў сваёй краіны.
Сяргей Украінка