Міжнародная асацыяцыя выдаўцоў (IPA) абвясціла шорт-ліст прэміі Prix Voltaire 2025 за свабоду публікацыі.
У шорт-ліст увайшлі шэсць чалавек, сярод іх — двое беларусаў: Надзея Кандрусевіч, выдавецтва Koska, Беларусь (у выгнанні ў Швецыі) і Дзмітрый Строцаў, выдавецтва Hochroth Minsk, Беларусь (у выгнанні ў Германіі), паведмляе Беларускі ПЭН.
Крыстэн Эйнарсан, старшыня Камітэта IPA па свабодзе публікацыі:
«Свабода публікацыі з’яўляецца жыццёва важнай умовай для існавання свабоды выказвання і для таго, каб людзі маглі ў поўнай меры карыстацца правам на чытанне. Прэмія IPA Prix Voltaire прызнае заслугі тых выдаўцоў, якія змагаюцца за сваю свабоду публікаваць выдатныя творы і даносіць іх да чытачоў. Гэта правы, за якія мы павінны змагацца пастаянна. І, як паказваюць некаторыя з нашых сёлетніх намінантаў, змагацца нават у выгнанні».
Надзея Кандрусевіч заснавала ў Беларусі ў 2018 годзе выдавецтва дзіцячых кніг «Коска». Пасля выбараў 2020 года ў выдавецтва былі канфіскаваныя кнігі, а офісы зачыненыя. З 2022 года Надзея Кандрусевіч працягвае выдавецкую працу ў эміграцыі.
Беларускі паэт і выдавец Дзмітрый Строцаў баў арыштаваны ў кастрычніку 2020 года, пазней ён сутыкнуўся з пагрозамі і абмежаваннямі ў працы. Вымушаны пакінуць Беларусь, ён пераехаў у Берлін і заснаваў выдавецтва Hochroth Minsk. За час два гады дзейнасці выдавецтва выпусціла 22 кнігі на беларускай, рускай, чэшскай, польскай мовах, на ідышы, і нават ёсць тэксты з дадаткай нарвежскай.
«Поспех выдавецтва — збег шчаслівых абставін, — адзначае Дзмітрый. — Спачатку, улетку 2022 года, мяне прынялі з беларускай філіяй у садружнасць нямецкіх выдавецтваў hochroth Verlag. Потым, улетку 2023 года, нямецкая арганізацыя MiCT дала мне прастору для маёй выдавецкай студыі, і амаль адначасова шведская пісьменніцкая арганізацыя дапамагла з набыццём абсталявання і матэрыялаў для друку кніг. Кнігі ў hochroth робяцца ўручную».
У мінулым годзе ў шорт-ліст прэміі ўвайшоў выдавец Андрэй Янушкевіч.