Працуйце ў цемры або пры прыглушаным святле, калі для дасягнення пастаўленай задачы вам трэба думаць творча.
Як гэта працуе
Цемра або прыглушанае асвятленне можа дапамагчы нам лепш справіцца з працай, якая патрабуе творчага падыходу. Гэта даказалі псіхолагі Анна Стэйдл са Штутгарцкага ўніверсітэта і Ліоба Верт з Універсітэта Хоэнхайм. Яны правялі некалькі эксперыментаў, у якіх удзельнічала 114 студэнтаў. Паддоследныя былі падзеленыя на некалькі груп: першая група працавала пры яркім святле, другая — пры звычайным офісным асвятленні, астатнія ўдзельнікі — пры цьмяным святле. Студэнтам было прапанавана за абмежаваны час вырашыць шэраг задач, якія патрабуюць творчага падыходу. Як паказаў эксперымент, тыя ўдзельнікі, якія выконвалі заданні пры цьмяным святле, паказалі самую вялікую прадукцыйнасць і расказалі, што адчувалі сябе свабоднымі ад абмежаванняў. Паміж вынікамі паддоследных у дзвюх іншых групах не было асаблівых адрозненняў.
Іншая частка даследавання паказала, што апісанне аб’екта, які знаходзіцца ў цемры, выклікае больш яркія вобразы ва ўяўленні слухача. Удзельнікі даследавання праходзілі тэст у дзвюх групах: адным расказалі гісторыю пра іншапланетніка з упорам на тое, што падзеі адбываліся ў цемры; іншым — пра тое ж, але пры святле дня. Пасля гэтага студэнтам трэба было намаляваць прыхадня. Студэнты з першай групы зрабілі больш дэталізаваныя і незвычайныя малюнкі.
Па-першае, чатыры даследаванні прадэманстравалі, што і абсалютная цемра, і проста цьмянае асвятленне паляпшаюць здольнасць думаць творча; эксперымент паказаў, што гэта адбываецца неўсвядомлена. Па-другое, два дадатковыя даследаванні паказалі, што ў цемры мы менш лічымся з абмежаваннямі і думаем больш смела. Па-трэцяе, былі выяўленыя межы «эфекту цемры»: выкліканае цемрай павелічэнне творчага патэнцыялу знікае пры выкарыстанні рассеянага святла замест прамога прыглушанага, а таксама пры ацэнцы ідэй замест іх генеравання.
Паводле lookatme