“Простыя рэчы” Міхала Анемпадыстава: Першая кніжка

«Пясочны чалавечак» — гэта першая кніга, якую я памятаю. Дапускаю, што гэта была ўвогуле першая дзіцячая кніжка ў нашым доме. Прыгадваю паасобныя яе малюнкі: агромністы паравоз, які вырываецца з цемры проста на нас, абдаючы парай і святлом пражэктара, потым — панарама начнога горада, і сілуэт звездара пры тэлескопе, і яшчэ нешта такое, таксама начное… Цудоўныя ілюстрацыі. Але далей я ўжо не ведаю дакладна, ці гэта сапраўды малюнкі з тае кнігі, ці мае пазнейшыя фантазіі-рэканструкцыі. Я нейкі час маляваў выключна начныя краявіды, без людзей, толькі сам горад: святло ліхтароў на фасадах і шатах дрэваў, шчыльныя аж да чарнаты цені, цёмныя пустыя вокны, замкнёныя дзверы. Я ўвогуле люблю начны горад, і не з дурной каляровай падсветкай, а калі звычайныя ліхтары, такія, дзе лямпачка пад бляшаным каўпаком і святло свеціць долу і крыху ў бакі — на муры і дрэвы. Тады горад нагадвае тэатральную сцэну, і кожная дэталь набывае асаблівы сэнс. Альбо поўніцца таямніцай. Гісторыя з «Пясочным чалавечкам» таксама крыху таямнічая.

Кніжка была па-нямецку, і ніхто, апроч таты, не мог яе прачытаць. Тата чытаў яе для мяне шмат разоў: спачатку ён прачытваў сказ на мове арыгінала, а потым адразу перакладаў і дадаткова тлумачыў — так, як тлумачаць сэнс схаваных ведаў кабалісты і чарнакніжнікі. Аднак нічога з перакладзенага я не памятаю. Абсалютна. Я здагадваюся, пра што была кніжка, прыгадваючы малюнкі. Малюнкі былі шыкоўныя. А я якраз быў у тым узросце, калі дзеці пачынаюць маляваць. У мяне было некалькі каляровых алоўкаў, і я пад наглядам бабулі (бацькі заўсёды на працы) выводзіў на паперы розныя калякі-малякі. І вось аднойчы я выводзіў свае калякі, а бабуля некуды адлучылася на пару хвілінаў. Я тады ўзяў і размаляваў «Пясочнага чалавечка» спрэс, то бок кожную старонку з кожнай цудоўнай ілюстрацыяй. А потым зусім нечакана парваў кнігу на шматкі. Я не памятаю, чаму я гэтак зрабіў, і нават сам акт вандалізму не памятаю — я ж быў яшчэ зусім малы, — значна пазней мне расказала пра гэта бабуля. А зусім нядаўна я знайшоў вокладку ад гэтай кнігі, яна ацалела, бо была са шчыльнага кардону, і на яе ў мяне не хапіла моцы.

Відаць, гэта цалкам натуральна — тое, што першая кніжка запомнілася. Таксама натуральна тое, што запомніўся яе візуальны шэраг. Маленькі чалавек спазнае свет спачатку на смак, на пах, на дотык, на гук, на вока, а ўжо потым разумова, праз слова. Візуальная культура, а прасцей кажучы, нашае адчуванне і разуменне навакольнага хараства, гармоніі, ладу, закладаюцца ў самым раннім дзяцінстве праз асабісты візуальны кантакт і толькі так. Слова ў дадзеным выпадку — толькі дапаможны інструмент, каб звярнуць увагу, пракаментаваць і патлумачыць. І гэтак жа, праз асабісты візуальны досвед, гэтае адчуванне/разуменне трансфармуецца (а ў ідэале — развіваецца) усё наступнае жыццё. Зразумела, што апроч як з кніжак, дзеці вучацца ўсяляк, з усяго, і па-рознаму — праз цацкі, праз гульні і проста скануючы асяроддзе. Што яны саскануюць, тое і закладзецца як матрыца. Менавіта на гэтую матрыцу будзе потым накладацца новы досвед «прыгожага», адчуванне прасторы, колеру, формы. З гэтых матрыцаў вырастае нашае супольнае разуменне «прыгожага» і рэалізацыя гэтага калектыўнага разумення ў маштабах краіны.

Як наша краіна выглядае сёння, вы ведаеце. Ведаеце, відаць, таксама, што выглядае яна збольшага безгустоўна, а мікс убогасці і пыхі робіцца апошнім часам яе (нашым) фірмовым стылем. Але гэта іншая тэма. Прабачце, «Астапа панесла». Вяртаюся да кніжак.

У нас выдатная школа кніжнай графікі, у тым ліку дзіцячай. Не буду пералічваць імёны мастакоў, сорамна іх не ведаць. Беларуская школа адметная любоўю да дэталяў і павагай да іх гістарычнай праўдзівасці, нават пэўным этнаграфізмам. Дзякуючы гэтаму маленькія жыхары краіны з маленства маюць шанец даведацца, як выглядае традыцыйная беларуская культура, «усмактаць» яе візуальны канон. Па-мойму, гэта вельмі важна. Гэта закладаецца ў матрыцу саматоеснасці і не патрабуе потым дадатковай аргументацыі. Так гэта функцыянуе, так гэта мае быць. У маім дзяцінстве такіх беларускіх кніжак не было, ну, хіба што «Пакацігарошак» з някепскімі малюнкамі, дзе ўсе героі былі ў лапцях і вонкава не розніліся ад герояў казак старэйшага брата. Мне, шчыра кажучы, больш падабаліся іншыя кніжкі з аб’ектыўна лепшымі ілюстрацыямі — той самы «Пясочны чалавечак», якому я ўдзячны за дотык да таямніцы і першы творчы акт, хай сабе і разбуральны. І сваім бацькам я, натуральна, удзячны таксама. Жылі яны, як і большасць, мякка кажучы, не багата, але кніжкі куплялі найлепшыя — цікавыя, стыльныя і густоўныя.