У сакавіку мінулага года Алеся Пушкіна асудзілі на пяць гадоў калоніі за партрэт беларускага антысавецкага партызна і нібыта за здзек з дзяржаўных сімвалаў.
Алесь Пушкін. Фота "Радыё Свабода"
«Сёння ноччу ў рэанімацыі пры нявысветленых абставінах памёр Алесь Пушкін», — паведаміла ў фэйсбуку яго жонка Яніна. Алесю Пушкіну было 57 гадоў.
Інфармацыю пра смерць пацвердзілі ў гродзенскай турме рэсурсу «Медиазона».
Алеся Пушкіна затрымалі 30 сакавіка 2021 года па справе аб нібыта рэабілітацыі нацызму: на выставе ў Гродне быў партрэт беларускага антысавецкага партызана Аўгена Жыхара.
На момант завядзення справы Алесь Пушкін быў у Кіеве, але прынцыпова вярнуўся ў Беларусь, ведаючы пра крыміналку.
Затрымалі проста на працы — ён рэстаўраваў палац у Жылічах.
25 сакавіка 2022 года Алесь Пушкін падчас суда парэзаў сабе жывот на знак пратэсту. 30 сакавіка 2022 года Алеся Пушкіна асудзілі да 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. У жніўні 2022 года адміністрацыя калоніі пакарала пяццю месяцамі ў ПКТ.
Вясной гэтага года Алеся Пушкіна перавялі ў гродзенскую турму.
У пісьме жонцы Яніне на пачатку гэтага года Алесь паведамляў, што «не можа есці свежы турэмны хлеб, бо яшчэ раней, калі служыў у Афганістане, перахварэў хваробай Боткіна».
Як распавядала Яніна ў інтэрв’ю «Народнай волі», Алесь збіраўся намаляваць у турме партрэт лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, тэатральнага рэжысёра Валерыя Маслюка і аўтара першай беларускай граматыкі Браніслава Тарашкевіча, які ў свой час таксама сядзеў у Гродзенскай турме.
Па звестках крыніц, Алеся Пушкіна «прэсавалі», ён памёр падчас аперацыі
Як расказала «Радыё Свабода» абазнаная крыніца, Алесь Пушкін пісаў у апошніх лістах, што за кароткі час схуднеў на 20 кіляграмаў. Да таго ж ён прасіў перадаць яму пояс для паясніцы, бо яму балелі ныркі. Паводле інфармацыі крыніцы, Пушкіна даставілі ў шпіталь хуткай дапамогі ў Гродне непрытомнага. Яму рабілі аперацыю. Падчас яе сэрца Алеся Пушкіна спынілася.
Адна з крыніц са спасылкай на палітвязня, што сядзеў з Пушкіным у івацэвіцкай калоніі «Воўчыя норы», паведаміла пра «асаблівае» стаўленне да мастака ў калоніі:
«Алеся моцна прэсавалі ў «Воўчых норах» супрацоўнікі калоніі. Таму што ён не ад свету гэтага, ён творчы чалавек. Там жа, у калоніі, трэба хадзіць толькі ў суправаджэнні канвою ці строем, выконваць усе патрабаванні. А ён недзе мог забыцца, недзе пайсці адзін, без канвою, проста ад такой творчай натуры і разгубленасці. Алесь мог забыцца, што ў яго алоўкі ці альбом «лішні» ў тумбачцы. А канвойныя і стукачы гэтым карысталіся і вешалі на яго парушэнне за парушэннем, кідалі то ў ШЫЗА, то затым у ПКТ».
Яна дадала, што ціснулі на мастака і за беларускую мову:
«Бо канвою беларуская мова не падабалася, а Алесь не хацеў пераходзіць на расейскую з імі».
Паводле суразмоўцы, Алесь маляваў для вязняў партрэты іх матак, жонак, дзяцей, «нікому не адмаўляў».
«Ён стараўся падтрымліваць іншых вязняў, быў жыццярадасны, добра апавядаў, шмат ведаў, асабліва пра гісторыю Беларусі. Алесь быў вельмі добры, безадказны, але і трохі, па-творчы, наіўны. У калоніі выжываюць людзі такія, больш хітрыя. Алесь давяраў людзям, і нядобрыя маглі гэтым скарыстацца. Вязьні былі на баку Алеся, але канвойныя і стукачы шукалі толькі нагоды, каб павесіць чарговае парушэнне», — кажа яна.
Паніхіда за спачын Алеся Пушкіна ў Вільні
У сераду, 12 ліпеня, беларуская царква ў Вільні служыць паніхіду за спачын Алеся Пушкіна, палітзняволенага мастака, які пры нявысветленых абставінах памёр у рэанімацыі сёння ноччу.
Прыходзьце на малітву памяці.
Дата: 12 ліпеня
Час: 18.00 (час мясцовы)
Месца: беларуская царква ў Вільні, Bokšto g. 4, Вільня
Беларусы Вільні ўшануюць памяць мастака Алеся Пушкіна свечкамі і кветкамі а 19-й ля амбасады Беларусі ў Літве (Vilnius, Mindaugo g. 13).
У Варшаве кветкі і свечкі ўжо з’яўляюцца ля амбасады Беларусі ў Польшчы, а таксама ля ўлюбёных месцаў беларускай дыяспары.
Партрэт Алеся Пушкіна каля бара "Карма". Фота: "Белсат"
***
Алесь Пушкін нарадзіўся 6 жніўня 1965 года ў вёсцы Бобр Крупскага раёна.
У 1978 годзе паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Івана Ахрэмчыка. Працягнуў адукацыю на курсе манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута.
Акрамя актыўнай выставачнай дзейнасці, распачатай у часы перабудовы, Алесь Пушкін браў актыўны ўдзел у руху нацыянальнага адраджэння і ў студэнцкім руху. У прыватнасці, актыўна рыхтаваў мітынг памінання продкаў «Дзяды» ў Мінску 30 кастрычніка 1988 года, з-за чаго 28 кастрычніка быў арыштаваны на пяць сутак.
25 сакавіка 1989 года Алесь Пушкін ажыццявіў першы ў Беларусі маніфест сац-арту: напісаныя ім 12 плакатаў, супярэчных дзяржаўнай ідэалогіі, планавалася пранесці па галоўным праспекце Мінска да плошчы перад домам ураду. Калоне ўдалося прайсці толькі ад Тэатральнага інстытута да Дома друку, дзе мастак быў арыштаваны ў ліку астатніх 130 чалавек. Пушкіна асудзілі на 2 гады зняволення ўмоўна з пяцігадовым выпрабавальным тэрмінам.
Па заканчэнні інстытута атрымаў размеркаванне на працу ў віцебскім Мастацкім камбінаце. Займаўся творчасцю, займеў уласную майстэрню, у 1993 годзе адкрыў прыватную галерэю «У Пушкіна». Займаўся рэстаўрацыяй і роспісам храмаў. З 1997 года жыў на радзіме ў вёсцы Бобр.
У 1999 годзе Алесь быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна за акцыю-перформанс «Падарунак прэзідэнту». 21 ліпеня 1999 года, калі скончыўся канстытуцыйны тэрмін праўлення Аляксандра Лукашэнкі, Пушкін прыкаціў да прэзідэнцкай адміністрацыі тачку гною з шыльдай-падзякай Лукашэнку за працу.
Штогод святкаваў Купалле ў Бабры і ладзіў акцыі ў дзень абвяшчэння БНР.
У Алеся Пушкіна засталося чацвёра дзяцей: Марыля і Мікола — у шлюбе з Янінай, а таксама дочкі Ганна і Дар’я.
Распісваў і рэстаўраваў праваслаўныя і каталіцкія храмы, афармляў пастаноўкі, пісаў карціны. Удзельнік і лаўрэат шматлікіх замежных і айчынных выстаў.