Прэм’ера на канале «Будзьма дзецям»: лялечны відэаспектакль «Прыгоды мышак»

Аднойчы адзін тата захацеў пазнаёміць сваіх дзетак з жывёльным светам Беларусі. Як гэта зрабіць так, каб дзецям было цікава? «Лепш за ўсё распавесці як казку», — вырашыў тата і прыдумаў казку пра мышак, потым яшчэ адну, і яшчэ... Так з’явілася цэлая серыя казак «Прыгоды мышак». А кампанія «Будзьма беларусамі!» і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў дапамаглі зрабіць паводле гэтых казак лялечны відэаспектакль. Ён ужо даступны для прагляду на дзіцячым ютуб-канале «Будзьма дзецям».


Галоўныя гераіні казак — палявая мышка Маша і хатняя мышка Даша, іх прыгоды і вандроўкі адбываюцца ў розных асяродках — полі, лесе, доме, норцы, а таксама ў розныя часы году — вясна, лета, восень, зіма. У сюжэце: сяброўства, небяспечныя прыгоды, захапленне танцамі, ласаванне прысмакамі, перавыхоўванне злодзеяў.

Пазнавальны эфект казак разлічаны на дзетак 3-8 гадоў, забаўляльны — без межаў узросту.

Калі раптам вы не ведаеце, чым заняць свайго гарэзу, то спектакль «Прыгоды мышак» вам у дапамогу.

Уладкоўвайцеся зручней і глядзіце! Спектакль вельмі просты, душэўны, але разам з тым і досыць дынамічны, ён добра трымае ўвагу дзяцей.

Цікавыя і карысныя актыўнасці паводле спектакля

Акрамя непасрэдна прагляду, мы прапануем іншыя цікавыя і карысныя актыўнасці, якія можна рабіць паводле спектакля. Вось, напрыклад:

1. Можна разам патанчыць з мышкамі Дашай і Машай, бо сяброўкі-мышкі вельмі любяць танчыць, і робяць яны гэта пад выдатную музыку ад гурта «Стары Ольса».

2. Лепш за ўсё паглядзець спетакль усёй сям’ёй, а потым разам з дзеткамі абмеркаваць, што яны пабачылі. Можна спытаць: Дзе сустрэліся мышкі? Чым яны ласаваліся ў полі? Ад каго ўцякалі мышкі? Хто дапамог ім уратавацца? Мышкі любяць танчыць, а як ты любіш праводзіць час з сябрамі? Ці дапамагаеш ты сваім сябрам у складаных сітуацыях?

Калі дзеткі яшчэ маленькія і ім складана будаваць доўгія сказы, дапамажыце ім, прапанаваўшы варыянты адказаў.

3. Папрасіце дзяцей намаляваць мышак Дашу і Машу і домікі, у якіх яны жывуць.

4. Са старэйшымі дзеткамі можна зладзіць свой спектакль па матывах «Прыгодаў мышак». Можна выкарыстаць для спектакля мяккія цацкі, а можна пашыць мышак з фетру. Выкрайкі для такіх цацак лёгка знайсці ў інтэрнэце. Для дэкарацый скарыстайцеся каляровай паперай ды прыроднымі матэрыяламі (падыдуць кветкі, галінкі, лісцікі — усё, што знойдзецца пад рукой). Задавальненне ад сумеснай творчасці вы гарантавана атрымаеце!

5. Натхніўшыся спектаклем, разам з дзецьмі прыдумайце сваю казачную гісторыю.

Дасылайце нам свае казкі і малюнкі на электронную пошту razam@budzma.org. Самыя цікавыя мы апублікуем на нашым сайце budzma.org.

Калі вам падабаюцца нашыя відэапраекты і аўтарскія артыкулы, вы можаце падтрымаць рэдакцыю «Будзьмы», набыўшы нам кубачак кавы. Гэта дапаможа нам стварыць больш цікавых відэаролікаў і арыгінальных артыкулаў.