Беларускі і рускі тэрміны «прыгон» і «крепостное право», якія абазначаюць тыповую сярэднявечную з’яву, маюць падобную прыроду, але адрозную этымалогію. У чым розніца і як гэтая з’ява адрадзілася ў савецкай калгаснай сістэме, піша Канстанцін Семяновіч.
У чым сутнасць з’явы
Сутнасць з’явы даволі простая. Яна ўзнікла ў неспакойныя і бяспраўныя часы Ранняга Сярэднявечча і ў аснове мела дамову паміж земляробам і моцным чалавекам (ваяром, феадалам) пра абарону жыцця і маёмасці селяніна ў свеце бяспраўя (у рэаліях сённяшняга дня прыблізна тое самае азначаюць расейскія тэрміны «крышаванне» і «рэкет»).
За гэта земляроб расплочваўся часткай плёну сваёй працы ў розных формах пад агульнай прыдуманай гісторыкамі назвай «феадальная рэнта». Яна магла выступаць у выглядзе прадуктаў харчавання, грошай, працы на полі ці сядзібе феадала — г. зв. адробкавая рэнта. З апошняй і выводзіцца беларускае ёмкае слова «прыгон» — цівун гнаў працаваць на пана.
Праца на пана. Сярэднявечная гравюра
У Расіі тэрмін «крепостное право» выводзіцца ад слова «прикрепить», г. зн. прымацаваць селяніна да дзялкі, якую яму выдзеліў пан, не дапусціць пераходу да іншага землеўласніка. Верагодна, гэтая розніца ў тэрмінах звязаная з масавасцю адыходаў сялян — у нас меншая, у Расіі нашмат большая. Таму ў нас дзяржава (на службе паноў-феадалаў) не так зацыклівалася на забароне пераходаў, а ў Расіі, наадварот, надавала ім шмат увагі.
У рускай мове да сёння захавалася прымаўка для пераказу расчаравання чалавека, у якога сарвалася нейкая доўгачаканая справа: «Вот тебе, бабушка, и Юрьев день!». Бо менавіта тыдзень да і тыдзень пасля дня Святога Юрыя (Георгія) 9 снежня (па Юліянскім календары 26 лістапада) расійскія «крепостные» сяляне маглі атрымаць разлік і сысці ад пана шукаць лепшай долі ў іншага памешчыка. Але маскоўскія ўлады ў канцы XVI ст. забаранілі пераходы і ў гэтыя дні, з чаго і ўзнік устойлівы рускі фразеалагізм. А яшчэ з тым днём звязанае рускае слова «объегорить» (ад Георгій — Егор, г. зн. падмануць пры разліку).
Юр’еў дзень.Мастак Сяргей Іваноў.1908 г
Ад адробкавай рэнты да грашовай
Адробкавая рэнта ў эпоху феадалізму не была нейкім абсалютам, і ад яе лёгка адмаўляліся дзеля больш выгодных для паноў спосабаў абдзіраць сваіх сялян. Гісторыя склалася так, што найхутчэй і найлягчэй ужо ў ХІІ—ХІІІ ст. перайшлі з адробкавай рэнты на грашовую феадалы ў краінах Заходняй Еўропы, у той час як на землях Цэнтральнай і Усходняй Еўропы яна пратрымалася да найноўшага часу.
Дэмаграфічны рост, разбудаваная сетка гарадскіх і местачковых рынкаў, адпаведна велізарная грашовая маса ў тавараабароце Захаду стваралі магчымасць сялянам без асаблівых праблемаў прадаваць свае прадукты на рынку і плаціць пану рэнту грашыма. А таму толькі тое і трэба — мець рэгулярны даход у звонкай манеце і не напружвацца складзіраваць, захоўваць і прадаваць дастаўленыя сялянамі харчовыя прыпасы.
Жняцы. Пітэр Брэйгель старэйшы. 1565 г.
А ва ўсходняй частцы Еўропы (падзел прыблізна па лініі ракі Эльбы) выйшла наадварот. Пану выгадней было пашыраць уласную палявую гаспадарку, змушаць сялян задарма на ёй працаваць, а сабраны ўраджай, найперш збожжа, з выгодай прадаваць на заходнееўрапейскіх рынках. Таму на Захадзе сялян юрыдычна ад імя дзяржавы рабілі асабіста вольнымі (вольны рынак — удзел свабодных людзей), а на ўсходзе, наадварот, сялян прывязвалі да зямлі і заканадаўча аддавалі на поўную волю пана ажно да права пакарання смерцю — «на горла». Таксама заканадаўча ўводзілі нормы паншчыны, якія з часам павышаліся: ад двух-трох дзён у тыдзень з сялянскай гаспадаркі ў XV–XVI стст. да 6, нават 7 дзён у XVIІ—XVIІІ стст. Нічога асабістага, чыстая эканоміка!
Прыгон аказаўся надзвычай жывучай з’явай, якая ў некаторых рэгіёнах Еўропы пратрымалася ажно да пачаткаў ХХ ст. і моцна тармазіла развіццё капіталізму, адпаведна і грамадства.
Прыгон у савецкай сістэме
Гэтая з’ява адрадзілася ў савецкай калгаснай сістэме. Сяляне мусілі адпрацаваць на калгасных палетках і фермах пэўную колькасць дзён у год, якія называліся «працадні», а ў народзе «палачкі», бо знакам-палачкай у ведамасці адзначаўся дзень працы. Сялян таксама «прывязвалі» да зямлі — да 1974 г. калгаснікам не выдавалі пашпартоў.
Калгасніцы ў полі. 30-я гады ХХ ст. Фота: domeshop.ru
У падлеткавым узросце мне таксама давялося ў гэтым паўдзельнічаць. Калі меў 13–14 гадоў, бацька часам браў зграбаць калгаснае сена, каб брыгадзір паставіў лішнюю палачку ў ведамасць. Плату калгаснікі атрымлівалі сімвалічную, пераважна прадуктамі, а на жыццё зараблялі на ўласных гаспадарках. Толькі праз дзясяткі гадоў ужо пасля заканчэння гістфака да мяне неяк дайшло — дык гэта ж прыгон, чыстай вады прыгон!
Канстанцін Семяновіч, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Вітаўт і Ягайла: дэтэктыўная гісторыя аб уцёках з вязніцы і спробе помсты