Як Вітаўту ўдалося пазбегнуць такога лёсу? Якой была знешнепалітычная сітуацыя вакол ВКЛ у гэты час? Якім чынам Вітаўт планаваў адпомсціць за смерць бацькі? Якая роля ў гэтай гісторыі Тэўтонскага ордэна? Адказы на пытанні дае доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч.
У жніўні 1382 г. у скляпеннях Крэўскага замка быў задушаны вялікі князь Кейстут. Пасля смерці бацькі — нечуванага раней здарэння ў Вялікім Княстве Літоўскім — забойства Гедымінавіча ў вязніцы, у Вітаўта з’явіліся сур’ёзныя падставы трывожыцца за сваё жыццё. Яго трымалі пад вартай у тым жа замку, але не ў поўнай ізаляцыі, у адведзіны дазвалялася прыходзіць жонцы. Вітаўт уцёк з вязніцы, пераапрануты ў адзенне жончынай служанкі. Гэта была даволі складаная справа — уцекачу патрэбна было падняцца са скляпенняў галоўнай вежы-бергфрыда замка, выхад з якой быў толькі на трэцім паверсе, прайсці па баявой галерэі да зручнага месца, каб па вяроўцы спусціцца з муроў і перабрацца праз абарончы роў, запоўнены вадой. А там ужо чакалі верныя баяры з Гарадзенскага княства з коньмі.
Дакладная дата ўцёкаў невядомая, а ў Крэва яго перавезлі каля 15 жніўня 1382 г. Вітаўт накіраваўся праз верную яму Гарадзеншчыну (родавае ўладанне) у Мазовію да швагра князя Януша, жанатага з яго сястрой. Разлічваць на дапамогу мазавецкага князя не даводзілася — занадта слабы, каб цягацца з Ягайлам, да таго ж той сам спадзяваўся пажывіцца коштам Вялікага Княства Літоўскага. Падчас міжусобнай вайны ў Літве ў 1382 г. зяць Кейстута чэрска-варшаўскі князь Януш І, жанаты з Данутай (у хрышчэні Ганнай) Кейстутаўнай захапіў уладанне цесця — Падляшша з Драгічынам, Мельнікам і Бельскам, чым дапамог Ягайлу ў змаганні за ўладу ў Літве.
У ненайлепшым нестабільным стане знаходзілася Польскае каралеўства. Якраз блізка па часе 10 верасня 1382 г. памёр кароль Людовік Анжуйскі, і ў Польшчы пачаўся перыяд безкаралеўя, які зацягнуўся больш чым на два гады канфліктаў, інтрыгаў, а ў Вялікапольшчы яшчэ і міжусобнай вайны. Толькі ў 1384 г. палякі выбралі на караля Польшчы малалетнюю дачку Людовіка Ядвігу (менавіта на караля, не каралеву).
Адзіным месцам, дзе Вітаўт мог атрымаць рэальную дапамогу ў вяртанні бацькоўскай спадчыны, заставаўся Тэўтонскі ордэн, куды Кейстутавіч і скіраваўся. Адбылося гэта прыблізна ў лістападзе ці снежні 1382 г., бо эмігранта сустракаў вялікі маршал Конрад фон Валенродэ, які ўступіў на гэтую пасаду ў кастрычніку таго года. Хоць Ордэн афіцыйна знаходзіўся ў саюзе з Ягайлам, але дзеля аслаблення Літвы — свайго галоўнага ворага, быў гатовы хаўрусавацца з кім заўгодна. Таму Вітаўт не сумняваўся, што знойдзе там падтрымку.
Пэўны час мусіла заняць падрыхтоўка да пераходу: трэба было дамовіцца праз паслоў, атрымаць глейт на бяспечны праезд. У апісанні храністам сустрэчы Ягайлы з хохмайстрам 31 кастрычніка і ў тэкстах прынятых там дакументаў пра Вітаўта згадкі няма (хоць вядома, што Ягайла аднёсся да ягонага з’яўлення ў Ордэне вельмі сур’ёзна), адсюль выснова, што на той час яго ў Ордэне яшчэ не было.
Першая дакладная інфармацыя пра прысутнасць Вітаўта ў Прусіі паходзіць з ліста Ягайлы да хохмайстра, напісанага ў пачатку студзеня 1383 г. Вялікі маршал Конрад фон Валенродэ сустрэў Вітаўта ў Інстэнбургу, без гонараў і трымаўся высакамерна. Паводле храніста, ён спытаў: «Чаму раней не прыйшоў, калі меў віленскі замак, а цяпер не маеш ні зямлі, ні людзей?»
Тым не менш, кіраўніцтва Ордэна прыняло ўцекача, князя рода Гедыміна, бо ён мог быць карысны як альтэрнатыва і рычаг уздзеяння на Ягайлу. Тым больш, што Вітаўт меў у Літве апору сярод баярства з уладанняў бацькі. Крыніцы паведамляюць пра прысутнасць пры ім у Прусах брата, князёў і баяраў.
Ягайла, якія меў добрыя, наладжаныя адносіны з ордэнскім кіраўніцтвам, падобна, меў спадзяванне, ці нават перакананне, што крыжакі не прымуць Вітаўта, ці прынамсі адмовяць яму ў вайсковай дапамозе. Памыляўся. Напачатку Ягайла рабіў усё, каб даказаць ордэнскаму кіраўніцтву сваю вернасць заключаным дамовам і падпісваў новыя яшчэ больш выгадныя для крыжакоў. Марна, ордэнскае кіраўніцтва мела іншыя планы.