Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.by пра гісторыю прымянення санкцыяў да былой СФРЮ ў пачатку 1990-х, калі там пачалася вайна паміж былымі саюзнымі рэспублікамі.
У другой палове дваццатага стагоддзя не было і дзесяці гадоў, каб у Еўропе не прымяняліся істотныя эканамічныя санкцыі ў дачыненні да якой-небудзь з краінаў.
Іспанія, Партугалія, Грэцыя, Польшча мелі такі досвед. Але найбольш маштабнымі і шкоднымі для эканомікі лічацца санкцыі супраць Югаславіі ў 1991–1996 гадах.
Праз тое, што меры прымаліся Радай Бяспекі ААН у некалькі этапаў і паслабляліся таксама не адразу, даты дзеяння санкцыяў у розных крыніцах адрозніваюцца. Але найбольш яскравай з’яўляецца лічба ў 1584 дні. Менавіта такі тэрмін прынята агучваць у Сербіі і Чарнагорыі, калі гаворка ідзе пра эканамічную блакаду ў 90-х.
Галоўнай прычынай санкцыяў міжнародныя структуры называюць неабходнасць спыніць развіццё ваеннага канфлікту ў былой сацыялістычнай Югаславіі. Саюз Сербіі і Чарнагорыі намагаліся паэтапна адрэзаць ад паставак зброі, выкарыстання сродкаў у замежных банках, магчымасці браць крэдыты на сусветных рынках.
Санкцыі ад зброі да паліва
Да канца 1991 года спачатку краінамі ЕС, а потым і ААН была ўведзеная забарона на гандаль з Югаславіяй зброяй. ЕС замарозіў банкаўскія рахункі краіны. А 30 траўня 1992 года Рада Бяспекі ААН абвясціла аб гандлёвым эмбарга, спыненні ўсіх фінансавых аперацый, авіяперавозак, спартыўнага, культурнага навуковага супрацоўніцтва з рэжымам Мілошавіча.
Краіны-сябры ААН заблакавалі любыя гандлёвыя аперацыі з СРЮ, выкарыстанне югаслаўскіх караблёў і самалётаў, дзелавыя кантакты, усе фінансавыя транзакцыі з юрыдычнымі і фізічнымі асобамі. Замарожваліся югаслаўскія валютныя фонды за мяжой.
Адзінае выключэнне было зробленае для імпарту ў СРЮ харчавання і медыкаментаў.
На працягу 1992 і 1993 гадоў быў цалкам спынены транзіт тавараў праз краіну, за марскім, рачным і іншым транспартам быў усталяваны асаблівы кантроль. Нават на пасылкі і лісты існаваў шэраг абмежаванняў.
Відавочна, што поўную блакаду ўсталяваць у сучасных умовах немагчыма. І камандна-адміністрацыйная сістэма Мілошавіча была вымушаная завозіць кантрабанднымі шляхамі нават паліва і вугаль.
У першую чаргу пацярпелі шараговыя грамадзяне
Вялікая колькасць прамысловых прадпрыемстваў імкліва страціла рынкі збыту прадукцыі. Таму амаль 1 млн працоўных былі занятыя толькі часткова. На пачатак 1994 года афіцыйная колькасць беспрацоўных складала амаль 800 000. І гэта пры насельніцтве каля 10 мільёнаў.
Асаблівай праблемай таксама былі ўцекачы ад баявых дзеянняў у Босніі і Харватыі. А гэта каля 1 млн чалавек, якія ў большасці атабарваліся ў буйных гарадах, не мелі працы, сродкаў для існавання і жытла.
Грошы тых, хто ўсё ж меў магчымасці іх зарабляць, страчвалі вартасць за некалькі дзён. Гіперінфляцыя да канца 1993 года склала 1 мільён працэнтаў. Такім чынам за 1 дзень цэны на тавары павялічваліся прыблізна ўдвая.
У такой сітуацыі адзіным метадам забеспячэння таварамі першай неабходнасці была картачная сістэма.
Нашмат горшай была сітуацыя з лекамі. Бо легальны імпарт быў немагчымы, а югаслаўская вытворчасць залежала ад замежных кампанентаў. Таму больш за 50% лекаў набыць у Югаславіі было немагчыма.
Бензін набыць было практычна немагчыма, таму кантрабандным палівам балгарскай ці румынскай вытворчасці гандлявалі каля заправак.
Кантрабанда і крымінал
Попыт на кантрабандныя тавары ў Югаславіі штурхаў крымінальнікаў з усяго рэгіёна на павелічэнне аб’ёмаў паставак. Але гэты занятак быў вельмі небяспечны, бо частка паліўнай і тытунёвай кантрабанды кантралявалася групоўкамі, звязанымі са спецслужбамі з Белграда.
За некалькі гадоў у большасці сваёй бяспечныя гарады Югаславіі ператварыліся ў арэны сталых узброеных разборак. За 1992–1994 гады ахвярамі крымінальных войнаў сталі некалькі дзясяткаў вядомых лідараў буйных групаў. Лік смерцяў менш вядомых і шараговых байцоў ішоў на некалькі тысяч.
Не толькі цяжкае матэрыяльнае становішча штурхала моладзь на крымінальны шлях. У крымінальныя групы ўліваліся дэзерціры, альбо дэмабілізаваныя вайскоўцы, якія не маглі знайсці сябе ў цывільным жыцці. Рэхам баявых дзеянняў таксама была вялікая колькасць няўлічанай зброі ў насельніцтва.
Найбольшую ж шкоду жыхарам Югаславіі нанеслі зусім не бандыты, а павязаныя з рэжымам Мілошавіча фінансавыя махляры.
Найбольш вядомыя фінансавыя піраміды часоў блакады — АТ «Югаскандыка» і «Дафімент-банк».
122 млн нямецкіх марак — такія страты панеслі «кліенты» «Югаскандыка», кіраўнік якой без перашкод з’ехаў з Югаславіі. А ўласніца «Дафімент-банка» пасля краху нават не пакінула краіну і ўдзельнічала ў палітычным жыцці Югаславіі.
Выбары і падтрымка
Грамадства Югаславіі ў палітычным сэнсе раскалолася адразу на некалькі няроўных лагераў. Частка падтрымлівала Мілошавіча і ягоны рэжым, амаль столькі ж грамадзянаў было супраць сацыялістаў. Але не ўсе праціўнікі рэжыму былі супраць вайны, як і не ўсе прыхільнікі жорсткіх мераў у дачыненні да баснякоў і харватаў цалкам падтрымлівалі рэжым Мілошавіча.
Нават сярод добраахвотнікаў на фронце было шмат незадаволеных фактычным захаваннем мінулага палітычнага ладу з некаторымі касметычнымі зменамі.
Большасць жа жыхароў Югаславіі банальна выжывала. Нават калі яны і выказвалі падтрымку нейкім палітычным сілам на выбарах, гэта не значыць, што яны былі б супраць іншай улады, якая б палепшыла эканамічнае становішча ў краіне.
Парламенцкія і прэзідэнцкія выбары ў краіне праходзілі з вялікімі парушэннямі. Таму і ў 1992-м, і ў 1993 годзе большасць атрымлівалі сацыялісты, а прэзідэнтам новага дзяржаўнага ўтварэння быў абвешчаны Мілошавіч.
Апазіцыйныя партыі траплялі ў парламент, але колькасць дэпутатаў не дазваляла ўплываць на працэсы. Таму праціўнікам рэжыму заставаліся толькі вулічныя акцыі. За час блакады было некалькі істотных пратэстаў з патрабаваннямі спынення вайны і сыходу сацыялістаў.
У 1991 годзе акцыі збіралі да 50 000 удзельнікаў, але падчас пагаршэння крызісу, у 1992 і 1993 гадах апазіцыйныя сілы не маглі мабілізаваць такую колькасць сваіх прыхільнікаў.
Ці дасягнулі санкцыі мэтаў?
Недастатковы супраціў грамадзянаў рэжыму не мог вымусіць Мілошавіча пачаць рэальную трансфармацыю краіны і ўладнай сістэмы. Але эканамічная блакада прымусіла сацыялістаў пайсці на перамовы ў міжнародным фармаце з баснякамі і харватамі.
З верасня 1994 года былі першыя паслабленні санкцый, а пасля падпісання пагаднення на ўмовах заходніх краінаў у лістападзе 1995 года санкцыі былі прыпыненыя на няпэўны час.
У кастрычніку 1996 года санкцыі былі адмененыя. Замарожанымі заставаліся толькі замежныя банкаўскія рахункі былой саюзнай Югаславіі.
Наступствамі санкцый, на думку эканамістаў, сталі страты эканомікі ў памеры 45 мільярдаў даляраў, а таксама адставанне гаспадаркі Югаславіі на дзясяткі гадоў праз разрыў знешніх сувязяў, недастатковыя інвестыцыі, адсутнасць абаротных сродкаў у валюце.
Але ў выніку санкцый адбылася не толькі фактычная ваенна-дыпламатычная параза рэжыму, якая адбілася на далейшых працэсах распаду краіны — грамадзянскай вайне ў Косава і адасабленне Чарнагорыі. У сербскім грамадстве адбыўся раскол, які не пераадолены дагэтуль.
Грамадства не толькі перажыло эканамічныя страты, але і атрымала істотны свядомасны уўар у выглядзе страты калыскі народа — Косава. У гэты ж час сфарміраваліся эліты з посткамуністычных босаў, выхаваных на карупцыі і супрацоўніцтве з крыміналам.
Паміж большасцю сербаў і элітамі паўстала непераадольная прорва, якая з часам толькі павялічваецца. У першую чаргу — свядомасная.
У гэтым сэнсе Сербія нечым падобная на Балгарыю, але відавочна з больш істотнымі праблемамі цяпер. І, здаецца, у будучыні.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by