Чым болей лютаўскі мароз убіраецца ў сілу і чым мацней спрабуе ўшчыкнуць нас за нос і вушы, тым болей усім нам хочацца вясны, і тым адчувальнейшым робіцца яе хуткае і непазьбежнае надыходжаньне!
То ж мы разам са Зьмітром Вайцюшкевічам надумалі яшчэ трошачкі “прысьпешыць вясну” – і абвесьціць адпаведную акцыю, зрабіўшы паралельна колькі падарункаў усім сваім кліентам. Уласна, галоўным прызам кампаніі “Прысьпешым Вясну!” стануцца два квіткі на вясновы канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча і WZ-orkiestra 8-га сакавіка ў Менску. Але й тым, хто жыве па-за Менскам або мае іншыя пляны на вечар 8-га сакавіка ўдзельнічаць будзе цікава: без прызоў і падарункаў не застанецца ніводзін удзельнік або ўдзельніца!
Кожны, хто возьме ўдзел у акцыі “Прысьпешым Вясну, атрымае ў падарунак эксклюзіўны дыск ад Prastora.by і Зьмітра Вайцюшкевіча. Дыск называецца “Уладзімір Караткевіч. Дзе мой край”, і яго пакуль няма ані ў продажы, ані дзесьці яшчэ – і ніхто гэтае выданьне, апроч самога Зьмітра Вайцюшкевіча, пакуль ня бачыў :) Гэта паэтычна-музычная складанка, дыск-прысьвячэньне, дзе, апроч Зьмітра Вайцюшкевіча і WZ-orkiestra (якія складаюць музычную частку на дыску), бяруць удзел таксама Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін і Ўладзімер Някляеў, якія чытаюць свае творы, прысьвечаныя генію беларускае літаратуры Ўладзімеру Караткевічу.