Як распавядаюць легенды, калі пашанцуе, у беларускіх замках і сядзібах можна сустрэць прывідаў. Сабралі некалькі містычных месцаў на Гродзеншчыне, куды можна з’ездзіць на выходных. І, хто ведае, магчыма, у вас атрымаецца дакрануцца да чагосьці не зусім звычайнага. Пра легенды і містычных несельнікаў беларускіх замкаў распавядае блог s13.ru.
Белая панна і Чорны манах у Гальшанах
Кіруемся ў Гальшаны. Тут, кажуць, ёсць два прывіды — Белая панна і Чорны манах.
Прывід дзяўчыны «жыве» каля манастыра францысканцаў у цэнтры мястэчка, манах — каля руін мясцовага замка.
Што да Белай панны, то легенда такая: калі ў Гальшанах будавалі касцёл, адна сцяна ўвесь час абвальвалася. Будаўнікі не ведалі, што рабіць. І тады адзін з іх успомніў, што даўней у сцены жыўцом умуроўвалі людзей. Вырашылі так: чыя першая жонка прынясе на будоўлю абед, тая і стане ахвярай жудаснага рытуалу. У брыгадзе быў малады муляр, які нядаўна ажаніўся. Маладая жонка спяшалася прынесці абед каханаму. Яе і ўмуравалі ў сцяну.
І было б гэта проста легендай, калі б у 1997 годзе падчас чысткі скляпоў пад сцяной кляштара двое працоўных не знайшлі жаночы шкілет. Ад граху падалей пахавалі на могілках, але не адпелі, як прасіў святар. Дзе пахаваныя астанкі — невядома: працоўныя раптоўна памерлі.
Месцічы прыгадвалі, як у 80-я гады ў дварах каля манастыра было нейкае свята. І маладыя хлопцы, якія выйшлі на вуліцу, убачылі на арэлях дзяўчыну. Вырашылі пазнаёміцца — але калі падышлі, яна ўзляцела ў паветра і ператварылася ў воблака. Часам, кажуць, панна з’яўляецца ў акне кляштара.
Чорны манах жа з’яўляецца на руінах замка. Калі верыць паданню, то жонка аднаго з уладальнікаў замка (каго дакладна — гісторыя замоўчвае) закахалася ў селяніна. Завязаўся раман. Мужчына, каб патрапіць у замак незаўважаным, апранаўся ў манаскае адзенне. Гаспадар Гальшан закаханых застукаў і загадаў па адной з версій замураваць іх абодвух ці аднаго тольки селяніна (версіі разыходзяцца) у сцяну, па другой — кінуў у вальер з ваўкамі. У любым выпадку ўсё скончылася трагічна. З тае пары час ад часу можна ўбачыць цёмны цень на руінах замка. Асабліва выразна ён бачны ў бясхмарныя месяцовыя ночы.
Што яшчэ паглядзець: руіны Гальшанскага замка, забудову мястэчка, стары драўляны млын і царкву Георгія-Перамаганосца.
Дзе знаходзіцца: Гродзенская вобласць, Ашмянскі раён, аграгарадок Гальшаны.
Каардынаты: 54.25838, 26.00988
Прывід маленькай Сонечкі ў Мірскім замку і легенды аб праклятым возеры
Мірскі замак таксама можа пахваліцца сваім прывідам.
У наваколлях, кажуць, можна ўбачыць прывід дачкі князя Святаполк-Мірскага. Шкоды прывід нікому не прычыняе, а проста з’яўляецца каля сцен замка ці ў адной з веж. Па легендзе, гэта душа 12-гадовай Сафіі, якая патанула ў 1913 годзе ў Балгарыі. Пахавалі дзяўчынку ў фамільным магільным склепе, непадалёк ад мясцовай сажалкі. Увесну вада залівае княжацкае пахаванне і вось у менавіта гэты час і можна ўбачыць дзяўчынку-здань.
А яшчэ ў Міры існуе легенда аб небяспечным і праклятым возеры каля замка. У канцы XIX стагоддзя Мікалай Святаполк-Мірскі загадаў высекчы яблыневы сад каля замка, а на яго месцы зрабіць возера. Было гэта ўвесну і яблыні стаялі ў квецені. Мясцовыя жыхары лічылі, што секчы квітнеючыя дрэвы вялікі грэх, але князь быў настойлівы і нават сам узяў сякеру. У выніку на месцы саду ўсё ж такі з’явіўся вадаём. З таго часу, кажуць, кожны год сажалка забірае адно чалавечае жыццё.
Самому ж князю быццам бы нават прысніўся сон, у якім незнаёмка сказала пра праклён, які быў накладзены на яго сям’ю.
Ёсць другі варыянт легенды: быццам бы пры высечцы саду загінуў малады працоўны. Яго маці прыйшла да князя і пракляла яго род, сказаўшы, што год за годам у возеры будуць тануць людзі. Пры гэтым колькасць тапельцаў будзе раўняцца колькасці спілаваных дрэў. А вось колькі тады знішчылі яблынь у садзе — невядома.
Што яшчэ паглядзець: капліцу-пахавальню Святаполк-Мірскіх, касцёл Святога Мікалая, царкву святой Тройцы, гарадскую забудову канца XIX — пачатку XX стагоддзяў, царкву Святога Георгія, прыватны музей яўрэйскай культуры, будынак былой мірскай ешывы.
Дзе знаходзіцца: Гродзенская вобласць, Карэліцкі раён, гарадскі пасёлак Мір.
Каардынаты: 53.452, 26.46984
Дзяўчына з сабакам і духі забойцаў Кейстута ў Крэве
Замак у Крэве быў адным з першых абарончых збудаванняў у Вялікім княстве Літоўскім. Яго пабудавалі ў XIV стагоддзі і за ўсю сваю гісторыю замак быў сведкам розных гістарычных падзей — часам драматычных і жудасных.
У 1377 годзе замак па спадчыне перайшоў да князя Ягайлы. У той час у ВКЛ ішла міжусобная вайна за пасад паміж ім і яго дзядзькам Кейстутам.
У 1382 годзе падчас чарговых перамоваў, Ягайла ўзяў у палон 80-гадовага князя Кейстута і яго сына Вітаўта.
Праз чатыры дні Кейстута забілі, як было напісана ў летапісах «каморнікі вялікага князя Ягайлы». Вітаўт змог уцячы, перапрануўшыся ў жаночае адзенне. Уцёкі, хутчэй за ўсё арганізавала яго жонка — Ганна.
Існуе легенда, што забойцы вялікага князя неўзабаве памерлі адзін за адным, а іх духі да гэтага часу ходзяць паміж руін старажытнага замка. Па легендзе яны павінны прыходзіць сюды кожную ноч (па іншай версіі — толькі ў поўню) і паўтараць здзейсненае імі забойства. Сваю ахвяру яны, вядома, не знаходзяць ужо ў замку, таму і ходзяць непрыкаяныя. У поўню, кажуць, тут можна пачуць гукі мячоў, лязгат ланцугоў, шэпт, а таксама іржанне і тупат коней.
З Ягайлам звязана і яшчэ адна мясцовая легенда пра прывід. Быццам бы ён заляцаўся да дачкі аднаго з мясцовых князёў, але атрымаў адмову. Больш за тое, падчас балю ў Крэўскім замку, куды была запрошана дзяўчына, яе сабака ўкусіў вялікага князя.
Ягайла ўскіпеў і загадаў замураваць і дзяўчыну, і сабаку ў падзямеллі замка.
Сваякі князёўны абурыліся, але Ягайла адкупіўся ад іх золатам. І ўсё б так і скончылася, але прывід дзяўчыны стаў з’яўляцца перад бацькам і братам і прасіў, каб крывавае золата было закапана ў лесе, тады душа дзяўчыны здабудзе спакой. Аднак родныя нічога не зрабілі і з таго часу на сценах замка, гавораць, можна ўбачыць дзве фігуры. Такая сустрэча, упэўнены месцічы, не нясе нічога добрага і лепш трымацца ад фантомаў далей.
Што яшчэ паглядзець: царква Святога Аляксандра Неўскага, касцёл Праабражэння Гасподняга, будынак плябаніі, руіны сінагогі, узабрацца на Юр’еву гару (былое паганскае капішча).
Дзе знаходзіцца: Гродзенская вобласць, Смаргонскі раён, аграгарадок Крэва
Каардынаты: 54.31134, 26.28256