Прывітанне з Чэбаксараў для «Будзьмы!»: запрашаюць вучыць рускую... Што?

На емэйл грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!» нядаўна прыйшоў дзіўны ліст з прапановай вывучэння... рускай мовы. Для беларусаў. Прычым з Чэбаксараў. Аўтары ліста пішуць пра нібыта бум на вывучэнне рускай мовы ў Беларусі ды прапануюць дапамагчы сваімі анлайн-курсамі.


movaki-1.jpg

«У Рэспубліцы Беларусь за апошнія гады назіраецца рэкордны попыт на вывучэнне рускай мовы (па даных Інстытута Пушкіна), колькасць студэнтаў, якія навучаюцца на рускай мове ў беларускіх ВНУ, вырасла да 45 тысяч чалавек...» — чытаем у лісце.

Далей аўтары прапаноўваюць «серыю бясплатных анлайн-курсаў па рускай мове, літаратуры, гісторыі і культуры рускай народнасці» для ўсіх ахвочых. Хто прапануе? Школа № 48 у Чэбаксарах (на сайце школы прозвішча дырэктара супадае з пададзеным у лісце). А сам праект рэалізуецца пры падтрымцы Міністэрства асветы Расійскай Федэрацыі.

Толькі ўявіце: краіна вядзе вайну, мабілізацыя, па тэлебачанні — суцэльны ядзерны попел... а яны пішуць лісты ў замежжа з прапановамі вывучаць рускую мову. Прычым у Беларусь. Дзе ўсё і так спрэс па-руску: аўтары нават не падумалі пацікавіцца моўнымі рэаліямі ў краіне, спаслаўшыся на сухую статыстыку нейкага інстытута.

Гаворыш па-руску — чакай гасцей

Можна было б пасміхнуцца і прайсці міма. Можна было б агрызнуцца: мы ж бачым, як іхныя анлайн-курс рускай ва Украіне перайшоў у афлайн... Але не. Гэта не новы, але вельмі цікавы феномен. Давайце па парадку.

Няма нічога дзіўнага ў тым, каб краіна была донарам сваёй нацыянальнай мовы ў замежжы: так робяць палякі, немцы, французы. Чаму не? Іншая справа, што прасоўванне нямецкай ці польскай, прынамсі зараз, не ідзе паралельна тэрытарыяльным прэтэнзіям краінаў.

Палітык у Францыі, які б сёння заявіў «Дзе гавораць па-французску — там наша зямля» маментальна скончыў бы сваю кар’еру. Апошні раз так казалі ў 1950-х, у часы вайны ў Алжыры. Зараз мова — гэта пра камунікацыю і культуру. Кейс прэстыжу і ўплыву: цывілізаваны свет даўно вырашае ўсе пытанні праз фактар выгады. Не праз сілу. Чалавеку мае быць цікава ды выгадна размаўляць па-французску — тады ён яе і вучыць.

У Расіі піраміда перакуленая: калі ты гаворыш па-руску — чакай гасцей. Незалежна ад твайго жадання. Фактар мовы дагэтуль чытаецца як нагода да прыёму «ў дружную сям’ю». А тое, што ты жывеш у асобнай незалежнай дзяржаве — гэта, маўляў, гістарычнае непаразуменне, якое трэба выправіць. Гучыць дзіка і архаічна. Але акурат так яно і працуе: узгадайце мантры пра «рускамоўны ўсход, поўдзень і цэнтр Украіны» — гэты кантэкст у 2014-м стаў важным публічным фундаментам агрэсіі. І вось гэтае апошняе акурат замінае безэмацыйна ставіцца да мовы Пушкіна і Дастаеўскага...

Навошта манголам руская мова і кірыліца?

Вельмі падобна было з нямецкай мовай у вайну і адразу пасля. Памятаю, у мемуарах адной савецкай перакладчыцы была рэфлексія: мы, маўляў, праз сілу вучылі Гётэ, бо ведалі, што гэта мова ворага. Факусаваліся на прыгожым, літаратурным, каб нянавісць не залівала вочы. Наўрад ці тая перакладчыца задумвалася, што ўжо ў 1945-м і пасля абсалютна аналагічнае стаўленне да рускай мовы — «мовы ворага» — было на добрым кавалку Усходняй Еўропы: на Галіччыне, у Заходняй Беларусі, Польшчы, краінах Балтыі, Чэхіі і г. д.

І гэта мы не кажам пра Цэнтральную Азію, Каўказ і Закаўказзе, Татарстан, Карэлію... Паўсюдна руская мова была мовай каланізатара: з ружжом і ў пагонах. Пазней — мовай настаўніка. І толькі ў выніку — мовай масаў. Некалі мая рэпетытарка па рускай мове распавядала пра свой досвед выкладання ў Манголіі. Дзеці не разумелі па-руску нічога — ні-чо-га. І тым больш не разумелі, навошта ім тая мова.

Мангольская_манета_з_вертыкальным_пісьмом_да_1941_году.jpg
Мангольская манета з вертыкальным пісьмом да 1941 году

А іх бацькі і дзяды яшчэ памяталі, што адносна нядаўна тут была свая пісьменнасць: вертыкальны старамангольски шрыфт, заменены толькі ў 1941-м кірыліцай. На словах усё гэта падавалася як «вялікі дар» чарговаму «малодшаму брату», які, здаецца, ніколі аб гэтым і не прасіў. Па справе — тыповая палітыка каланізатараў, якія заўжды робяць так, як ІМ зручна: сілавы захоп — падмена культурнага коду — прывязка да сябе.

Варыянт-максімум: выгадаваць на месцы лаяльную генерацыю элітаў, якія будуць самааднаўляцца і трымаць тэрыторыю з мінімальнымі затратамі з боку цэнтру. Пажадана — навечна. І нават калі краіна-тэрыторыя-рэгіён адколецца ў выніку вайны ці якіх патрасенняў, сам факт існавання тут рускай школы, рускай мовы і помнікаў Пушкіну некалі дасць нагоду вярнуць усё назад — у імперыю.

Настаўнікі нямецкай у Пскове у 1942-м — «это другое»?

Нямецкая_школа_на_акупаванай_тэрыторыі_крыніца_mourningtheancient.jpg

  Нямецкая школа на акупаванай тэрыторыі. Крыніца: mourningtheancient

Цяжка сказаць, з якімі думкамі і якой матывацыяй школьная адміністрацыя з Чэбаксараў раптам заклапацілася наконт рускай мовы ў Беларусі. Па разнарадцы. За прэмію. Або — шчыра верачы ў місію распаўсюду «великого і могучего» па ўсім свеце. Гэта і не важна. Роўна як не маюць значэння матывацыі расійскіх настаўнікаў з акупаваных тэрыторыяў Украіны, якія зараз будуць адказваць за сваю працу паводле крымінальнага кодэксу перад украінскімі судамі.

«Судзіць настаўнікаў рускай мовы» — гучыць страшна, праўда? Фашызм нейкі... А давайце па-іншаму. Каб нават у Чэбаксарах зразумелі. Настаўнікі нямецкай у якім-небудзь Пскове ці Ноўгарадзе ў 1942 годзе — гэта хто? Культурная місія па пашырэнні нямецкай культуры ці... мова і культура як інструмент на службе экспансіі і агрэсіі? Ці «это другое»?..

Шмат той мовы, у якую шмат укладзена

Руская_мова_і_літаратура_заўсёды_ішлі_поруч_з_расійскай_палітыкай.jpg

Якая мараль можа быць у гэтай гісторыі?

Вельмі простая. Няма прыгожых і непрыгожых моваў. Жыццяздольных і нежыццяздольных. Сучасных і несучасных. Мова — гэта ідэалогія і фактар нацыянальнай бяспекі. Прынамсі, на нашым кавалку сушы, які дагэтуль жыве па лекалах ХІХ—ХХ стагоддзяў.

Рускай мовы шмат не таму, што яна самая прыгожая, мілагучная, спеўная, зручная у камунікацыі ці бізнесе. Не. Рускай мовы шмат, бо ў яе шмат укладзена. Бо яе пашырэнне заўжды ішло ў нагу з пашырэннем Расійскай імперыі, якая ў яе інвеставала па максімуме. Шмат не той мовы, якая прыгожая, а той, у якую шмат укладзена.

Урок_'патрыятызму'_у_расійскай_школе_фота_з_твітэра_Slava_Rabinovich.jpg
Урок патрыятызму ў расійскай школе. Фота з твітэра Slava Rabinovich

Гэта, дарэчы, адказ і на пытанне пра пашырэнне беларускай. Што зараз, што ва ўмоўнай «новай Беларусі».

Поспех мовы сувымерны інвестыцыям у яе. У адукацыю, кнігі, фільмы, музыку на мове. Беларускай не стане больш з-за сварак у фэйсбуку. Больш яе стане праз мэтавую палітыку падтрымкі з боку дзяржавы: ільготы за мову, прэстыжныя ВНУ на мове, урэшце, прэзідэнт, які размаўляе на мове.

І ніякіх вогненных стосаў з томікамі Дастаеўскага. Само згніе, калі паліцы зойме сваё — больш прывабнае і сучаснае — у нашым суб’ектыўным беларускім разуменні. А ў Чэбаксарах хай чытаюць, што хочуць. Зрэшты, не здзіўлюся, што праз год дзесяць, ужо не ў Чэбаксарах, а ў Шупашкары — так правільна па-чувашску.

budzma.org