Тое, што выконвае гурт “Кашлаты Вох” карціць назваць не калгасным — вясковым панкам. Музыкі даводзяць, што такім і павінен быць панк-рок з нацыянальным калярытам, які мусіў загучаць у Беларусі ну хоць бы ў 80-я, але заквітнеў толькі цяпер.
Падчас праслухоўваньня альбому “Пазаўчора” не адпускае адчуваньне, што ты ўзьняў архівы беларускага року, і табе трапіўся ня чуты раней рарытэтны альбом дзе-небудзь з 90-х. Папраўдзе, беларусы мусілі б зайграць такое яшчэ раней, але ў нашай музыцы свая лёгіка разьвіцьця, таму час прыйшоў якраз у 90-я, калі зьявіліся (і неўзабаве зьніклі) каманды, што ўзяліся граць панк-рок зь мясцовым калярытам. Кірунак гэты надзіва актуальны і ў наш час, дастаткова схадзіць на канцэрт гурта Dzecuiki, каб у гэтым пераканацца. “Кашлаты Вох” у нечым блізкі да таго, што робяць гарадзенцы, толькі што не стае напругі і вастрыні ў іхніх тэкстоўках. Затое яны граюць музыку, якую так карціць назваць не калгасным, але вясковым панкам. Такім, відаць, і мусіць быць беларускі панк-рок: каб з ухілам у міталёгію, каб абавязкова сярод брудных гітараў прабівалася дуда, каб гук быў абавязкова сыры і вязкі, а вакаліст — барадаты ды хрыпаты.
Аснову праграмы складаюць песьні зь містычным зьместам і нядобрым канцом. Музыкі імкнуцца зрабіць так, каб слухача вусьціш узяла, таму нетаропкі інструмэнтальны трэк у іх завецца “Крывавы сок”, а далей пяецца пра 13 духаў, танцы зь мерцьвякамі і пра тое, як “брат сястру хоча забіці”. Асабліва драматычная гісторыя апавядаецца ў трэку “Удавец”. Але жудзікаў на ўвесь альбом не набралася, таму праграму дабілі яшчэ гераічна-патрыятычным “Дунаем” і раптоўным кавэрам на Neuro Dubel. Даўні гіт Кульлінковіча “Машыны” не найлепшым чынам пераклалі на беларускую і цалкам пазбавілі яе нэрву. На альбоме гэта самае слабае месца. А вось трэк са словамі “Прыпыніцца на рэкляму – мае жыцьцёвыя пляны” — бадай, галоўны посьпех праграмы. Прыблізна так мог гучаць той жа Neuro Dubel на сваіх першых альбомах, каб меў дуду і пяяў па-беларуску. Тады — “пазаўчора” — гэтая праца магла б стаць заўважнай.
Кашлаты Вох – Пазаўчора, інтэрнэт-рэліз, 2013
Ідэя: 7
Выкананьне: 5
Тэксты: 6
Запіс: 5
Аздабленьне: 8
Сяргей Будкін