У кнізе прадстаўлены вершы перакладзеныя на рускую Генадзем Канеўскім і Уладзімірам Каркуновым. Цікава, што некаторыя з перакладаў апублікаваны раней за арыгіналы.
Крысціна адмыслова для Budzma.by пракаментавала выданне перакладаў:
«Пра зборнік перакладаў я не марыла. Неяк пра такое нават не думаецца, калі ты яшчэ не выйшла з пакалення "маладой беларускай паэзіі".
Але ён здарыўся. Як і ўсё самае нечаканае ў жыцці — дзякуючы іншым людзям: перакладчыкам Уладзіміру Каркунову і Генадзю Канеўскаму, чые работы, уласна, і сабраныя пад адной вокладкай. Вова проста сказаў: "Давай зробім". І мы зрабілі.
Як і ў выпадку з маёй першай кнігай (зборнікам вершаў "Homo"), я адчуваю, што раблю нешта важнае, тое, што я і павінна рабіць, калі мне дадзена гаварыць. Можна колькі заўгодна гуляць у мастацтва і казаць, што яно — рэч у сабе, але для мяне сапраўднае мастацтва — гэта выказванне: такое, у якім слова сапраўды нешта змяняе. І я нясціпла спадзяюся, што "Псалмы і соннікі" — якраз з разраду такіх рэчаў.
У кнізе сабраныя пераклады як старых маіх тэкстаў, так і новых, якія яшчэ ў Беларусі нідзе не друкаваліся. Там ёсць усё: каханне, боль, гвалт, размовы з сабой і спробы гаварыць з іншымі. Адмыслова для замежнага чытача ў некаторых выпадках я даю тлумачэнні тым ці іншым падзеям, якія паслужылі прычынай для напісання паэтычных тэкстаў, і я лічу гэта не менш важнай часткай, чым самі вершы, — таму што яна таксама пра мяне, пра нас.
Кніга вось-вось мусіць з’явіцца ў расійскіх крамах. Яна ўжо даступная для продажу ў "Фаланстэры", але яшчэ будзе ў "Парадку слоў". А беларускі чытач для таго, каб набыць "Псалмы і соннікі", можа напісаць на гэты адрас: k.banduryna@gmail.com, — і мы знойдзем спосаб даставіць яму кнігу».
Крысціна Бандурына — паэтка і рэдактарка. Нарадзілася ў 1992 годзе ў Мазыры. Філолаг, вывучае беларускую і амерыканскую літаратуру. Фіналістка конкурсу «Экслібрыс» імя Аляксандра Ўласава, выпускніца Школы маладога пісьменніка. Яе вершы перакладаліся на рускую, украінскую, ангельскую, нямецкую, літоўскую, чэшскую, польскую, шведскую і дацкую мову. Лаўрэатка прэміі «Залаты апостраф» часопісу «Дзеяслоў» у намінацыі «Дэбют».