Дзесяць гадоў паэт і даследчык беларускай літаратуры Міхась Скобла не меў магчымасці выступіць на роднай Зэльвеншчыне – усё нешта перашкаджала: то дазволу раённых уладаў не было, то адпаведнае памяшканне не знаходзілася… І вось нарэшце такая доўгачаканая сустрэча адбылася ў Зэльвенскай раённай бібліятэцы 11 снежня. Вечарыну арганізавала прыхільніца творчасці свайго земляка жыхарка Зэльвы Яніна Шматко. Адмыслова да вечарыны зэльвенскія бібліятэкары зладзілі выставу твораў пісьменніка, фотапрэзентацыю, а таксама арыгінальны вусны часопіс, прысвечаны 50-годдзю М. Скоблы. Разам з ім з Мінска на сустрэчу прыехала спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава, якая заваражыла ўсіх прысутных сваімі песнямі. Гарадзенскае аддзяленне СБП прадстаўляў ягоны старшыня Валянцін Дубатоўка, а са Слоніма прыехаў краязнавец Сяргей Чыгрын, які правёў бліц-віктарыну на лепшае веданне творчасці М. Скоблы. Яе пераможцы атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” – кнігі і музычныя дыскі. На вечарыне гучалі песні на вершы зэльвенскага паэта, шчырыя словы ў ягоны адрас ад землякоў. Як зазначыла Я. Шматко, “прыступкай да Скарынавай “Пяцісотгоднасці”, што будзе адзначацца ў 2017 годзе, для Зэльвеншчыны стала “пяцьдзясятгоднасць” нашага земляка М. Скоблы, нястомнага прапагандыста беларускай кнігі”.
Наступная сустрэча адбылася ў Гродне, у Клубе праваслаўнай размовы пры Свята-Пакроўскім саборы. Яна была прысвечана 125-м угодкам з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Адметнасці сустрэчы надаў удзел гарадзенскіх святароў – іерэя Паўла Каспяровіча, протаіерэя Уладзіміра Пятручыка і протаіерэя Георгія Роя. Падчас сустрэчы была прэзентавана кніга Зоські Верас “Пакуль рука пяро трымае”, якую яе ўкладальнік Міхась Скобла назваў “Багдановічаўскай энцыклапедыяй”: “Менавіта дзякуючы З. Верас, мы сёння ведаем безліч фактаў з жыцця Багдановіча, напрыклад, якія беларускія песні ён спяваў, як апранаўся, якога быў росту, якога колеру меў вочы і г.д.”. Цёпла ўспрынялі слухачы чатыры песні на вершы М. Багдановіча, праспяваныя Т. Грыневіч-Матафонавай. Імпрэза прайшла па ініцыятыве настаяцеля Свята-Пакроўскага праваслаўнага сабора Георгія Роя, які атрымаў для папаўнення прыходскай бібліятэкі новыя кнігі і аўдыё-дыскі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і акцыі “Пяцісотгоднасць”.