19 cтудзеня ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” ў Брэсцкім абласным ліцэі і ў школе №18 г. Брэста адбыліся творчыя сустрэчы з паэткай Валянцінай Осіпавай і паэтам і перакладчыкам Яўгенам Балясіным. Літаратурныя імпрэзы былі прысвечаны пятісотгоддзю беларускага кнігадруку. Берасцейскія паэты таксама пазнаёмілі слухачоў з уласнай творчасцю, правялі літаратурную віктарыну. Школьнікі і ліцэісты з цікавасцю слухалі аб літаратурным працэсе ў Беларусі, аб дзейнасці грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і акцыі “Пяцісотгоднаць”, якая зараз праходзіць у краіне. Як паказаў жывы дыялог з аўдыторыяй, слухачоў вельмі зацікавілі тэмы, узнятыя падчас творчай сустрэчы. Паэтам задавалі шмат цікавых пытанняў на разнастайныя тэмы, што сведчыла аб высокім інтэлектуальным узроўні навучэнцаў. Ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” Валянціна Осіпава ўручыла традыцыйныя падарункі школьнай бібліятэцы і бібліятэцы ліцэя: кнігі беларускіх пісьменнікаў і часопісы “Дзеяслоў”. Найбольш актыўныя ўдзельнікі атрымалі на памяць аб паэтычнай імпрэзе закладкі і прыгожыя паштоўкі на роднай мове.