24 кастрычніка паэт Міхась Скобла і спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава выступілі ў Лагойску. Першая сустрэчы адбылася ў СШ 1, другая – у Лагойскім краязнаўчым музеі, куды прыйшлі вучні-пачаткоўцы з розных школ. Абедзве былі прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Выступаючы перад вучнямі, М. Скобла адразу ж зрыфмаваў: “Ляціць па свеце пагалоска: не вяне прыгажосць Лагойска!”. Паэт таксама прыгадаў некаторыя малавядомыя біяграфічныя звесткі з жыцця Янкі Купалы, які жыў у нашым раёне і таксама натхняўся яго краявідамі. Удала ўпісалася ў праграму выступленне Таццяны Грыневіч, якая цудоўна выводзіла пад уласны акампанемент патрыятычная радкі паэтаў-класікаў: “О, Беларусь, мая шыпшына” Уладзіміра Дубоўкі, “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына” Янкі Купалы, “Па-над белым пухам вішні ўецца лёгкі матылёк” Максіма Багдановіча і інш. Не абышлося і без любімых дзецьмі гульняў: спачатку хлопчыкі і дзяўчынкі запаміналі назвы грыбоў з вершаванай казкі М. Скоблы, затым прайшлі праверку на веданне беларускіх рэк, а пасля адгадвалі загадкі, успамінаючы беларускія словы. А як жа без падарункаў? Імі сталі сумкі з лагатыпам кампаніі “Будзьма беларусамі!”, паштоўкі з адметнымі беларускімі словамі, значкі “Пяцісотгоднасць”, а таксама плакаты да 500-годдзя кнігадрукавання.
Алена Харэвіч, logoysk.by