Музычны журналіст Аляксандр Чарнуха ў сваім тэлеграм-канале «Беларуская музыка» падзяліўся падборкай музычных альбомаў гэтага тыдня, якія вартыя вашай ўвагі.
Billie Eilish Hit Me Hard And Soft
Білі Айліш за некалькі год вырасла з падлеткавага феномену ў маштабную поп-зорку. Новы альбом дзяўчыны — гэта фантастычнага ўзроўню складанка з далікатных, густоўных поп-песень, вельмі розных па настроі, але аб’яднаных вельмі якаснай працай Фінэаса О’Конэла: ён дакладна ведае, як падкрэсліць усе моцныя бакі сваёй сястры. Hit Me Hard And Soft — шыкоўны альбом, на якім няма слабых нумароў.
Beth Gibbons Lives Outgrown
Сольны альбом брытанская спявачкі Бэт Гібанс увогуле не нагадвае працы яе галоўнага гурта Portishead. Ну хіба толькі пазнавальным вакалам самой Гібанс. Гэта ціхі акустычны і вельмі сумны запіс даволі складаных песень, большасць з якіх спявачка запісала самастойна. Тэматычна ўсе яны аб’яднаныя няпростымі тэмамі мацярынства, трывогі, менапаўзы і смяротнасці. Грунтоўны, дасканалы запіс, але простым яго не назавеш.
The Lovely Eggs Eggistentialism
Брытанская сямейная пара Холі Рос і Дэвід Блэкуэл стварылі ў Ню-Ёрку (потым вярнуліся ў родныя мясціны) дзіўны гурт пад назвай The Lovely Eggs. Як вы ўжо зразумелі, складнік у «Чароўных яек» даволі просты: гітара і бубны. Але атрымліваецца вельмі бадзёры псіхадэлічны мікс з запамінальнымі лёгкімі мелодыямі. Калі хочацца нечага летуценнага, простага і абаяльнага — то паслухайце «Eggistentialism», які нагадае лепшыя запісы MGMT.
Crumb AMAMA
Яшчэ адзін псіхадэлічны падарунак у гэтую пятніцу, але куды больш грунтоўны. Амерыканскі гурт Crumb міксуе шмат стыляў — ад джазу да трып-хопу і дрым-попу. Атрымліваецца цудоўна! AMAMA — вельмі далікатны запіс, у якім кожная кампазіцыя з’яўляецца асобным шэдэўрам. Вельмі раю занурыцца ў гэты матэрыял і добра яго рассмакаваць.
Pallbearer Mind Burns Alive
Дум-метал гурт Pallbearer запісаў пяты студыйны альбом, які выйшаў на мэйджары Nuclear Blast. Ён вельмі лайтовы па гучанні, але пры гэтым нагадвае познія запісы Anathema ці Katatonia. Прыгожыя сумныя мелодыі, цікавыя аранжыроўкі — матэрыял балансуе паміж дум-каранямі і больш складанымі формамі. Самы цікавы метал-рэліз гэтай пятніцы. Быў яшчэ сольнік Кэры Кінга, але лепш не псаваць сабе настрой бязлітаснай кампрэсіяй.