У Гродне археолагі знайшлі фрагменты касцёла канца XVI — сярэдзіны XVII стагоддзя

Пра новыя археалагічныя знаходкі на Гродзеншчыне на адмысловай прэс-канферэнцыі расказалі спецыялісты Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, піша БелТА.

Archiealahičnyja raskopki

Як адзначылі навукоўцы, у гэтым археалагічным сезоне праводзіліся раскопкі ў Гродне і Лідзе. Гэтыя работы звязаныя з вывучэннем пахавальных комплексаў XVI–XIX стагоддзяў.

У Гродне даследаванні праводзіліся на вуліцы Малой Траецкай. Падчас будаўнічых работ там знайшлі пахаванні, якія датуюцца пачаткам — сярэдзінай XVI стагоддзя. Акрамя таго, знайшлі фрагменты культавага збудавання, якое звязваюць з касцёлам Святой Тройцы, што існаваў у Гродне з канца XVI да сярэдзіны XVII стагоддзя.

Побач з гэтым аб’ектам выяўленыя пахаванні.

«Яны маюць незвычайную планіроўку і адрозніваюцца ад магільнікаў таго перыяду: пахаваныя былі размешчаны ў пэўнай структуры. Вывучэнне знаходак працягваецца ў камеральных умовах. На гэтым аб’екце зафіксаваны даволі рэдкі для беларускіх тэрыторый факт — загоеная трэпанацыя», — расказалі ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.

Акрамя таго, знайшлі матэрыялы, звязаныя з індывідуальнымі культамі. У прыватнасці, гаворка ідзе пра медальёны. Там жа знойдзеныя артэфакты XVII–XIX стагоддзяў. Мяркуецца, што гэтыя могілкі функцыянавалі кароткі прамежак часу і былі звязаныя з дзейнасцю касцёла. Верагодна, магільнік закінулі пасля таго, як касцёл спыніў сваё існаванне.

У Лідзе археолагі даследавалі крыпты са свінцовымі саркафагамі, якія датуюцца канцом XIX стагоддзя. Былі знойдзеныя тры пахаванні. Характэрна, што навукоўцам удалося аднавіць імёны некаторых пахаваных. Адзін з іх — Юльян Здановіч, падпалкоўнік Лідскага палка. Ён удзельнічаў у руска-турэцкай вайне, быў узнагароджаны і апошнія гады жыцця правёў у Лідзе, дзе пасля і быў пахаваны. На іншым саркафагу захавалася таблічка з іменем пахаванага, а таксама асобныя літары яго прозвішча. У выніку даследавання было выяўлена, што ён на працягу 14 гадоў узначальваў Лідскі турэмны замак. Прынята рашэнне перапахаваць парэшткі гэтых людзей на тэрыторыі Ліды.

Таксама ў гэтым годзе працягнецца даследаванне найстаражытнейшага помніка археалогіі на тэрыторыі Беларусі — стаянкі Агова, размешчанай у Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Паводле апошніх даных, яе ўзрост перавышае 400 тысяч гадоў, што пацвярджаецца вынікамі аналітычных даследаванняў. Даследаванні спыніліся на глыбіні 7,5 метраў.