Няма згоды ў беларусаў, як у прафесійных гісторыкаў, так і ў аматараў па пытанні, колькі сталіц мела Беларусь у сваёй гісторыі. Ёсць такія аўтары, што нават Полацак не лічаць, бо, маўляў, Полацкая дзяржава не ахоплівала ўсю тэрыторыю сучаснай краіны. Іншыя залічваюць да сталіц нацыянальнага маштабу амаль усе цэнтры ўдзельных княстваў ХІІ—ХІІІ ст.: акрамя Полацка яшчэ Тураў, Менск, Гародню, Берасце і г. д.
Гарадская ратуша на Высокім Рынку ў сённяшняй сталіцы Беларусі. Фота з Вікіпедыі
Крытэрыі сталічнасці і вопыт суседзяў
Насамрэч пытанне не такое складанае, калі адпачатку вызначыць крытэрыі сталічнасці і прыняць да ведама, што яны розныя для кожнай эпохі. Напрыклад, у Сярэднявеччы сталіцай была галоўная рэзідэнцыя манарха, або ўвогуле месца, дзе манарх на дадзены момант знаходзіўся. У найноўшы час афіцыйная сталіца — горад, дзе сабраныя найважнейшыя дзяржаўныя інстытуцыі.
Акрамя таго, дапамагае вопыт суседзяў, якія лічаць сваёй старажытнай сталіцай галоўны горад самай старажытнай дзяржавы на сваёй тэрыторыі, хай сабе яна займала толькі частку сённяшняй краіны, ці ўвогуле выходзіла за яе сучасныя межы. Вось як у Польшчы Гнезна (прынамсі да нядаўніх археалагічных адкрыццяў) ці ва Украіне Кіеў (з ім увогуле парадокс, бо Кіеў лічыць сваёй першай сталіцай Расея, якая насамрэч захапіла гэты горад толькі ў XVII ст.).
Полацак і Тураў
Усім крытэрыям першай сталіцы Беларусі адпавядае Полацак.
Полацак XII-XIII ст. Малюнак Паўла Татарнікава
З ім не можа канкураваць другі старажытны горад — Тураў па некалькіх прычынах. Па-першае, Тураўскае княства займала менш тэрыторыі сучаснай Беларусі, чым Полацкае, якое ў найлепшыя часы кантралявала добрую палову сённяшняй краіны. Па-другое, і галоўнае, Тураўскае княства доўгі час было пад уладай Кіева, незалежным стала толькі ў 1157 г. Полацкае трапіла пад апеку кіеўскіх князёў адно на пару дзесяцігоддзяў у Х ст., а потым актыўна з імі змагалася, пашырала свае ўплывы і тэрыторыю, нават выйшла да ўзбярэжжа Балтыкі.
Наваградак
Другая беларуская сталіца, несумненна, Наваградак. Адкрыцці археолагаў у другой палове ХХ ст. давялі ягоны статус буйнога эканамічнага цэнтра ў Сярэднявеччы, а ўвесь комплекс пісьмовых крыніц паказвае на гэты горад як арганізатара і першую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага.
Наваградак XIII-XIV ст. Малюнак Паўла Татарнікава
Вільня
Трэцяя сталіца — Вільня. Вялікі Гедымін перанёс сваю галоўную рэзідэнцыю ў даўні крывіцкі горад са зручным для абароны рэльефам. Адсюль было лацвей пільнаваць галоўныя на той час кірункі знешняй палітыкі — прускі і інфлянцкі. Сталічнасць Вільні перарвалася ў канцы XVIIІ ст. з падзеннем Рэчы Паспалітай.
Хоць Вільня стала цэнтрам расейскага генерал-губернатарства, гэта была акупацыйная адміністрацыйная адзінка без ніякага намёку на беларускую дзяржаўнасць. Можна толькі пасцябацца з аўтараў сённяшняй сервільнай гістарыяграфіі, якія выдалі цэлы том пад назвай-аксюмаронам «Белорусская государственность в период Российской империи (конец ХVІІІ — начало ХХ в.)».
Гародня
Чацвёртая сталіца — Гародня, горад, які прынамсі два разы меў сталічны статус. У 1673 г. Сейм Рэчы Паспалітай прыняў рашэнне праводзіць тут кожную трэцюю сесію. Некаторыя каронныя дэпутаты былі незадаволеныя, нават пусцілі ва ўжытак зласлівы вершык (цытата ў вольным перакладзе з польскай): «Там, дзе воўкі сеймавалі і дзікія свінні, цяпер мы весці нарады павінны».
Гродна на нямецкай гравюры канца XVI стагоддзя
У Гародні ў ХVІІІ ст. размяшчалася частка галоўных інстытуцый Вялікага Княства Літоўскага (рэшта заставалася ў Вільні). Другі раз ужо ў ХХ ст. гэты горад на кароткі час стаў рэзідэнцыяй Беларускай Народнай Рэспублікі (ад снежня 1918-га да верасня 1919 г.).
Менск
Нарэшце, Менск пачаў хутка набываць статус цэнтра нацыянальнага руху ад восені 1915 г. (калі немцы занялі Вільню). А ў 1918 г. тут была дэклараваная Беларуская Народная Рэспубліка. Бальшавікі зрабілі Менск сталіцай БССР, і хоць гэта была эрзац-дзяржава, пасля распаду бальшавіцкай імперыі яна пераўтварылася ў Рэспубліку Беларусь.
Будынак Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў Менску (19-22 лютага 1918), здымак з беларускага штомесячнага часопіса «Варта» № 1 за кастрычнік 1918 года. Фота з Вікіпедыі
Што атрымліваецца па храналогіі?
Полацак ІХ — сярэдзіна ХІІІ ст.; Наваградак: сярэдзіна ХІІІ — першыя дзесяцігоддзі ХІV ст.; Вільня — ХІV — ХVІІІ ст.; Гародня — апошнія дзесяцігоддзі ХVІІ — канец ХVІІІ ст.; адсутнасць сталіцы, паўза акупацыі — ХІХ — пачатак ХХ ст.; Менск — ад 1918-га да сённяшняга дня.
Варта прызнаць, геаграфічна і камунікацыйна Менск — найбольш зручная сталіца для сучаснай краіны, размешчаная акурат у яе цэнтры. З кожнага абласнога горада да Менска можна дамчаць літаральна за дзве-тры гадзіны, што даволі хутка як для немалой дзяржавы (13-е месца ў Еўропе па тэрыторыі).
Канстанцін Семяновіч, Budzma.org
Чытайце яшчэ: Вяртанне з нябыту. Сярэднявечныя гарады Панямоння