Вяртанне з нябыту. Сярэднявечныя гарады Панямоння

23.08.2023 Гісторыя

Ранняя гісторыя старажытных гарадоў Панямоння пачала праясняцца толькі ў сярэдзіне ХХ ст. Нават на фоне агульнай беднасці пісьмовай гісторыі ўсходніх славян ІХ — ХІІІ ст. белая пляма ў некалькі стагоддзяў на Панямонні ўражвае сваёй працягласцю. Пра гэты найцікавейшы рэгіён Беларусі амаль нічога не вядома з пісьмовых крыніц да сярэдзіны ХІІІ ст., пакуль галіцка-валынскі летапісец не пачаў апісваць перыпетыі змагання сваіх князёў з новаўзніклай панямонскай дзяржавай — Вялікім Княствам Літоўскім.


 Галіцка-Валынскае княства
Галіцка-Валынскае княства

Таямнічы летапісны Горадзен

Толькі Гародня — Горадзен неаднаразова фігуравала на старонках кіеўскага летапісу яшчэ ў запісах пра ХІІ ст. Потым і яна прапала. Гісторыкі ў ХІХ — першай палове ХХ ст. не маглі дамовіцца пра дакладную лакалізацыю таго таямнічага летапіснага Горадзена з некалькімі мураванымі храмамі (прыкмета вялікага горада), якія ў 1183 г. пацярпелі ад пажару. «Таго ж лета Горадзен пагарэў увесь і цэрквы каменныя ад бліскання маланак і шыбення грома», запісаў летапісец.

Шукалі бліжэй да Кіева, бо гарадзенскія князі па летапісе былі васаламі кіеўскіх — па выкліку з Кіева хадзілі ў ваенныя паходы, прычым нават у далёкі стэп супраць полаўцаў.

Першыя пісьмовыя згадкі пра панямонскія гарады

З нешматлікіх адрыўкавых звестак пісьмовых крыніц ХІІ — ХІІІ ст. можна выцягнуць інфармацыю пра пяць тагачасных панямонскіх (літоўскіх) гарадоў: Гародню, Наваградак, Ваўкавыск, Слонім, Турыйск, Здзітаў (апошнія два сёння вёскі). Некаторыя даследчыкі залічваюць да іх яшчэ Нясвіж, Свіслач, Вевярэск, Астрэю, толькі не могуць выявіць, дзе яны знаходзіліся і ці ўвогуле на Панямонні.

Ваўкавыск пач. 14 ст. Мастак Павал ТатарнікаўВаўкавыск пач. 14 ст. Мастак Павел Татарнікаў

Першая пісьмовая звестка пра існаванне Наваградка, Слоніма, Ваўкавыска адносіцца толькі да зімы 1249/50 г. у апісанні летапісцам паходу галіцка-валынскіх князёў на Панямонне з мэтай вярнуць пад сваю ўладу тамтэйшыя гарады, якія падтрымалі Міндоўга.

Нечаканыя археалагічныя адкрыцці

Насамрэч сярэднявечныя гарады Панямоння былі адкрытыя археолагамі пасля Другой сусветнай вайны.

Дзясяткі гадоў раскопак у Наваградку, Гародні, Ваўкавыску, Слоніме і інш. вымалявалі дакладны і нечаканы вобраз, які здзівіў нават спецыялістаў. Ніхто не чакаў такога багацця ды ўзроўню эканомікі і культуры ў лясістай, далёкай ад Кіева, за палескімі балотамі, мясцовасці на мяжы славянскага і балцкага свету.

Выявілася, што іх насельнікамі былі ўсходнія славяне, якія гэтыя гарады і заснавалі ў канцы Х ст., прычым практычна ўсе адначасова. Першыя жыхары належалі да саюзаў плямёнаў дрыгавічоў, крывічоў, валынянаў, у Гародні знойдзены сляды і мазавецкіх каланістаў.

Славянізацыя Беларусі Славянізацыя Беларусі

Простае супастаўленне датаў дае тлумачэнне прычыны такой хвалі славянскай каланізацыі Панямоння менавіта ў канцы Х ст. — 988 г. хрышчэнне, часта гвалтоўнае, усходніх славян іх князямі. Відаць, частка насельніцтва, каб захаваць веру продкаў, адышла ў аддаленую лясістую вобласць, дзе князям было няпроста іх дастаць.

А вось і доказ, чыста археалагічны — прадметы хрысціянскага культу (найперш каменныя, касцяныя, металёвыя крыжыкі) трапляюцца ў раскопах, пачынаючы ад пластоў культурнага слою другой паловы — канца ХІ ст. Гэта значыць, першымі насельнікамі панямонскіх гарадоў былі славяне-язычнікі, але хрысціянства іх «дагнала» менш чым праз сто гадоў.

Адкрыццяў было шмат: гандлёвыя сувязі ад Скандынавіі да Месапатаміі, раскошныя дамы багацеяў з наваградскага вакольнага горада — двухпавярховыя з фрэскамі на сценах і нават... шклянымі вокнамі!

У Гародні адкапалі падмуркі некалькіх мураваных цэркваў ХІІ ст. — вось яно спраўджэнне летапіснага запісу пра «цэрквы пагарэлі»!

Раскопкі І.Чарняўскага Прачысценскай царквы ў Гародні. 1980 г.
Раскопкі І.Чарняўскага Прачысценскай царквы ў Гародні. 1980 г.

Яшчэ адна недабудаваная царква з назапашанай для будоўлі цэглай і камянямі выяўлена на ваўкавыскім Замчышчы. Па будаўнічай тэхніцы, кампазіцыі ўнутранай прасторы, багацці дэкору гэтыя цэрквы, па-першае, былі сёстрамі знакамітай Каложы; па-другое, аказаліся ўнікальнымі, не падобнымі ні на якія іншыя.

Спецыялістам давялося-такі прызнаць асобную, самастойную гарадзенскую школу мураванай архітэктуры, нароўні з кіеўскай, полацкай, чарнігаўскай, смаленскай і інш. — найменшую па колькасці адкрытых помнікаў, але самую арыгінальную ва ўсім усходнеславянскім свеце.

5_rekansruktsyia-kalozhy.jpg
Барысаглебская царква 12 ст. у Гародні. Рэканструкцыя

Значэнне зробленых археалагічных адкрыццяў

Археалагічныя адкрыцці ў гарадах Панямоння набылі не толькі навуковае, але і немалое палітычнае значэнне.

Археолагі даказалі:

  1. Па-першае, што заснавальнікамі і асноўнымі насельнікамі панямонскіх гарадоў з’яўляліся ўсходнія славяне (а акрамя беларусаў іншых такіх тут не было).
  2. Па-другое, гэтыя гарады — цэнтры княстваў, выявіліся найбольш значнай эканамічнай і палітычнай сілай Панямоння.

Беларускія гісторыкі такім чынам атрымалі дадатковую моцную аргументацыю ў дыскусіі з летувіскімі калегамі пра пачаткі Вялікага Княства Літоўскага, менавіта ў спрэчцы, хто гэтую дзяржаву ствараў (летувісы ў ХІІІ ст. сваіх гарадоў не мелі).

Канстанцін Семяновіч, budzma.org

Глядзіце па тэме:

Хто і як стварыў ВКЛ? Распавядаем у новым выпуску «Гісторыі за 5 хвілін»