Пеніс Тутанхамона, невядомая карціна да Вінчы і іншыя дзіўныя знаходкі

21.02.2014 Мастацтва

Тыдзень таму стала вядома, што рыбак з сектара Газа вылавіў у моры неацэнную бронзавую статую Апалона. Што яшчэ знайшлі археолагі і мастацтвазнаўцы за апошнія пару гадоў?

 

Апалон з Газа

Апалон

Фота: : East News / AFP / ImageForum

Рыбак па імені Джуда Граб, які жыве ў сектары Газа, вылавіў у моры старажытную статую яшчэ ў мінулым жніўні, але вядома пра знаходку стала толькі ў лютым гэтага года. Паводле версіі рыбака, ён убачыў недалёка ад берага абрысы чалавечага цела і пры дапамозе сваякоў выцягнуў 500-кілаграмовую статую на бераг. Праўда, спачатку Граб вырашыў, што статуя з золата, і адрэзаў ёй адзін палец, каб аднесці на экспертызу знаёмаму ювеліру (іншы палец употай ад яго адрэзаў яго брат). Статуя аказалася з бронзы, і тады рыбак выставіў яе на eBay за 500 тысяч даляраў (умова — самавываз з Газы), пасля чаго яго неадкладна накрылі людзі з ХАМАС і канфіскавалі знаходку. Публічна яе з тых часоў не выстаўлялі, статую вывучаюць эксперты, а свету засталася толькі фатаграфія на фоне легкадумнага ручніка са смурфікамі. Але спецыялісты ў страшным хваляванні: антычных бронзавых статуй да нашага часу амаль не дайшло, пры тым, што большасць знаёмых нам па рымскіх мармуровых копіях статуй былі менавіта бронзавымі. Падобным чынам у 1926 годзе былі выяўленыя знакамітыя скульптуры Пасейдона (або Зеўса) і вершніка з канём ля мыса Артэмісіён. Пакуль зразумела, што гэта хутчэй за ўсё выява аголенага бога Апалона з характэрна адведзенай убок правай рукой, а выкананая статуя ў перыяд прыкладна з V стагоддзя да н.э. да I стагоддзя да н.э. Аповед рыбака эксперты падвяргаюць сумневу: статуя не пакрытая ракавінкамі, амаль не пашкоджана карозіяй — увогуле, падобна, што знайшлі яе не ў моры, а дзе-небудзь яшчэ.

 

Найстарэйшы «балотны чалавек»

Фота: Eamonn Kelly / archaeology.org

У 2011 годзе падчас распрацоўкі тарфянога радовішча на балоце Кашэл у Ірландыі было знойдзенае добра захаванае цела мужчыны, які памёр гвалтоўнай смерцю каля 4 тысяч гадоў таму — у пачатку бронзавага веку. Гэта самы стары з так званых балотных людзей, загадцы якіх ужо як мінімум два стагоддзі. У Паўночнай Еўропе іх знаходзяць падчас асушэння тарфяных балот з пачатку XIX стагоддзя — у Даніі, Нідэрландах, Швецыі, Германіі, Англіі і Ірландыі. Гэтыя целы, амаль не кранутыя распадам, часта літаральна муміфікаваныя, з захаванымі рысамі твару, рэшткамі адзення, часам нават прычоскамі. Ужо да сярэдзіны XIX стагоддзя, з развіццём археалогіі, навукоўцы пачалі разумець, што маюць справу з парэшткамі дагістарычных людзей, але метады, якія дазволілі сапраўды высветліць дату і прычыну смерці, з’явіліся толькі праз стагоддзе. Амаль усе яны памерлі гвалтоўнай смерцю, часта ад задушвання, і належалі да прывілеяванай групы — іх рукі відавочна не ведалі фізічнай працы. Навукоўцы мяркуюць, што «балотных людзей» забівалі ў рытуальных мэтах, імаверна, у надзеі на добры ўраджай.

Добрая захаванасць парэшткаў часам уводзіла тых, хто іх знаходзіў, у зман. Так, знойдзенае ў 1835 годзе ў Даніі цела жанчыны, якая памерла каля 490 года да н.э., спачатку лічылі парэшткамі міфічнай каралевы Гунхільды і нават змясцілі рэшткі ў спецыяльны саркафаг. Памылкі адбываліся і пазней — напрыклад, жанчыну, знойдзеную на паўночным усходзе Вялікабрытаніі ў 1983 годзе, палічылі мясцовай жыхаркай па імені Маліка, якая знікла ў 1960-м. Больш за тое, яе муж, якога ўсе гэтыя гады падазравалі ў забойстве, убачыўшы кавалак чэрапа з рэшткамі валасоў, прызнаўся ў злачынстве. Пазней экспертыза высветліла, што чэрап належыць жанчыне, якая памерла каля 210 года н.э. Зрэшты, мужчыну гэта не дапамагло — ён усё роўна адседзеў за забойства.

 

Пеніс Тутанхамона 

Фота: Fotobank / Getty Images

Знаходка грабніцы Тутанхамона, апошняга фараона 18-й дынастыі Новага царства, стала найвялікшым археалагічным адкрыццём XX стагоддзя. Аднак ужо амаль сто гадоў навукоўцы працягваюць тлумачыць некаторыя асаблівасці яго пахавання. Так, доўгі час лічылася, што Тутанхамона хавалі ў спешцы і дапусцілі памылку, амаль заліўшы цела чорнай фарбай, якая праз некаторы час сама загарэлася і фактычна спаліла парэшткі фараона. Акрамя таго, сярод канопаў — рытуальных сасудаў, у якія пасля бальзамавання цела змяшчаліся ўнутраныя органы, — не было пасудзіны з сэрцам кіраўніка, а на месца самога сэрца не быў змешчаны, як належыць, святы скарабей.

Сённяшнія даследаванні сцвярджаюць, што багацце чорнай фарбы і адсутнасць сэрца невыпадковыя, гэтак жа як і эрэгіраваны пеніс, з якім пахавалі юнага фараона (гэтая дэталь не згадваецца ў большасці папулярных кніг пра грабніцу Тутанхамона).

Пенісу наогул надавалі несправядліва мала ўвагі з моманту выяўлення грабніцы. Мала таго — у 1968-м ён адкалоўся ад муміі і лічыўся страчаным, і толькі ў 2006 годзе яго зноўку выявілі пры дапамозе камп’ютарнай тамаграфіі — у пяску, у якім захоўваецца цела. Апошнія даследаванні мяркуюць, што ўсё пералічанае — чорны колер муміі, эрэкцыя і адсутнасць сэрца — сведчыць аб тым, што Тутанхамона пасля смерці ператварылі ў падабенства бога ўрадлівасці Асірыса. Асірыс быў забіты сваім братам Сэтхам і пазбаўлены сэрца, а таксама адказваў за ўрадлівасць і ўраджаі — адсюль эрэкцыя і чорны, як урадлівая зямля, колер цела.

Сімвалізм гэтага жэсту зразумелы — папярэднік Тутанхамона Эхнатон быў найвялікшым рэлігійным рэфарматарам Старажытнага свету. Ён адмяніў егіпецкі політэізм і абвясціў у краіне монатэізм — культ сонечнага дыска Атона. Пасля яго смерці Тутанхамон зноў звярнуўся да падтрымкі жрацоў старога культу, і, відавочна, яго смерць павінная была яшчэ раз засведчыць, што святатацтва засталося ў мінулым.

 

Фараоны невядомай дынастыі

Фота: East News / AFP / ImageForum

У 2013 годзе падчас раскопак у раёне старажытнага егіпецкага горада Абідас амерыканская экспедыцыя выявіла грабніцу, а ў ёй — саркафаг з парэшткамі. Высветлілася, што мумія фараона была падкладзеная ў саркафаг, які належаў іншаму кіраўніку — Себекхатэпу I, заснавальніку больш ранняй дынастыі. Пасля непадалёк была знойдзеная яшчэ адна грабніца, дзе захаваліся фрагменты роспісаў і пахавальнага інвентару з імем пахаванага — Сенебкай (троннае імя — Усер-іб-Ра). Археолагі прыйшлі да высновы, што гэта пахаванні фараонаў раней невядомай дынастыі, якая атрымала імя Абідаскай. Фараоны гэтай дынастыі былі небагатыя і аб велізарных пірамідах, у якіх хавалі кіраўнікоў Старажытнага царства, маглі толькі марыць. Яны ўрываліся ў грабніцы сваіх больш уплывовых папярэднікаў, бо на стварэнне ўласных у іх папросту не было сродкаў. А мы нічога не ведалі пра Абідаскую дынастыю проста таму, што яны былі бедныя і пакінулі пасля сябе вельмі нязначную матэрыяльную спадчыну.

 

Паўтары тысячы вялікіх карцін 

Фота: Fotobank / Getty Images

Галоўная знаходка XXI стагоддзя — гэта, безумоўна, склад зусім невядомых карцін, якія лічыліся страчанымі, ў кватэры нямецкага пенсіянера Карнэліуса Гурліта. У яго калекцыі аказалася больш за 1400 работ найлепшых еўрапейскіх мастакоў першай паловы XIX стагоддзя — Марка Шагала, Ота Дыкса, Макса Лібермана, Анры Маціса і многіх іншых, а яе кошт ацэньваецца ў некалькі мільярдаў еўра. Бацька калекцыянера працаваў у нацысцкай Камісіі па эксплуатацыі «дэгенератыўнага» мастацтва і прадаваў за мяжу непатрэбныя нацыстам мадэрнісцкія працы — канфіскаваныя з нямецкіх музеяў, выкупленыя за бясцэнак або проста канфіскаваныя ў габрэяў, — купляючы наўзамен Дзюрэра і Рубенса. Аднак многае, як высветлілася, пакідаў сабе. Пасля вайны Гурліт-старэйшы заявіў, што яго калекцыя загінула пры пажары, да таго ж ніхто не стаў бы шукаць працы, якія да тых часоў не з’яўляліся ні ў адным каталогу. Нашчадкі калекцыянераў, у якіх камісія пад кіраўніцтвам Хільдэбранда Гурліта канфіскавала творы мастацтва, ужо рыхтуюць пазовы аб рэстытуцыі. Нядаўна быў знойдзены другі склад карцін — у зальцбургскай кватэры Гурліта. Аднак знойдзеныя там працы былі набытыя цалкам легальна і быццам бы рэстытуцыі не падлягаюць.

 

Невядомая карціна да Вінчы 

947fa88726f841e4b55d0de82738ed11

Фота: Musée du Louvre

Увосень 2013 радыёвуглеродны аналіз карціны, якая належыць сям’і калекцыянераў і захоўваецца ў сейфе швейцарскага банка, паказаў, што з вялікай доляй верагоднасці гэта раней невядомы твор Леанарда да Вінчы.

На карціне намаляваная Ізабэла д’Эстэ, адна з самых знакамітых жанчын італьянскага Рэнесансу, заступніца Рафаэля, Тыцыяна і многіх іншых мастакоў. З Леанарда да Вінчы яе звязвалі складаныя адносіны — яны перапісваліся, ёй удалося запрасіць яго да сябе ў Мантую, але Леанарда не атрымаў той увагі, на якую разлічваў, і неўзабаве з’ехаў. Да нядаўняга часу лічылася, што ён паспеў выканаць толькі накід да партрэта Ізабелы д’Эстэ, які захоўваецца ў Луўры. Аднак, здаецца, партрэт усё ж быў напісаны — магчыма, Леанарда напісаў яго не цалкам і аддаў дарабляць сваёй майстэрні. Радыёвуглеродны аналіз паказаў, што карціна памерам 61 на 46,5 см сапраўды была створаная ў часы Адраджэння. На карысць таго, што гэта раней невядомы шэдэўр да Вінчы, кажа і той факт, што карціна мае надзвычайнае падабенства з накідам з Луўра — тая ж пастава, той жа паварот галавы, хіба што на карціне мадэль выглядае маладзейшай. Калі гэта сапраўды праца Леанарда, то знаходка не мае цаны, бо геній Адраджэння надаваў жывапісу не больш увагі, чым праектаванню аблогавых збудаванняў і лётных апаратаў і пакінуў усяго 15 карцін, што пэўна прыпісваюцца яму.

 

Дзве невядомыя карціны Ван Дэйка 

Фота: BBC

У мінулым годзе ў Англіі былі выяўленыя цэлыя дзве раней невядомыя карціны фламандскага мастака Антоніса Ван Дэйка. Адна — падчас тэлешоу «Antiques Roadshow» на BBC, якое займаецца ацэнкай твораў мастацтва. Палатно прынёс тэлеэкспертам святар Джэймі Маклаўд. Карціна з антыкварнага салона за 400 фунтаў аказалася накідам да групавога партрэта брусэльскіх суддзяў, выкананым у 1634 (сам партрэт не захаваўся). Цяпер карціну ацэньваюць у 400 тысяч фунтаў.

Другое адкрыццё адбылося крыху раней і таксама дзякуючы BBC. Тэлеканал запусціў праект па аблічбаванні і каталагізацыі ўсяго алейнага жывапісу ў Вялікабрытаніі. У рамках гэтага праекта на сайце невялікага правінцыйнага музея з’явілася рэпрадукцыя карціны, якая лічылася копіяй працы Ван Дэйка. Крыстафер Браўн, адзін з галоўных спецыялістаў па творчасці Ван Дэйка, западозрыў, што карціна занадта добрая для копіі. Было праведзенае даследаванне, якое выявіла, што гэта сапраўды сапраўдны Ван Дэйк — партрэт Алівіі Ботлер Портэр, фрэйліны каралевы Генрыеты Марыі, жонкі Карла I. Ван Дэйк напісаў гэтую карціну, калі служыў жывапісцам пры двары Карла I.

 

Парэшткі Рычарда III

Фота: University of Leicester

У 2012 годзе ў горадзе Лестэр пад звычайнай аўтастаянкай былі знойдзеныя разваліны царквы Грэйфраерс, дзе, паводле крыніцаў, быў пахаваны кароль Рычард III. У ходзе раскопак быў знойдзены шкілет мужчыны каля 30 гадоў з моцна скрыўленым пазваночнікам і шматлікімі раненнямі. Аналіз ДНК у 2013 годзе пацвердзіў, што гэта і праўда парэшткі караля Рычарда.

Рычард III — адна з самых злавесных і пры гэтым трагічных постацяў у ангельскай гісторыі. Дзякуючы Шэкспіру ён увайшоў у сусветную культуру як злавесны гарбун, які пойдзе на любое злачынства дзеля ўлады. Ён быў апошнім прадстаўніком дынастыі Плантагенетаў па мужчынскай лініі, пасля яго смерці на трон узышла дынастыя Цюдараў. Рычард III правіў усяго тры гады і пры жыцці карыстаўся вялікай павагай як палкаводзец і палітык. Аднак у бітве пры Босварце, якая адбылася ў 1485, Рычард загінуў, адбіваючыся ў адзіночку ад цэлага атрада воінаў, а яго супернік Генрых Цюдар стаў наступным каралём. Пасля ягонага царавання гісторыкі пачалі працаваць над умацаваннем каралеўскіх пазіцый і прадстаўлялі зрынутага Рычарда цэнтрам усіх магчымых грахоў — як высвятляецца, у тым ліку і крыху перабольшваючы недахопы яго знешнасці. Скрыўленне пазваночніка ператварылася ў горб, а адна рука, менш развітая, чым тая, якой Рычард па-майстэрску змагаўся мячом, — у сухую ад нараджэння. Даследчыкі аднавілі па чэрапе рысы твару апошняга Плантагенета, і аказалася, што ён зусім не быў выродлівы, як пра гэта гаворыцца ў Шэкспіра — які ў сваю чаргу абапіраўся на «Гісторыю Рычарда III» Томаса Мора, дзе сказана, што кароль быў «малы ростам, кепска складзены, з гарбом на спіне, левае плячо нашмат вышэйшае за правае, непрыемны тварам». Ды і скрыўленне пазваночніка хутчэй за ўсё было не прыроджаным, а набытым у дзяцінстве. З выявай харызматычнага злыдня цяпер варта расстацца. Адно плячо ў яго і праўда было вышэйшае за другое, а ўсё астатняе — паклёп: Рычард быў звычайнага росту, цалкам нармальнай знешнасці і меў моцнае здароўе, а загінуў, мяркуючы па парэштках, як і апісвалі летапісцы — ад удараў алебардай і мячом.

 

Новыя вершы Сапфо 

Новыя вершы Сапфо

Фота: Fotobank / Getty Images

Яшчэ адна вялікая сенсацыя 2013 года — выяўленне двух раней невядомых вершаў паэткі Сапфо, якая жыла ў VI—VII стагоддзях да н.э. Знаходка доўгі час была ў прыватнай калекцыі і толькі нядаўна трапіла ў рукі да філолага Дзірка Обінка, які сцвярджае, што на невялікім папірусе захаваліся значныя фрагменты двух вершаў Сапфо. Датуюць папірус III стагоддзем н.э., а паходзіць ён, відаць, з ваколіц старажытнагрэцкага горада Аксірынх — з прычыны асабліва сухой глебы тут захавалася велізарная колькасць папірусаў і скруткаў. Вершаў Сапфо захавалася вельмі мала, цалкам — наогул толькі адзін, так што гэта вельмі каштоўная знаходка.

 

Канструктывісцкія фрэскі 

Канструктывісцкія фрэскі

Фота: Уладзімір Кульцін

У лістападзе 2013 падчас спробы зносу будынка пачатку 30-х гадоў у горадзе Каралёў у паўразбураных сценах пад шпалерамі быў выяўлены нечакана яркі жывапіс. Аказалася, што гэта насценны алейны роспіс мастака Васіля Маслава, якая лічылася страчаным.Дом, у якім выявілі роспіс, называецца “домам Стройбюро” — гэта быў першы цагляны будынак на тэрыторыі Болшаўскай трудкамуны, створанай у рамках эксперыменту АГПУ па перавыхаванні малалетніх злачынцаў.

Знойдзены ў Каралёве роспіс унікальны з многіх прычынаў — гэта ледзь не адзіны на тэрыторыі Расіі цалкам захаваны роспіс часоў канструктывізму, а заадно — вяртанне забытага імені мастака Маслава, расстралянага ў 1937 годзе. Усе мастацтвазнаўцы, якія бачылі працу, у адзін голас кажуць пра самабытнасць і дзіўную яркасць фарбаў, пра смеласць кампазіцыі і агульнае ўзрушэнне ад гэтай працы. Цяпер фрэска знятая са сцяны напаўразбуранага дома і часова выстаўляецца ў Цэнтры авангарду Габрэйскага музея.Што будзе з захаванымі будынкамі Болшаўскай камуны, дзе пад пластом тынкоўкі могуць утрымлівацца і іншыя невядомыя роспісы, пакуль незразумела.

 

Невядомая карціна Ван Гога 

Невядомая карціна Ван Гога

Фота: Van Gogh Museum

У мінулым годзе ў Амстэрдаме выявілі раней невядомую карціну Ван Гога — «Заход у Манмажуры». Уладальнікі карціны ўжо прыносілі яе ў амстэрдамскі Музей Ван Гога ў 1991 годзе, але ім сказалі, што не могуць атрыбутаваць карціну, таму што на ёй няма подпісу мастака. Праз 20 гадоў эксперты ўсё ж прыйшлі да высновы, што палатно напісанае Ван Гогам у 1888 годзе ў Арлі і, адпаведна, адносіцца да позняга, самага яркага перыяду яго творчасці. Мясцовасць Манмажур знаходзіцца непадалёк ад Арля, прыкладна тут жа была напісаная іншая яго праца — «Валуны і дуб». «Заход у Манмажуры» быў прададзены пасля смерці Тэа, брата Вінсэнта Ван Гога, і ў 1908 годзе апынуўся ў прамыслоўца Крысціяна Нікалаі Мюстада, продка цяперашніх уладальнікаў.Аднак і тады адсутнасць подпісу ўвяла экспертаў у зман, і карціна была сасланая на гарышча, пакуль пра яе не ўспомнілі пасля смерці гаспадара ў 1970 годзе. Цяпер карціна выстаўленая ў Музеі Ван Гога.

Марыя Семяндзяева, vozduh.afisha.ru