Наведвальнікі полацкага Музея гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора цяпер могуць скарыстацца індывідуальным партатыўным электронным экскурсаводам (аўдыягідам), паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.
Наведвальнікі музея могуць самастойна пазнаёміцца з экспазіцыяй, паслухаўшы трэкі на беларускай, рускай або англійскай мовах. “Аўдыягід знешне нагадвае радыётэлефон. Наведвальнік, які вырашыў скарыстацца гэтай паслугай, атрымлівае на ўваходзе ўстройства з кнопкамі і даведнік з планам Сафійскага сабора і картай горада Полацка. У даведніку паказаны маршрут і лічбамі абазначаны прыпынкі – іх 16. Кожны суправаджаецца адпаведным гукавым паведамленнем (запіс уключаецца націсканнем лічбы на электронным устройстве)”, – расказалі ў музеі-запаведніку.
Аснашчэнне Сафійскага сабора аўдыягідам – адно з мерапрыемстваў праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Музейныя вароты”, які рэалізуецца ў Латвіі, Літве і Беларусі.
Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік (НПГКМЗ) уяўляе сабой унікальную гістарычную тэрыторыю, помнікі якой ахоўваюцца, вывучаюцца, рэстаўрыруюцца і прыстасоўваюцца пад музейныя экспазіцыі. У склад НПГКМЗ уваходзяць 11 музеяў.
Тэгі: Віцебшчына, Полацк