Саюз беларускіх пісьменнікаў адмыслова да Дня народзінаў Васіля Быкава выпусціў апавяданне Васіля Быкава “Сваякі”, зробленае ў жанры графічнага рамана маладым мастаком Янам Жвірблем. Кніга пабачыла свет у выдавецтве “Кнігазбор”.
Жанр графічнага раману даўно стаў папулярным у Еўропе і ЗША. Гэтая разнавіднасць шырока вядомых коміксаў прэтэндуе на адмысловае становішча ў свеце мастацтва. Графічныя раманы ілюструюць сур’ёзныя літаратурныя творы і ў адрозненне ад коміксаў маюць павялічаны аб’ём і найчасцей выдаюцца ў палепшаным, багатым афармленні. Выходзяць і аўтарскія графічныя раманы, якія разглядаюцца як паўнавартасныя літаратурныя творы. Так, у 1992 годзе графічны раман Арта Шпігельмана “Маўс” пра халакост атрымаў найпрэстыжнейшую Пулітцараўскую прэмію.
У Беларусі коміксы так і не займелі трывалай нішы, хаця на пачатку 1990-х, калі выдаваліся памятныя “Дзікае паляванне караля Стаха” і “Дзе жывуць бурсонікі”, на гэтыя кніжкі быў шалёны попыт. Апавяданне “Сваякі” ў аздабленні Яна Жвірблі робіць фанатам коміксаў і аматарам авангарднай кніжнай графікі сапраўдны падарунак. Жорсткі твор Васіля Быкава пра тое, як маці, паспадзяваўшыся на сваяцтва з вясковым паліцаем, неўпрыцям адпраўляе дваіх сыноў на смерць, праілюстраваны гэтак жа бязлітасна востра. Экспрэсіўныя, натуралістычныя і поўныя трагізму малюнкі мастака нагадваюць, што гэта зусім не просценькі комікс для дашкольнікаў, а паўнавартасны графічны раман.
Зусім нядорага кнігу можна купіць у наступных кнігарнях Мінска: “Акадэмкніга”, “Цэнтральная”, “Светач”, “Веды”, “Кнігарня пісьменніка”, “Логвінаў”, “Кнігі і кніжачкі”. Дарэчы, усе выданні “Кнігазбора” можна замовіць у самім выдавецтве без гандлёвай надбаўкі.
Таксама Саюз беларускіх пісьменнікаў нагадвае, што 19 чэрвеня, у дзень нараджэння Васіля Быкава ў 12.00 адбудзецца ўскладанне кветак да магілы літаратара на Усходніх могілках у Мінску.