12 лютага 2011 года ў Гародні пры падтрымцы МГА “Гісторыка” і грамадскай ініцыятывы “Будзьма беларусамі!” адбыліся дзве імпрэзы ў межах гістарычна-музычнага асветніцкага праекту “Песні філаматаў і філарэтаў”. Гэты праект існуе з траўня 2009 года і скіраваны на папулярызацыю творчай спадчыны сяброў студэнцкіх таварыстваў філаматаў і філарэтаў, увядзенне яе ў сучасны кантэкст беларускай літаратуры і культуры, узбагачэнне традыцый беларускага студэнцтва, узнаўленне ідэалаў і каштоўнасцяў выбітных прадстаўнікоў беларускай/ліцвінскай шляхты першай паловы ХІХ стагоддзя.
У аснове праекту ляжаць арыгінальныя песні філаматаў і філарэтаў з рукапіснага зборніка, складзенага жонкай аднаго з заснавальнікаў Таварыства філаматаў Тамаша Зана Брыгідай Свентажэцкай у 1855 годзе і нядаўна знойдзенага ў віленскім архіве музыказнаўцам, супрацоўнікам Беларускай акадэміі музыкі і творчага калектыву “Беларуская капэла” Святленай Немагай.
Песні на словы А. Міцкевіча, Я. Чачота, Т. Зана, А. Э. Адынца прагучалі для студэнтаў аддзяленняў польскай і беларускай філалогіі Гродненскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы ў форме своеасаблівага канцэрту-лекцыі і пазней для шырокай грамадскасці ў Гродненскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі. Выканаўцы з Мінска — А. Жбанаў, З. Занеўскі і Ц. Акудовіч — дапамаглі публіцы перанесціся на 200 гадоў назад і ўявіць сябе ўдзельнікамі сяброўскіх сходак філаматаў і філарэтаў, што адбываліся ў Вільні і яе ваколіцах, а таксама на Наваградчыне — найперш каля легендарнага каменя філарэтаў недалёка ад сядзібы Туганавічы. Падарожжу ў мінулае спрыялі адмысловыя зборнікі, падрыхтаваныя МГА “Гісторыка”, з тэкстамі песняў, якія выконваюцца ў межах праграмы, — яны былі раздадзеныя ўсім прысутным, а таксама традыцыйныя кубачкі свежага малака, што былі адным з яркіх сімвалаў філамацкага і філарэцкага жыцця.
Увогуле, гледачы, сярод якіх пераважала моладзь, актыўна ўцягваліся ў дзеянне. Так, знакамітую “Песню Марылі” (яе, па ўспамінах сучаснікаў, часта напявала каханая А.Міцкевіча Марыля Верашчака) выканалі дзве гарадзенскія дзяўчыны — кожная ў сваёй арыгінальнай манеры, а санет Міцкевіча “Да Лаўры” ўпершыню чытаўся не толькі ў перакладзе на беларускую мову, але і ў арыгінале.
На абедзвюх сустрэчах — ва ўніверсітэце і ў музеі — дэманстраваліся камп’ютарныя прэзентацыі з партрэтамі філаматаў і філарэтаў, гістарычнымі і сучаснымі відамі Вільні і іншых мясцін, звязаных з іх жыццём і дзейнасцю, што стварала адпаведную атмасферу.
На імпрэзе ў Музеі гісторыі рэлігіі прысутнічалі паважаныя гарадзенскія краязнаўцы, гісторыкі, выкладчыкі і студэнты ВНУ горада — агулам больш за 40 чалавек.
Пры канцы выступу ў музеі слова пра філаматаў і філарэтаў сказаў прафесар Гродненскага дзяржаўнага ўніверсітэта, вядомы філолаг Аляксей Пяткевіч, які падкрэсліў моцныя сувязі іх творчасці і поглядаў з беларускай мовай і культурай, высока ацаніў ролю студэнцкіх таемных таварыстваў першай чвэрці ХІХ стагоддзя ў далейшым фармаванні і развіцці беларускай ідэі.
Падчас выступу асабліва адзначалася, што мэты праекту “Песні філаматаў і філарэтаў” адпавядаюць задачам кампаніі “Будзьма беларусамі!” — абуджаць гонар грамадзян Беларусі за сваю гісторыю і культуру, з’ядноўваць беларусаў у прасторы і часе.
Выступ з “Песнямі філаматаў і філарэтаў” быў шырока анансаваны ў інтэрнэт-СМІ Гародні і на радыё “Твой стыль”. Інфармацыя пра мерапрыемства з фотаздымкамі з імпрэзы хутка з’явілася на некалькіх вэб-старонках (партал “Музыка Гродна” і інш.).
Тэгі: Горадня