“Песні філаматаў і філарэтаў” у Лідзе

28 траўня 2011 года ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі адбылася чарговая імпрэза ў межах праекту “Хай радасць з вачэй нашых блісне! Песні філаматаў і філарэтаў”, які ажыццяўляецца ў межах грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і пры падтрымцы МГА “Гісторыка”. Выступ быў арганізаваны гарадскім Таварыствам беларускай мовы імя Ф. Скарыны.

У выкананні аўтара праекту А. Жбанава прагучалі арыгінальныя песні на словы А. Міцкевіча, Я. Чачота, Т. Зана, А. Э. Адынца і мелодыі пераважна з рукапіснага нотнага зборніка, складзенага жонкай аднаго з заснавальнікаў таварыства філаматаў, Т. Зана, Брыгідай Свентажэцкай у 1855 годзе (яго нядаўна адшукала ў віленскім архіве музыказнаўца Святлена Немагай).

Паслухаць “Песні філаматаў” прыйшлі актывісты ТБМ г. Ліды на чале з яго старшынём С. Суднікам, вучні СШ № 11, сябры літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”. Атрымаўшы адмысловыя спеўнікі, падрыхтаваныя МГА “Гісторыка”, прысутныя пачалі ахвотна падпяваць, адчуваючы сябе ўдзельнікамі сяброўскіх сходак філаматаў і філарэтаў.

Паводле філамацкай традыцыі, наведнікам імпрэзы былі прапанаваныя кубачкі смачнага малака.

У канцы імпрэзы са словамі падзякі ад імя гледачоў выступіў стваральнік суполкі ТБМ у Лідзе, кіраўнік літаб’яднання “Суквецце”, паэт Міхась Мельнік.

Публіка з цікавасцю выслухала інфармацыю пра асноўныя мэты і найбліжэйшыя мерапрыемствы кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Пасля выступу ўдзельнікі праекту наведалі былы маёнтак Дамейкаў Заполле і школьны музей у вёсцы Крупава, дзе створаная багатая экспазіцыя, прысвечаная памяці слыннага філамата Ігната Дамейкі.

Тэгі: