Пышныя аладкі да Масленіцы. Хуткі і просты рэцэпт

Набліжаецца вясновае свята Маслёнка ці Масленіца, якое заўсёды суправаджаецца застоллем з блінамі. Пачытайце гісторыю з’яўлення гэтага ласунка, якое месца страва займала у жыцці нашых продкаў і як хутка і проста прыгатаваць смачны сняданак сабе і сваім блізкім.


Aladki

Хто прыдумаў першыя бліны

Дакладна невядома, калі і як спяклі першы блін, але гісторыкі мяркуюць, што першымі для чалавека вырабамі з мукі з’яўляюцца менавіта бліны, гісторыя з’яўлення якіх сягае ў дагістарычныя часы.

Першыя дакументальныя згадкі пра прадукт, падобны па форме на блін сягаюць у V стагоддзе да н.э. У рацыёне жыхароў Старажытнага Егіпта прысутнічала тонкая кіслая аладка ці ляпёшка. Егіпцянам ужо ў тыя часы былі вядомыя прыродныя закваскі, якія яны актыўна выкарыстоўвалі ў час прыгатавання піва, а затым выпадкова змаглі раскрыць сакрэт падрыхтоўкі першага кіслага цеста.

Блінцы ці млінцы, як правільна?

Гісторыя бліноў на нашых землях бярэ свой пачатак яшчэ ў старажытныя язычніцкія часы, задоўга да таго, як з’явілася традыцыя святкаваць Маслёнку — вясновы святочны тыдзень перад Вялікім пастом. Бліны з’явіліся адразу пасля таго, як людзі навучыліся перапрацоўваць збожжа ў муку і выпякаць першы хлеб падобны на тонкія аладкі.

Розныя віды мучных бліноў можна лічыць першымі хлебнымі стравамі ў нашых продкаў. Назва стравы ідзе ад прылады, на якой здрабнялі зерне ў муку — млын. Яго яшчэ называлі млінам, а страву — млінцамі. На Палессі і цяпер у некаторых вёсках захавалася такая назва стравы. Па-украінску і сёння бліны называюць млінцамі.

Чытайце яшчэ: Як скарыстаць рытуалы нашых продкаў для псіхалагічнай падтрымкі. Святкуем Масленіцу ў горадзе

З блінамі ў радасці, і ў бядзе

Са спрадвечных часоў бліны ў славянскай традыцыі займалі важнае месца на стале любой гаспадыні і выпякаліся на працягу ўсяго года. Блін суправаджаў чалавека ўсё яго жыццё: ад нараджэння, калі ласункам кармілі парадзіху, і да самай смерці, калі блінамі паміналі памерлых.

Цяпер бліны перш за ўсё з’яўляюцца абавязковым рытуальным пачастункам падчас святкавання провадаў зімы, сімвалізуючы сабой сонца. А яшчэ не так даўно і на Дзяды абавязкова пяклі бліны. Першы блін заўсёды ахвяравалі душам продкаў, каб іх задобрыць і атрымаць дапамогу.

Ад мукі і да капусты. Эвалюцыя бліноў

У пачатку бліны былі прэснымі, але пасля таго, як чалавек змог адкрыць для сябе першыя дрожджы, ласунак пачынаюць выпякаць на аснове розных прыродных заквасак, выкарыстоўваючы пры гэтым асаблівую тэхналогію падрыхтоўкі цеста. З цягам часу муку для бліноў пачалі браць самую розную — пшанічную, грэчкавую, ячменную, гарохавую, з проса. Далей пачалі гатаваць бліны або аладкі з грыбоў, капусты, морквы ды яблык, гарбуза і, канешне ж, бульбы. Дадавалі ў бліны таксама што заўгодна, рабілі са шматлікімі начыненнямі. Пачалі выкарыстоўваць тлушч і алей пры выпяканні бліноў.

Просты рэцэпт аладак

Aladki

• Муку абавязкова трэба прасеяць, соль і цукар дадаваць па смаку.

• Убіць два яйкі.

Aladki

• Заліць цёплым кефірам і ўсыпаць лыжку соды.

• Добра перамяшаць масу, каб яна пачала пераўтварацца ў цеста з вялікай колькасцю бурбалак.

• Пакінуць на 40 хвілін у цяпле і потым не перамешваць, каб не панішчыць бурбалкі, якія і адказваюць за пышнасць.

Aladki

• Смажыць на алеі. Патэльня павінна быць на 3-5 міліметраў заліта алеем, каб аладкі атрымаліся пышнымі. Яшчэ можна смажыць закрыўшы накрыўкай, такім чынам ласунак атрымаецца яшчэ больш паветраным.

Aladki

• Гатовыя залацістыя аладкі можна выкласці на папяровыя рушнікі, каб прыбраць лішні алей. Есці аладкі можна як самастойную страву альбо як гарнір да мачанкі, смажаных яек ці верашчакі.

• Калі цеста зрабіць салодкім, то атрымаецца выдатны дэсерт, які падаюць з сочывам і смятанай або мёдам.

Нам спатрэбіцца:

Кефір — 250 мілілітраў
Мука — 240 грамаў
Два яйкі
Цукар — дзве сталовыя лыжкі
Соль — адна сталовая лыжка
Сода — палова чайнай лыжкі

Смачна есці!

Чытайце яшчэ: Смачны сняданак для ўсёй сям’і — наліснікі з тварагом. Гатуем з «Будзьма»