1. Гэтая марская рыба на працягу стагоддзяў была другой па распаўсюджанасці і даступнасці ў Беларусі, моцна саступаючы «лідару» – селядцу, раней самай даступнай з марскіх рыб. Але калі селядзец хаця б у святы гасцяваў на сталах нават бедных сялян, то гэтую рыбу ведалі і гатавалі толькі шляхта або мяшчане. Затое ў народаў Паўночнай Атлантыкі гэтая рыба шмат стагоддзяў складала ледзь цi не аснову рацыёну, а за яе ролю ў развіцці мараплавання і гандлю некаторыя называюць яе самай важнай рыбай у гісторыі сучаснай цывілізацыі. Спосаб яе прыгатавання, які лічыцца традыцыйна беларускім, – тушэнне або запяканне пад «футрам» з дробна пакрышаных кіслых яблыкаў (або морквы, хрэну), цыбулі і смятаны. Што гэта за рыба?
2. Гэтым словам у старабеларускай кухні называлі як адзін з самых распаўсюджаных і пажыўных супаў, так і папулярны спіртны напой з мёдам і спецыямі. Другі варыянт назвы – верагодна, іранічнае пераасэнсаванне першага, намёк на тое, што гэты моцны напой гэтак жа неабходны «сапраўднаму мужчыне», як і самы звычайны суп.
3. Самая галоўная страва каляднага стала прыйшла да нас разам з усходнім (праваслаўным) хрысціянствам з Грэцыі тысячу гадоў таму. З часам так сталі называць і саму ўрачыстую перадкалядную вячэру і нават сам дзень напярэдадні Калядаў (24 снежня па новым або старым стылі), прычым і ў праваслаўных, і ў каталікоў.
4. Сёння мы п’ем гэты напой, а некалі хутчэй елі, як жэле, наразаючы нажом. Асабліва папулярным гэты напой — а хутчэй гэтая страва – была напярэдадні Калядаў, калі лічылася адной з 12 абавязковых страваў святочнай вячэры. А рабілі яе з адной з траваў, якая ў народаў поўдня Еўропы лічыцца выключна кармавой.
5. Гэтая страва да канца XVIII ст. лічылася абавязковым – і прытым зневажальным – атрыбутам літоўцаў і беларусаў, прадметам з’едлівых насмешак нашых суседзяў і партнёраў па Рэчы Паспалітай – палякаў. Лічылася, што толькі свінні і «літвіны» могуць гэта есці. У папулярнай некалі жартоўнай калядцы апісваецца, як вешчуны прынеслі немаўляці Ісусу свае дары, а ўслед за імі – нашы продкі, што насмяшылі ўсіх, гаршчок гэтай стравы. Але ў ХІХ ст. пад уздзеяннем рамантычнай польскамоўнай літаратуры яна паступова пачала ўспрымацца таксама і як «польская нацыянальная», а ў наш час нікім не ўспрымаецца як нешта ганебнае ці «адсталае». У рускай нацыянальнай кухні яна таксама вядомая – там яна часцей за ўсё гатуецца з «высакароднымі» відамі белай рыбы. Што гэта за страва?
6. У беларускай літаратуры ХХ ст. гэта страва часта выступае сімвалам галечы, хоць гэта не зусім справядліва. Бо ў заможных сем’ях яе раней гатавалі (сушылі) і пра запас, выкарыстоўваючы затым у супах або ў якасці гарніру. У Вугоршчыне, напрыклад, яе аналаг «тархоня» лічыцца – у выглядзе гарніру або кампанента складаных страваў – адной з галоўных «візітовак» нацыянальнай кухні. Магчыма, дрэнную рэпутацыю яна набыла праз нядбайнасць у прыгатаванні або занадта спрошчаную, сапраўды ад беднасці, рэцэптуру. На жаль, цяпер беларускія гаспадыні, а тым больш рэстаратары, яе амаль не гатуюць. Што гэта за страва?
7. Лічыцца, што гэта польская каралева і вялікая княгіня літоўская зрабіла ледзь цi не найбольшы ўплыў на далучэнне нашай кухні да вытанчаных заходнееўрапейскіх кулінарных традыцыяў у першай палове XVI ст. Нараджэнка краіны – адной з сусветных лідараў высокай кухні, – яна прынесла з сабой моду на цытрусавыя, гародніну і асабліва зеляніну. Пагалоска прыпісвае менавіта ёй ўвядзенне ў нашу культуру капусты (што, вядома ж, перабольшанне – нашы продкі елі гэтую гародніну і за шмат стагоддзяў да яе), а таксама салаты – а вось гэта, мабыць, праўда. Ёй жа належыць шмат каштоўных ініцыятываў у развіцці нашай эканомікі, але рабіла яна гэта, на жаль, з чыста эгаістычных меркаванняў, імкнучыся павялічыць сваё багацце, і яе ж можна лічыць галоўным ініцыятарам увядзення прыгоннага права. Хто ж гэта выдатная жанчына?
8. Гэтая клубневая расліна з’явілася ў нас пад уплывам французскай і нямецкай кулінарнай моды ў пачатку XVIII ст. і некалькі дзесяцігоддзяў была даволі папулярнай, пакуль не саступіла лідарства бульбе, якая аддалена яе нагадвае. Дзякуючы гэтаму падабенству беларуская (і літоўская) назва гэтай расліны перайшла на бульбу, і да гэтага часу менавіта гэтым словам «другі хлеб» называецца ў беларускай мове. Якая ж «імпартная» расліна была своеасаблівым папярэднікам бульбы ў беларусаў?
9. Гэты спіртны напой апошнім часам некаторыя схільныя лічыць «нацыянальным беларускім», прыпісваючы яму незвычайную папулярнасць у Вялікім княстве Літоўскім. Ён сапраўды быў там вядомы, але не варта перабольшваць яго распаўсюджанасць. І тым больш наўрад ці можна казаць аб гістарычным прыярытэце Беларусі. Першапачаткова гэты напой чырванаватага колеру вырабляўся ў Гданьску і быў, па сутнасці, джынам – ядлаўцовай гарэлкай. Больш за ўсё ён быў папулярны ў Германіі, асабліва ў студэнцкім асяроддзі, дзе яго назва служыла сінонімам выпіўкі наогул, як у сучасным слэнгу «бухло» і да т.п. Назва яго паходзіць з нямецкага дыялекту і азначае «пойла з ядлоўца». У Беларусі яго папулярнасці спрыяе вядомы музычны праект – зрэшты, у Германіі і Аўстрыі сёння таксама ёсць музычныя калектывы з такой самай назвай. Што гэта за напой?
10. Дзесятае пытанне змяшчаецца на партале TIO.BY, нашых партнёраў па правядзенні віктарыны.