Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.by пра палітычныя сілы, якія карыстаюцца пандэміяй для дасягнення сваіх мэтаў: актыўна выступаюць супраць каранціну, апелюючы найперш да правоў і свабод грамадзянаў.
Падчас «параду каранцінаў», які прайшоў у сакавіку па Еўропе, магло скласціся памылковае ўражанне, што ўсе палітычныя сілы безапеляцыйна падтрымалі палітыку жорсткіх абмежаванняў правоў грамадзян.
Але нават у момант абсалютнага інфармацыйнага панавання ідэі поўнага каранціну ў СМІ асобныя апазіцыйныя палітыкі ў ЕС выказвалі меркаванні супраць ці сумневы адносна неабходнасці ўвядзення такіх мер.
Напрыклад, нямецкая партыя AfD (12% у федэральным парламенце) выказвала занепакоенасць магчымымі наступствамі для эканомікі краіны ў выпадку спынення працы часткі прадпрыемстваў. Хаця меры па блакаванні межаў як элемент супрацьстаяння распаўсюду віруса гэтая партыя падтрымлівала. Асобныя партыйцы адмаўлялі нават сам факт віруснай пагрозы, як былы кансультант AfD па пытаннях медыцыны і аховы здароўя.
Камуністычная партыя Францыі (4% у Сенаце) таксама не поўнасцю падзяляла пазіцыю кіраўнічай кааліцыі. У сваім звароце лідар арганізацыі перад увядзеннем каранціну больш апеляваў да галоўных прычын эканамічнага крызісу, чым да пагрозаў пандэміі:
«Праблемы з сістэмай аховы здароўя, якая не спраўляецца з колькасцю хворых, — вынік, а не прычына. Асноўная прычына крызісу — неаліберальная палітыка ўрада».
Большасць сістэмных партый і сіл апазіцыйнага характару пасля павелічэння колькасці хворых і ўсведамлення пагрозы адмовілася ад такой рыторыкі. Тым больш што большасць грамадства ў ЕС падтрымала «каранцінныя меры» (эвалюцыя грамадскай думкі падчас каранціну была разгледжаная ў гэтым матэрыяле).
Што сталася з «жоўтымі камізэлькамі»?
Цікава, што каранцінныя меры не толькі абмежавалі правы грамадзян на вольнае перасоўванне, працу прадпрыемстваў, але і паўплывалі на вялікую колькасць палітычных працэсаў.
Напрыклад, французскі «рух жоўтых камізэлек», які кінуў сапраўдны выклік сістэмным кіраўнічым элітам, у адзін момант знік з першых старонак СМІ.
Гэта быў рух, які пачаўся, як супраціў некалькіх сотняў грамадскіх актывістаў супраць падвышэння цэнаў на аўтамабільнае паліва. Дзякуючы папулярнасці і развіццю ініцыятывы ў сацсетках да яе далучылася шмат палітычных сілаў, якія да гэтага займалі супрацьлеглыя пазіцыі. Рух дэманстраваў нечуваныя мабілізацыйныя магчымасці. І разам з ростам колькасці прыхільнікаў і ўдзельнікаў акцый дадаваліся ўсё новыя патрабаванні да ўрада Францыі.
Каранцін здолеў зрабіць тое, чаго дамагаліся ўлады. Моцны палітычны рух фактычна знік з палітычнай мапы Францыі. А яшчэ некалькі месяцаў таму вулічныя акцыі «жоўтых камізэлек» вымусілі ўлады спыніць разгляд пенсійнай рэформы, якая прадугледжвала падвышэнне ўзросту выхаду на пенсію ў краіне.
Але ў сакавіку, перад муніцыпальнымі выбарамі і ў атмасферы блізкай масавай эпідэміі, Нацыянальны сход Францыі прыняў у першым чытанні праграму пенсійнай рэформы. І дзеянні заканадаўцаў не выклікалі такіх магутных пратэстаў, якія адбываліся па ўсёй краіне яшчэ ўзімку.
Магчыма, пасля стабілізацыі эпідэміялагічнай абстаноўкі і паслаблення абмежаванняў Францыю чакае трансфармацыя гэтага грамадзянскага руху ў нешта новае. Але таксама існуе варыянт, што актывісты разбягуцца па сістэмных традыцыйных партыях і прафсаюзных суполках.
Супраць жорсткага каранціну
У Італіі і Грэцыі толькі некаторыя крайне правыя арганізацыі выступілі супраць жорсткага каранціну падчас Вялікадня. Актывісты збіраліся каля цэркваў і патрабавалі не толькі дазволу на правядзенне велікодных абрадаў, але і скасавання большасці каранцінных мераў.
Нешматлюдныя акцыі арганізацый радыкалаў працягваюцца ў італьянскіх гарадах увесь красавік і травень.
Аўстрыйская Партыя Свабоды (17% у парламенце) падчас абмеркавання пытанняў паслаблення каранцінных абмежаванняў, прадэманстравала недавер да захадаў урада. Былы міністр унутраных спраў ад гэтай партыі Герберт Кікль падкрэсліў:
«На падставе недакладнай статыстыкі і недакладных высноваў урад запалохвае грамадства і палітыкаў, каб пазбавіць Аўстрыю асноўных грамадзянскіх свабодаў. У тым ліку — незаконна выкарыстоўваць асабістую інфармацыю»
Пакуль заўважныя толькі першыя крокі аўтаномных актывістаў, якія аб’ядноўваюцца і дамаўляюцца аб правядзенні акцый у сацсетках. Магчыма, што пэўную дзейнасць арганізуюць у тым ліку фракцыі «традыцыйных» палітычных сіл у краінах.
У Берліне некалькі тысяч актывістаў сабраліся ў цэнтры горада 26 красавіка. Па інфармацыі СМІ, гэта прадстаўнікі інтэрнэт-супольнасцяў як крайне левых, так і крайне правых кірункаў. Цікава, што аб’ядноўвае прыхільнікаў такіх супрацьлеглых палітычных плыняў патрабаванне спыніць абмежаванне правоў грамадзянаў на вольнае перасоўванне, свабоду сходаў, вядзенне бізнесу.
Асабліва актыўна і крэатыўна пратэстуюць супраць татальнага каранціну на Балканах. У Сербіі ініцыятарам пратэстных флэшмобаў сталі інтэрнэт-актывісты, якіх падтрымалі некаторыя апазіцыйныя партыі і групы.
Жыхары большасці буйных гарадоў Сербіі адразу пасля пачатку каменданцкай гадзіны (пасля 20.00 штодзень) б’юць у рондалі. Такім чынам уладам дэманструюць пратэст супраць недастатковай падтрымкі грамадзян і бізнесу падчас каранакрызісу, патрабуюць перагляду каранцінных мераў.
Таксама вулічныя акцыі праводзяць актывісты сістэмнай апазіцыі. Узначальвае «кааліцыю» Саюз за Сербію (12% у Скупшчыне). Падчас адной з акцый каля будынка парламента ў Бялградзе адзін з лідараў пратэстаў адзначыў:
«Мы патрабуем патлумачыць нам, з якіх прычынаў грамадзяне не маюць права знаходзіцца на вуліцах з 20 гадзін пятніцы і ўсе выходныя».
У Славеніі вялікі розгалас атрымала акцыя на цэнтральнай плошчы Любляны, якую падтрымалі таксама жыхары некалькіх гарадоў краіны. Дзякуючы каардынацыі дзеянняў у сацсетках на плошчах адначасова з’явіліся сотні актывістаў на роварах. Колькасць удзельнікаў ацэньваюць у больш як 3500 чалавек. Што з’яўляецца даволі сур’ёзнай лічбай для 2-мільённай краіны ва ўмовах каранціну.
Палітычныя патрабаванні і трансфармацыі
На старонках славенскіх пратэстоўцаў у сацсетках можна прачытаць:
«Рэакцыя гэтага ўрада, як і ўсіх папярэдніх і будучых, на крызіс — гэта прадказальнае скарачэнне бюджэту, рабаванне людзей за кошт банкаў, разбурэнне навакольнага асяроддзя. Рэпрэсіі, папулізм, прыгнёт усіх дысідэнтаў і абмежаванне свабоды».
Вельмі цікавая рыторыка. І славенцы тут не вынаходнікі. Падобны кантэкст хаваўся за ўмоўнай заможнасцю апошніх гадоў у Еўропе. Але каранакрызіс можа прывесці да глабальнай трансфармацыі палітычных памкненняў грамадства.
Нельга выключаць, што Еўропу чакае паўстанне новых палітычных рухаў, падмуркам стварэння і фармавання якіх стане і стане цяперашняя пандэмія. Бо сёння цяжка прадказаць наступствы каранцінных мераў для падставовых грамадскіх правоў і дабрабыту еўрапейцаў. Магчыма, былыя і новыя «жоўтыя камізэлькі» ўзначаляць барацьбу.
Можна правесці аналогію з паўстаннем такой партыі, як AfD у Германіі. Гэтая палітычная сіла сфарміравалася з розных асобных груп і актывістаў, якія пачалі аб’ядноўвацца падчас масавай міграцыі ў Нямеччыну ўцекачоў з краінаў Блізкага Усходу і Азіі ў 2014–2015 гадах.
З таго часу антымігранцкая рыторыка AfD некалькі разоў падвяргалася рэвізіі, партыйныя шэрагі вычышчаліся ад радыкальных актывістаў кіраўніцтвам, фінансавымі донарамі арганізацыі альбо паліцыяй. У выніку паўстала новая палітычная сіла, даволі ўплывовая, з магчымай перспектывай росту.
Вельмі цікава, будзе сфарміраванае новае палітычнае поле пасля пераадолення пандэміі або актывістаў часоў каранакрызісу падхопяць хвалі сістэмных палітычных партый і накіруюць іхны імпэт у звыклую плынь.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!