Аляксей Гайдукевіч піша аб правільным інфармацыйным суправаджэнні рашэнняў улады, якія не заўжды папулярныя ў народзе.
Чэхія — адна з першых краін нашага рэгіёна, якая ўвяла каранцін. З 16 сакавіка чэхі перайшлі на «надзвычайны стан», які закранаў грамадскае і эканамічнае жыццё. Галоўным быў захад па абмежаванні перасоўванняў грамадзян. Грамадскі транспарт працаваў у гарадах, але карыстацца ім было можна толькі для паездак на працу, медыцынскіх альбо неадкладных справах.
Шмат прадпрыемстваў і офісаў былі закрытыя. Працавалі толькі прадуктовыя крамы, а дзяржаўныя ўстановы былі адкрытыя для наведнікаў толькі па некалькі гадзін на тыдзень.
Грамадзянаў абавязалі насіць маскі на вуліцах.
На момант пачатку каранціну, па афіцыйных звестках, у Чэхіі за суткі фіксавалася каля 100 новых хворых на каранавірус, праз 2-3 тыдні — ужо каля 300. На момант скасавання асноўных абмежаванняў, 24 красавіка, колькасць захворванняў знізілася прыблізна да 80 выпадкаў.
Нягледзячы на забароны, чэхі рэгулярна парушалі каранцінныя абмежаванні. Паліцыя ўвесь час накладала штрафы на парушальнікаў: за адсутнасць масак, наведванне паркаў, знаходжанне разам вялікіх кампаній.
Чэхі таксама перасякалі «закрытыя» межы з суседнімі краінамі. Напрыклад, вялікі розгалас меў выпадак, калі жыхар памежнай вёскі пераплыў раку, каб трапіць у суседнюю Аўстрыю. На гісторыю не звярнулі б асаблівай увагі (бо такіх здарэнняў было шмат), калі б парушальнік не меў высокай тэмпературы. І таму яго перадавалі чэшскай паліцыі санітары ў супрацьвірусным адзенні.
Але, па афіцыйных звестках, толькі ад 5 да 8% грамадзянаў лічылі каранцінныя захады ўладаў празмерна жорсткімі.
Упершыню пра неабходнасць зняцця самых жорсткіх каранцінных захадаў у Чэхіі пачалі гаварыць яшчэ ў пачатку красавіка. Калі колькасць новых захворванняў за суткі знізілася з 330 да 230.
6 красавіка СМІ апублікавалі зварот асацыяцыі аўтамабільных вытворцаў краіны да ўладаў наконт магчымасці перагляду абмежаванняў:
«Уладзе ўжо цяпер неабходна працаваць над доўгатэрміновым планам, скіраваным на змякчэнне каранціну. У выніку якога вытворчасць у галіне знізілася на 90%», — паведамлялася ў лісце.
Усе далейшыя інфармацыйныя захады нагадвалі этапы перад увядзеннем каранціну — толькі з адваротнай мэтай. У СМІ амаль кожны дзень друкаваліся меркаванні экспертаў, дактароў, аўтарытэтных асобаў. Складалася ўражанне, што грамадства масіравана бамбардуюць інфармацыйнымі снарадамі з мэтай легітымацыі змякчэння каранціну.
Амаль адначасова з прамыслоўцамі і бізнесменамі слова ўзяў галоўны эпідэміёлаг краіны, які яшчэ ў сакавіку быў галоўным прыхільнікам «жорсткіх абмежаванняў»:
«Я трохі змяніў сваё стаўленне. Нашы першыя высновы грунтаваліся на дадзеных з Кітая. Аднак, як высветлілася, адносна вялікая частка насельніцтва спакойна пераносіць каранавірус. Цяпер мы маем першыя дадзеныя з Італіі, навукоўцы сцвярджаюць, што колькасць заражаных значна большая, чым у афіцыйных звестках. Высвятляецца, што іх можа быць дзесяць мільёнаў у Італіі. Таму нельга казаць пра 15 адсоткаў памерлых, толькі пра 2-3».
Доктар адзначыў, што падыход Швецыі не падаецца «вельмі жахлівым», і пры сталым кантролі і абмежаваннях толькі для інфікаваных, а таксама масавым тэставанні можна зберагчы эканамічную актыўнасць.
«Нельга праводзіць жорсткія меры бясконца. Калі крывая росту выпадкаў застанецца лінейнай у найбліжэйшыя дні, мы можам чакаць, што забароны будуць знятыя».
Рэктар Карлавага ўніверсітэта і доктар біяхіміі Томаш Зіма таксама выказаўся на карысць «антыкаранціну», больш памяркоўных дзеянняў з апорай на навуковыя даследаванні і лакальныя, кропкавыя абмежавальныя меры:
«Нам усё яшчэ не хапае кваліфікаванага плана, стратэгіі ці прынамсі адказаў на асноўныя пытанні: калі, як і якія меры скончацца? І што далей? На што могуць разлічваць грамадзяне?»
З 9 красавіка ўлады знялі частку забаронаў. Пачалі працаваць буйныя крамы (у абмежаваным рэжыме), адкрыліся вулічныя спартыўныя пляцоўкі для індывідуальных заняткаў, дзе было дазволена займацца спортам без масак.
Нягледзячы на тое, што працяг «надзвычайнага становішча» ў Чэхіі хутчэй за ўсё будзе ўхвалены парламентам да канца траўня, улады аб’явілі пра паэтапнае «змякчэнне» каранціну, які расцягнецца больш чым на два тыдні. Але забарона на масавыя мерапрыемствы пакуль знятая не будзе.
Асноўны медыцынскі захад — гэта магчымасць бясплатна прайсці тэст на каранавірус. Пра такую меру казаў яшчэ 1 красавіка галоўны эпідэміёлаг:
«Мы хочам вызначыць, колькасць бессімптомных выпадкаў захворвання. Мы чакаем, што гэта будзе ад 30-40 адсоткаў тых, хто пазітыўны, але бессімптомны. Гэта колькасць павінная быць пацверджаная буйным тэставаннем, якое плануецца запусціць на наступным тыдні».
Яшчэ перад пачаткам «змякчэння» аўтарытэтны чэшскі доктар звяртаў увагу на палітычныя і эканамічныя аспекты абмежаванняў:
«Забароны, як правіла, толькі пагаршаюць сітуацыю, пераважнай большасці людзей каранавірус не пагражае. Больш трэба баяцца адмоўнага ўплыву на эканоміку і дэмакратыю. Рэальная сітуацыя ў бальніцах не такая страшная, як можа падавацца».
Такога кшталту заявы больш падобныя на палітычныя дэкларацыі, чым на экспертную ацэнку прафесіянала.
Пры тым, што на момант публікацыі большасць палітычных сіл выступала за захаванне жорсткіх абмежаванняў, і толькі камуністы (7% у Палаце дэпутатаў) выказваліся за паступовае зняцце каранціну.
А прэзідэнт краіны Зэман выказаў прапанову, каб межы Чэхі былі закрытыя яшчэ год. Але гэта быў хіба элемент палітычнай гульні супраць прыхільнікаў адмены каранціну, колькасць якіх з сярэдзіны красавіка расла. Пра гэта могуць сведчыць вынікі апытання.
Яно паказала, што толькі 34% апытаных занепакоеныя «вельмі хуткім» выхадам з каранціну, а 55% лічаць зрухі альбо своечасовымі, альбо крыху запозненымі.
Судовая позва звычайнага адваката ў галіне медычнага права, у якой ён аспрэчваў захады Міністэрства аховы здароўя, «дапамагла» кіраўніцтву краіны выйсці з патавай сітуацыі. Пражскі суд прызнаў не адпаведнымі канстытуцыі абмежаванні на вольнае перасоўванне грамадзян і свабодны гандаль. Фактычна, суд не выступіў супраць урада краіны, бо каранцінныя меры ўхваліла Міністэрства аховы здароўя Чэхіі:
«Закон аб надзвычайным становішчы прадугледжвае, што ўрад прымае рашэнне аб абмежаванні асноўных правоў і свабод, а не асобныя міністэрствы».
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!