Беларусы дапамагаюць украінцам ратаваць унікальныя архівы этнаграфічных запісаў музыкі, піша BelarusWithUkraine. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook распавёў дудар, этнограф Яўген Барышнікаў, які застаецца ў Львове.
Гаворка ідзе пра ўнікальную калекцыю матэрыялаў, што захоўваецца ў Лабараторыі музычнай этналогіі пры Львоўскай кансерваторыі.
«Адпачатку вайны супрацоўнікі Лабараторыі заняліся ратаваннем архіўных матэрыялаў і заліўкай іх у аблочныя сховічшы. Цэлы дзьвіж тут з гэтай нагоды. Вялікая колькасць касет і бабінаў з каштоўнымі запісамі фальклору 1950-1990-х гадоў не былі раней алічбаваныя. Гэта не унікальная сітуацыя: на жаль, усім такім установам звычайна бракуе людзей і рэсурсаў на падобную працу. То разам з іншымі валанцёрамі далучыўся да алічбоўкі па меры сіл», — піша Яўген.
Таксама ён зазначае, што для алічбоўкі архіваў атрымалася нават даставіць у Львоў два прафесійныя апараты. Іх у якасці гуманітарнай дапамогі Украіне перадало Польскае радыё.