У Свята-Успенскім саборы манастыра пачалася рэстаўрацыя аднаго з найстарэйшых у краіне барочных іканастасаў, які ў мінулыя дзесяцігоддзі зведаў радыкальную русіфікацыю, піша «Наша Ніва».
Разборка іканастаса ў Жыровіцкім манастыры. Скрыншот рэпартажа АНТ
У 2023 годзе ў Жыровічы ўжо выязджалі спецыялісты Нацыянальнага мастацкага музея, супрацоўнікі «Белрэстаўрацыі», якія вывучалі сітуацыю. У выніку абследавання стану іканастаса, былі выяўлены тыя элементы, якія неабходна аднавіць або поўнасцю замяніць.
Цяпер, як паведаміў тэлеканал АНТ, пачалі нарэшце дэмантаваць іканастас, які лічыцца адным з самых старых, што захаваліся на Беларусі. Яго рэстаўрацыя зойме каля двух гадоў.
Разборка іканастаса ў Жыровіцкім манастыры. Скрыншот рэпартажа АНТ
Першапачаткова ва Успенскім саборы быў толькі цэнтральны іканастас, пабудаваны каля 1730 года, які добра захаваўся да нашых дзён. У 1779 годзе для роспісу гэтага іканастаса, як і іканастаса Яўленскай царквы, быў запрошаны майстар Рыгор Мядзведскі. Іканастас сабора выкананы ў характэрным стылі барока. Звяртаюць на сябе ўвагу абразы апосталаў, цэнтральная выява «Спаса Уседзяржыцеля» ў сярэбранай раме. Бакавыя часткі іканастаса храналагічна адносіцца да рамонту храма ў 1860-я гг., як і сярэбраныя шаты на абразах.
Іканастас мае досыць вялікія памеры — цэнтральная частка 12 на 6 метраў, бакавыя элементы — 7 на 5. Дэмантаж, які пачалі з бакавых частак, рэстаўратары праводзяць выключна ўручную, каб нічога не пашкодзіць.
Паступовая замена беларускіх барочных абразоў на «псеўдарускія»
У 2009 годзе па благаславенні Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта сем старадаўніх абразоў з іканастаса Успенскага сабора былі перададзены Жыровіцкім манастыром у Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.
Барочныя абразы былі заменены на сучасныя, якія выкананыя ў нібыта «старажытнарускім стылі» інакіняй Анфісай. Гэтыя абразы выбіваюцца па стылі з барочнага іканастаса і барочных інтэр’ераў храма.
Пасля з іканастаса прыбралі і разьбяны дэкор. Сёння частка дэкору вярнулася, праўда, зусім не таго, што быў раней.
Абразы з іканастаса Успенскага сабора Жыровіцкага манастыра на выстаўцы «Залаты век беларускага іканапісу. XVII стагоддзе». Невядомы віленскі (?) мастак. Пасля 1676 г. Фота: Нацыянальны мастацкі музей
Іканастас асобна прапісаны ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей як частка дэкаратыўнага аздаблення сабора, які з’яўляецца часткай архітэктурнага ансамблю міжнароднага значэння. Абразы, як неад’емная частка іканастаса, таксама мусяць захоўваць гэты статус.
На думку актывістаў, у час рэстаўрацыі варта было б вярнуць у іканастас хаця б копіі арыгінальных барочных абразоў, але малаімаверна, што гэта будзе зроблена, бо ў гэтым не зацікаўлены сам манастыр.