Гурт “Разбітае сэрца пацана” вядомы беларускай музычнай аўдыторыі сумнай гісторыяй запісу свайго дэбютнага альбому “Розавы закат”. 26 кастрычніка, у межах агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма” ў мінскім клубе “Гудвін” адбылася прэзентацыя славутага альбому, вынікі якога апынуліся больш паспяховымі, чым працэс па яго падрыхтоўцы.
“Праз спевы публікі мы не чулі гуку ўласнага голасу і інструментаў. Амаль як на канцэртах Beatles,” – зазначыў вакаліст гурту Дзяніс Тарасенка.
Моцная энергетыка, шмат пазітыву і добрага настрою – так характарызавалі наведнікі канцэрту выступ “РСП”. Той факт, што на вялікай сцэне “РСП” выступаў упершыню, не перашкодзіў яму пакінуць самыя лепшыя ўражанні на публіку.
Гурт не плануе спыняцца на дасягнутым. У перспектыве – запіс новага альбому, стыль якога, па словах удзельнікаў, будзе мала нагадваць стыль “Розавага закату”.
Кампанія “Будзьма” зычыць натхнення і творчых поспехаў удзельнікам гурту!