Рэжысёр Кірыл Халецкі, стваральнік стужкі «Класная», апублікаваў відэазапрашэнне паўдзельнічаць у кастынгу на ўдзел у здымках ягонага новага фільма. Вядома, што сцэнар створаны на аснове аднаго з твораў Андрэя Федарэнкі, а з апісання вынікае, што хутчэй за ўсё гаворка ідзе пра аповесць «Шчарбаты талер», піша bellit.info.
Фота: minsknews.by
Сцэнарый, суаўтарам якога стаў Яўген Амельчанка, цалкам зацверджаны. Праект плануюць прадставіць у двух фарматах: поўны метр для кінатэатраў і чатыры серыі па 40 хвілін для тэлебачання.
Заяўкі ад жадаючых паўдзельнічаць у здымках прымаюцца да канца чэрвеня. Ідзе пошук выканаўцаў галоўных роляў: падлеткаў каля 12 гадоў і дарослых ад 30 да 35. Прэм’ера фільма запланаваная на восень 2027 году.