Разбурэнне стэрэатыпаў. Навукоўцы высветлілі, што шэдэўр беларускай скульптуры паходзіць з крайняга ўсходу Беларусі

Раней лічылася, што такая выдатная рэч магла з’явіцца толькі ў заходніх рэгіёнах краіны, піша «Наша Ніва». Вось якія адкрыцці яшчэ ўдалося зрабіць мастацтвазнаўцам.


Frahmient Ukryžavannia, jakoje raniej ličylasia pomnikam z Halubičaŭ
Фрагмент Укрыжавання, якое раней лічылася помнікам з Галубічаў. Фота: Wikimedia Commons


У першай палове года ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі прайшла маштабная выстаўка «Беларуская скульптура XVII–XVIII стагоддзяў», на якой былі прадстаўлены больш за 80 помнікаў, створаных у перыяд найвышэйшага росквіту культавай драўлянай скульптуры ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Гэтая падзея пацягнула за сабой шэраг важных адкрыццяў.

Выстаўку адкрывала Укрыжаванне, якое лічылася найстарэйшым у Беларусі і датавалася аж XIV стагоддзем, часам валадарання Гедыміна ды Кейстута. Мастацтвазнаўцы Мікалай Памяранцаў і Міхаіл Кацар нават лічылі, што гэтая выява — узор раманскай пластыкі.

Мастацтвазнаўца Наталля Высоцкая пісала пра гэты помнік:

«Паліхромнае драўлянае распяцце з’яўляецца ўзорам дасведчанасці мясцовага майстра-разьбяра, на чыю творчасць паўплывалі асаблівасці суровага стылю еўрапейскага абарончага дойлідства і пэўныя павевы італьянскага мастацтва».

Ukryžavannie, jakoje raniej ličylasia pomnikam z Halubičaŭ
Укрыжаванне, якое раней лічылася помнікам з Галубічаў. Фота: Wikimedia Commons

У гэтым помніку сапраўды ёсць рысы раманскага стылю, але сёння мастацтвазнаўцы лічаць, што агульная трактоўка выявы Хрыста нагадвае помнікі гатычнай і рэнесанснай скульптуры.

Рэч у тым, што ў раманскім мастацтве Хрыстос паказваўся пераможцам смерці — без болю і пакут, панавала трактоўка Бога-Цара, а на беларускім укрыжаванні ён паказаны як Хрыстос-чалавек, які пакутуе і памірае на крыжы, а значыць яго наўрад ці можа датаваць XIV стагоддзем. Але і новая даціроўка, XVII стагоддзе, пакуль застаецца пад пытаннем.

Скульптура не толькі памаладзела, але і змяніла лакалізацыю. Раней ва ўсіх крыніцах яна праходзіла як укрыжаванне з Галубічаў, вёскі ў сённяшнім Глыбоцкім раёне, недалёка ад Падсвілля. Тут якраз у першай палове XVII стагоддзя была збудавана царква.

Sapraŭdnaje Ukryžavannie z Halubičaŭ
Сапраўднае Укрыжаванне з Галубічаў. Невядомы майстар. XVIII–XIX стст. Дрэва, разьба, паліхромія. Фота: Нацыянальны мастацкі музей Беларусі

Але даследчыкі выявілі, што галубіцкае ўкрыжаванне фіксуецца ў зборы Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча. З апісання стала зразумела, што ягоныя памеры значна меншыя за тыя, што мае твор, які да сёння лічыўся «ўкрыжаваннем з Галубічаў».

Пасля расфарміравання Віленскага музея ў 1945 годзе сапраўднае ўкрыжаванне з Галубічаў трапіла ў Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У музеі яму прысвоілі нумар, які музейшчыкі адшукалі на адным з укрыжаванняў у сваёй калекцыі — фрагментарна захаванай выяве XIX стагоддзя.

Але адкуль тады паходзіць іншае ўкрыжаванне? На гэтае пытанне таксама адшукаўся адказ. На ім ёсць музейны нумар, якое яно атрымала да вайны, калі знаходзілася ў калекцыі Беларускага дзяржаўнага музея. Як сведчаць дакументы, туды яно было перададзена з Мсціслаўскага царкоўнага музея.

Мсціслаўскі царкоўна-археалагічны музей існаваў з 1915 года, у яго фондах налічвалася 1157 адзінак захоўвання, у тым ліку прадметы з археалагічнай, нумізматычнай і этнаграфічнай калекцый, а таксама царкоўныя старажытнасці. Укрыжаванню пашчасціла трапіць у Мінск, бо ў час Другой сусветнай вайны ўся калекцыя музея бясследна знікла.

Гэтае адкрыццё разбурае стэрэатып, які доўга панаваў у краіне, што любая выдатная разная выява паходзіць з заходніх абласцей Беларусі.

Насамрэч драўляная скульптура была пашырана і развівалася па ўсёй краіне, а помнікі з усходу Беларусі — гэта помнікі вельмі высокай мастацкай вартасці. Нездарма менавіта з усходу краіны беларускія майстры, якія стварылі ўнікальную «беларускую скразную рэзь», вывозіліся ў Маскоўскае царства і выконвалі заказы для цара.

Ёсць і іншыя адкрыцці, так скульптура трэцяй чвэрці XVIII стагоддзя з Троіцкага касцёла ў Шарашове Пружанскага раёна, якая страціла рукі і адну нагу, раней лічылася выявай невядомага святога або апостала. Але на целе і на захаванай назе бачныя раны, якія характэрныя толькі для выявы Хрыста, скульптура, відаць, была частка касцельнай кампазіцыі Святая Тройца.

Jak raniej ekspanavali «carskija varoty» z viciebskaj Jurjeŭskaj carkvy
Як раней экспанавалі «царскія вароты» з віцебскай Юр’еўскай царквы. Фота: Wikimedia Commons

Вядомыя «царскія вароты» з іканастаса віцебскай Юр’еўскай царквы раней звярталі на сябе ўвагу парушэннем малюнка, якое тлумачылі тым, што майстар не справіўся з работай. Выявілася, што іх, па-першае, няправільна экспанавалі, а па-другое, гэта дзве розныя створкі ўваходных дзвярэй царквы. У час рамонту ў царквы іх падрэзалі і перарабілі ў аднастворкавыя дзверы — у такім выглядзе яны патрапілі ў музейны збор Віцебскага аддзялення Беларускага дзяржаўнага музея, дзе іх памылкова атрыбутавалі як «алтарныя дзверы».

Jak sapraŭdy vyhliadali ŭvachodnyja dzviery Jurjeŭskaj carkvy
Як сапраўды выглядалі ўваходныя дзверы Юр’еўскай царквы. Фота: Нацыянальны мастацкі музей Беларусі

Яшчэ адзін кур’ёзны выпадак звязаны з аўтарствам. Культавыя аб’екты ўвогуле вельмі рэдка падпісваліся. Імёны майстроў вядомыя пераважна з дамоў, што захаваліся ў архівах. Але на адным з укрыжаванняў на адвароце маецца надпіс лацінкай «1696, Kazimirus Krupowicz». На падставе надпісу на Укрыжаванні, гэтае імя палічылі імем аўтара і нават унеслі ў слоўнік рэзчыкаў, скульптараў, якія працавалі ў Беларусі ў XV–XVIII стст.

Але, як аказалася, гэтае ўкрыжаванне ў 1938 годзе было перададзена ў Віленскі беларускі музей мастаком Пётрам Сергіевічам з касцёла ў Поразаве, дзе на пачатку XVIII стагоддзя плябанам служыў Казімір Круповіч. Ён браў удзел у будаўніцтве мясцовага касцёла ў 1715 годзе, і надпіс згадвае яго як фундатара, а не як аўтара.