Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт адказаў на калектыўны зварот з пытаннем, што здарылася з памятнай шыльдай у гонар Тадэвуша Касцюшкі і падзей паўстання 1794 года, піша hrodna.life. 30 год яна правісела каля ўваходу ў Новы замак і знікла ў красавіку 2024 года.
Уваход у Новы замак да таго, як знялі шыльду, прысвечаную паўстанню Касцюшкі. Крыніца: Facebook Васіль Герасімчык
У канцы красавіка гродзенцы стварылі петыцыю ў адрас гарадскіх уладаў з просьбай растлумачыць, куды і чаму знікла памятная шыльда, а таксама калі яе плануюць вярнуць на месца. Зварот падпісалі 83 чалавекі. Аўтары былі перакананыя, што дэмантаж дошкі негатыўна паўплывае на турыстычны патэнцыял Гродна, абядняе нашую гісторыю, ідзе ў разрэз з прынятымі канцэпцыямі развіцця турызму і гасціннасці Беларусі.
Гарадскія ўлады адказалі проста: «Гродзенскі гарвыканкам не мае звестак пра аб’ект, указаны ў звароце».
Пад адказам стаіць подпіс намесніцы старшыні гарвыканкама Зоі Кулешы. Паводле яе, калектыўны зварот разглядалі нават з выездам на месца.
Аналагічны адказ — «гарвыканкам не мае звестак пра аб’ект» — быў атрыманы пасля знікнення ў Гродне ў жніўні 2023 года памятнага знака ў гонар паўстання 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Знак размяшчаўся на гродзенскім чыгуначным вакзале. Аўтаркай адказу на петыцыю тады таксама была Зоя Кулеша. Праўда, тым разам гарвыканкам на месца знікнення знака не выязджаў, а пазней высветлілася, што яго дэмантавалі супрацоўнікі Гродзенскай гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Пра якую шыльду ідзе гаворка
Драўляная шыльда ў гонар наведвання Тадэвушам Касцюшкам Гродна і падзей паўстання 1794 года была ўрачыста ўсталяваная на Новым замку ў 1994 годзе. «Тут, у каралеўскім палацы пад час Вызвольнага паўстання 1794 г. з 14.05 да 30.09 працавала Гродзенская Паўстанцкая Парадкавая Камісія. 29.09 г. у яе працы ўдзельнічаў кіраўнік паўстання А.Т. Касцюшка, які адзначыў паўстанцкімі ўзнагародамі баявых камандзіраў Т.Ваўжэцкага, Я. Ясінскага, С. Макраноўскага, С. Корсака, Я. Гарноўскага, Г. Гедройця», — было напісана на ёй.
Так выглядала мемарыяльная шыльда на Новым замку ў Гродне. Фота: vedi.by
Шыльду ўпрыгожвала карона і гістарычны герб «Пагоня» ў верхняй частцы і перавязаныя разам стрэльба і каса як сімвал паўстання.