Якім ёсць беларускі тэатр сёння? Ці варта за ім увогуле сачыць? Як гэта — рабіць тэатр у выгнанні? У якіх умовах працуюць беларускія творцы і з якімі складанасцямі сутыкаюцца? Пагаварылі пра гэта з рэжысёркай Палінай Дабравольскай, а таксама пра яе спектакль «Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне замест мяча» (аб якім мы ўжо пісалі тут). Другі паказ гэтага спектакля адбыўся нядаўна ў межах тэатральнага фестывалю INEX ФЭСТ.
Паліна Дабравольскя. Фота Кацярыны Ігнашэвіч
- Як ствараўся спектакль «Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне замест мяча»?
- Аднайменны тэкст ад беларускага/-ай аўтара/-кі Noname67 трапіў да мяне яшчэ паўтара гады таму. Ён ува мне моцна адгукнуўся, і я зразумела — трэба штосьці рабіць. Шукала магчымасці і пляцоўкі, выдумляла структуру спектакля. Знайшла акцёрак — некаторыя дзяўчаты працавалі на бары ў варшаўскім Новым тэатры, таксама запрасіла сваіх беларускіх і ўкраінскіх знаёмых. Потым мне напісала дзяўчына з фестывалю аб гвалце «Не вінаватая», які праводзіцца кожны год у снежні ў розных месцах.
Мне прапанавалі як спявачцы выступіць з лайвам альбо прэзентаваць прэм’еру свайго кліпа. У мяне тады якраз выйшаў музычны альбом «Сарматыя» — але я вырашыла: не будзем прамоўціць мяне, давайце рабіць спектакль. Склад некалькі разоў паспеў змяніцца. Напрыклад, барабаншчыцу Леру я знайшла ў апошні момант, яна тады толькі эмігравала ў Вільню і была гатовая ездзіць на рэпетыцыі ў Варшаву амаль без грошай. У мяне тады была гатовая толькі адна песня «Каляндар», астатнія ўжо напісалі Кацпер Словік-Дабравольская.
Заставалася вельмі мала часу. Мы хутка раскідалі паміж усімі тэксты, потым разам чыталі, мянялі пазіцыі — дзяўчаты наогул не разумелі, што адбываецца. Але атрымалася зняць кліп-цізер для фестывалю. Тады яшчэ не было зразумела, ці будзе спектакль. Але першы крок да стварэння тэатральнага праекта быў зроблены. Я вырашыла, што вазьму гэтае відэа і проста пайду па тэатрах. Перад гэтым я яшчэ запаўняла заяўку на вясеннюю рэзідэнцыю PerspAktiv, і мне напісалі, што адкрылася месца на рэзідэнцыю ў снежні. Да лютага ўжо трэба было зрабіць праект. Мы вырашылі рызыкнуць і зрабіць прэм’еру спектакля менавіта ў межах гэтай рэзідэнцыі. Кацпер трэба было напісаць усю музыку за паўтара месяцы. Дзякуючы PerspAktiv і прасторы Komuna Warszawa, дзе ў нас амаль цэлыя дні былі вольнымі, мы паспелі зрабіць спектакль. Я будавала дэкарацыі і паралельна рэпетавала з дзяўчатамі як агульна, так індывідуальна — мы шмат пагружаліся ў тэкст і разбіралі маналогі тэт-а-тэт.
- Як так атрымалася, што ты як спявачка і музыка напісала для спектакля ўсяго адну песню?
- У мяне папросту не было часу гэта рабіць. Такім чынам, гэта было наша першае супрацоўніцтва з Кацпер, і я вельмі нервавалася. Я заўсёды баюся казаць, што мне штосьці не падабаецца. Апынулася так, што Кацпер вельмі добра зразумелі мае вельмі дзіўныя ідэі і парады. Я звычайна кажу, што я хачу ў эмацыйным плане, і Кацпер павінны гэта зразумець. І мне вельмі падабаецца тое, што атрымалася. З кожным трэкам я пачынала быць спакайней і разумела, што больш не патрабую кантролю ў гэтай справе. Напрыклад, зараз, калі мы працуем з праектам COMA (ворк-ін-прогрэс праекта меў прэм’еру на сцэне варшаўскага Новага тэатра ў ліпені 2023), то я ўжо кажу: «Напішыце ўсё, што хочаце», а потым мы падкарэктуем пад тое, як я гэта чую і бачу як рэжысёрка. Музыка павінна быць галоўнай на тым жа самым узроўні, як тэкст і святло — важна, каб яна ўсё спалучала. Усё загучыць разам, калі адно не будзе перакрываць другое. Я таксама разбіраю музыку і з драматычнага пункту гледжання — ты памятаеш, як мы працавалі разам у «Гераінях» (спектакль меў прэм’еру ў траўні 2023 у чэшскім тэатры Husa na provázku) — калі я казала, што ў нейкім месцы тэкст ідзе не так, і музыка павінна гучаць інакш, і г. д. Ёсць розніца паміж працай з чалавекам, які цябе на сто адсоткаў разумее, як у выпадку Кацпер, альбо хто не вельмі разумее, нават на ўзроўні мовы — напрыклад, наша камунікацыя з аўтарам музыкі для «Гераінь» была заўсёды праз кагосьці, хто можа патлумачыць, бо ён не размаўляе па-ангельску, а я па-чэску. Пасля праекта «Выйду з лесу...» я зразумела, што мне больш увогуле не трэба шукаць сабе кампазітараў.
- Падчас прэм’еры ў лютым ты казала, што ўсе дэкарацыі былі зроблены сваімі рукамі і за ўласныя грошы — раскажы, калі ласка, якія складанасці былі пры іх падрыхтоўцы?
- Рэзідэнцыя выдзяляе стыпендыю на падрыхтоўку праекта, але яна невялічкая. І абсалютна ўсе гэтыя грошы пайшлі на дэкарацыі і касцюмы. Укладаліся і мае ўласныя сродкі. Мы не маглі заплаціць за працу ні сабе, ні акцёркам. Сэнс у тым, што калі толькі пачынаеш працаваць у польскім тэатральным асяродзі, ты павінен набіць сабе ўсе гэтыя шышкі. Але зараз я ўжо магу сказаць: маю ў Польшчы пэўную колькасць спектакляў, і цяпер давайце вырашаць пытанне з аплочваннем інакш, больш адказна.
Мы зрабілі спектакль цалкам прыблізна за тысячу еўра — даволі танна. Плюс арэнда некаторых музычных інструментаў. Зараз стаіць пытанне таго, каб перарабіць дэкарацыі і зрабіць іх больш мабільнымі для фестываляў, але на гэта таксама патрэбныя дадатковыя грошы.
Сцэна са спектакля «Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне замест мяча». Фота: Наталля Папова, крыніца: асабісты архіў Паліны Дабравольскай
- Свой чарговы праект ты зрабіла ў Польшчы. Як гэта ўвогуле — рабіць тэатр у выгнанні? Ці можна ўвогуле сёння гаварыць пра тэатр у выгнанні як пра нейкую канкрэтную культурную форму ці з’яву?
Мне цяжка пра гэта гаварыць, бо я не люблю гэтыя штампіраванні і раздзяленні на штосьці. Калі рэжысёр/-ка прыязджае ў іншую краіну, ставіць там спектакль, ён ці яна павінны змагацца, акрамя іншага, з нейкімі бытавымі абставінамі. Але тут, у Польшчы, ужо мой дом. Тут мая сям’я. Я не адчуваю сябе на сто адсоткаў у выгнанні. І не хачу трымацца за гэта як за галоўную тэму таго, што я раблю.
Вельмі не люблю сядзенне на адной тэме. Я не разумею ўсе гэтыя «тэатры ў эміграцыі» з 2010 года. І ўжо трынаццаць год яны на адной тэме тэатра ў эміграцыі, бо гэта дае гранты. Праблема ў тым, што такія людзі, як мы, ніколі не атрымаем грошы на такім узроўні, як усе іншыя.
Увогуле, тэатр, калі падысці крыху па-філасофску, — гэта і ёсць выгнанне. Бо ты як тэатрал займаешся рэчамі, якія нікому не патрэбныя і амаль не аплочваюцца.
Паліна Дабравольскя. Фота Каця Ігнашэвіч
Тэатр — гэта абмежаваная колькасць людзей, якая працуе за маленькія грошы. Ад беларускіх артыстаў у эміграцыі шмат чую аб тым, што людзі не ходзяць на спектаклі, што ім няма дзе выступаць. Але ў маіх польскіх калег тыя ж самыя праблемы — яны таксама актыўна шукаюць пляцоўкі, працуюць у барах і дастаўках, пры тым, што маюць адукацыю, і ўсе яны — клёвыя, таленавітыя людзі.
Гэта проста праблема сістэмы і таго, што тэатр не патрэбны нікому, акрамя нас — тых, хто гэтым мастацтвам хоча займацца. Можа, мне пашчасціла, і мне заўсёды ў рукі ляцяць нейкія ідэі і праекты. Але ёсць розніца паміж тым, каб нічога не рабіць і хаяць усё навокал, або рабіць усё магчымае і таксама хаяць сістэму. Вось я з апошніх.
- А калі б ты зараз рабіла тэатр у Беларусі, ён бы адрозніваўся ад таго, што ты робіш у эміграцыі?
- Не, проста мова была б іншая. Узгадаем нават мой першы спектакль «Пакой памірае», пастаўлены ў Беларусі — ён быў цалкам пра тое, што адбываецца з цэлым нашым светам.
Я заўсёды рабіла нешта на тэму маленькай персоны ў гэтым звар’яцелым сусвеце, штосьці аб унутраным пошуку.
- «Выйду з лесу...» таксама пра гэта?
- Канечне. Пра тое, як паспрабаваць збегчы ад гэтага ўсяго і знайсці сябе ў сабе самой, як знайсці іншыя душы, якія цябе зразумеюць, каб адчуць хаця б нейкі мінімальны камфорт.
Сцэна са спектакля «Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне замест мяча». Фота: Наталля Папова, крыніца: асабісты архіў Паліны Дабравольскай
- Ці цікавяцца польскія гледачы гэтым спектаклем?
- Мы паказвалі праект толькі два разы. Ведаю, што на прэм’еры былі палякі. А на другі паказ не была зроблена рэклама на польскую аўдыторыю, бо ён праходзіў у межах беларускага тэатральнага фестывалю. Думаю, за гэтыя два паказы мы самі сабе больш-менш сфармулявалі, хто наша мэтавая аўдыторыя. Я ад пачатку казала, што гэты спектакль для любых людзей. Тая задача, што стаіць перад намі — гэта зразумець, як гэты праект успрымае польскі глядач.
- Чаму вырашылі не рабіць беларускія ці ўкраінскія субтытры? Мне падаецца, шмат беларусаў і ўкраінцаў, якія эмігравалі, яшчэ не валодаюць польскай мовай так добра, каб разумець са сцэны такі складаны тэкст.
- Мне не хочацца, каб людзі адрываліся ад акцёрак на чытанне. Я лічу, што нават калі ты не разумееш, што яны кажуць, ты можаш адчуць. Я вырашыла — улічваючы, што я бяру міжнародны склад удзельніц, якія эмігравалі і расказваюць якраз аб тым, як выжыць ва ўмовах іншай краіны, спектакль будзе менавіта на польскай. Мы знаходзімся ў гэтай краіне, яна нас прыняла.
Гэта да таго, як я ўспрымаю тэму эміграцыі: мы павінны быць удзячныя, што можам тут жыць. Мне няважныя акцэнты ці памылкі ў словах — мне была важная сама спроба акцёрак зрабіць так, каб іх зразумелі.
Паліна Дабравольскя. Фота Улады Хмель
- Ці сочыш за тэатрам у Беларусі і тым, што там адбываецца?
- Там жа нічога не адбываецца. Але, бывае, нешта пачытаю, калі нехта напіша. Аднак мне вельмі дзіўна глядзець за сторыс людзей, якія працуюць у дзяржаўным тэатры і робяць выгляд, што ўсё добра. Ладзяць нейкія прэм’еры...
Напрыклад, тэатр Горкага, дзе яны, выбачайце, танцуюць у рускіх касцюмах ды спяваюць рускія народныя песні — і ўсё нармальна. Яны шчаслівыя выкідваюць сторыс у Instagram: «Дзякуй за спектакль». Але я не назіраю за гэтым. Ёсць шмат іншых рэчаў, на якія варта вылучыць свой час.
Наталля Міхаліна Скарынка, budzma.org