Новы выпуск «Разумнятаў». Рушым у край замкаў

Выйшаў новы ролік адукацыйнага відэапраекта для дзетак «Разумняты». Разам з вядучай Алачкай рушым у край чароўных замкаў і палацаў  - на Гродзеншчыну. У новым выпуску распавядаем пра архітэктурныя і прыродныя цуды Гродзеншчыны і пра знакамітых беларусаў, якія нарадзіліся ў Гродзенскай вобласці.


А для самых кемлівых мы падрыхтавалі цікавыя заданні па тэме, якія можна раздрукаваць, спампаваўшы дадатак па спасылцы.

Самыя адметныя цікавосткі Гродзеншчыны

Каложская царква

Адной з самых яркіх цікавостак Гродзеншчыны з’яўляецца Каложская (альбо Барыса-Глебская) царква. Стаіць яна на беразе Нёмана. З-за чаго не аднойчы цярпела разбурэнні — бераг падмывала хвалямі, і сцяна царквы падала ўніз. Цяпер выгляд гэтай будыніны вельмі незвычайны: частка засталася каменнай, а частка — драўляная.

Horadnia_(Hrodna),_Kaloža._Горадня,_Каложа_(2021)_02.jpg
Фота з Вікіпедыі

Таксама ў сцены царквы ўмураваныя галаснікі — спецыяльныя керамічныя сасуды, накшталт нашых бутэлек. Дзякуючы ім, спевы ў царкве гучаць надзвычай прыгожа. Сакрэт размяшчэння галаснікоў сышоў разам з майстрамі таго часу.

Але Каложа (так называюць гэтую царкву) мае і іншыя загадкі. Напрыклад, і па сёння ніхто не расшыфраваў таямнічыя сімвалы на некаторых цаглінах.

Ёсць паданне і пра чароўны абраз Маці Божай. Згодна з гэтым паданнем, абраз прынёс у царкву жабрак. І з тых часоў нямала было цудаў: абраз лекаваў самых безнадзейных хворых, дапамагаў у самых цяжкіх выпадках. Але ў мінулым стагоддзі абраз вывезлі ў суседнюю краіну, каб выратаваць ад вайны. І сляды яго згубіліся. Пошукі чароўнага абраза працягваюцца, але пакуль безвынікова.

Лідскі замак

Адметным з’яўляецца і Лідскі замак. Ён быў часткай цэлай абарончай сістэмы супраць Тэўтонскага ордэна. Яна складалася з замкаў у Гродне, Слоніме, Наваградку і іншых гарадах. Стварыў гэту сістэму князь Гедымін, а называлася яна «Заходні шчыт Літвы».

Але Лідскі замак вылучаўся з гэтай сістэмы. Пры яго будаўніцтве князь Гедымін паклапаціўся і пра жыхароў наваколля. У выпадку нападу ворагаў усе мясцовыя жыхары маглі схавацца за моцнымі сценамі замка разам з усёй сваёй маёмасцю і хатнімі жывёламі!

Будаваўся замак на забалочаным месцы, абкружаным рэкамі Лідзея і Каменка. Для будаўніцтва замка быў насыпаны штучны пясчаны ўзгорак. Такім чынам, з двух бакоў замак атачалі рэкі, а яшчэ з двух — штучныя роў і возера.

Але не толькі абарончую ролю выконваў старажытны замак. Ён стаў месцам, дзе адбываліся значныя гістарычныя падзеі. Тут прымалі паслоў з іншых краін, святкавалі дынастычны шлюб караля Ягайлы і Соф’і Гальшанскай, вырашалі важныя палітычныя пытанні.

Сёння Лідскі замак адрэстаўраваны і ў ім праходзяць шматлікія рыцарскія турніры ды фестывалі.

7380ad8a673226ae47fce7bff88e9c33.jpg
Лідскі замак. Фота: yesbelarus.com


Гадуем сапраўдных беларусаў разам з «Будзьма!» Папярэднія выпускі відэапраекта «Разумняты» глядзіце па спасылцы.

«Разумняты» — гэта цыкл інтэрактыўных пазнавальных відэаролікаў, якія ў займальнай форме знаёмяць дзетак з навакольным светам на роднай мове.

Ролікі выходзяць на ютуб-канале «Будзьма» шточацвер. Падпісвайцеся, каб не прапусціць!

Вучыцца на роднай мове цікава і прыемна. Дайце сваім дзеткам шанец зразумець гэта.

Праект «Разумняты» разлічаны на ўзрост 5-9 год, а гэта, як вядома, самы спрыяльны час для вывучэння мовы. Цыкл нашых заняткаў пашырыць моўнае асяроддзе вашых дзетак, да ўсяго — гэта якасная альтэрнатыва мульцікам і кампутарным гульням.

  • выхавацелям дзіцячых садкоў у працы са старэйшымі дашкольнікамі;
  • настаўнікам пачатковых класаў як дадатковы навучальны матэрыял;
  • настаўнікам беларускіх школ і гурткоў беларускай мовы ў замежжы;
  • дзеткам і іх бацькам для прагляду дома ў Беларусі, і тым больш у замежжы. 

Глядзіце, натхняйцеся і дзяліцеся відэаролікамі.

Наша будучыня за нашымі дзецьмі!

Чытайце яшчэ:

Сядзіба Умястоўскіх — гісторыя копіі Варшаўскага палаца пад Іўем