Традыцыйна беларуская жанчына садзілася вышываць у добрым настроі і са светлымі думкамі. Але як знаходзіцца ў такім настроі, калі ты на «хатняй хіміі», а твой падарунак на юбілей сястры — вышытая кашуля — застаецца няскончанай, таму што цябе забіраюць у ШЫЗА? Але Рэгіна Лавор — гераіня нашага інтэрв’ю, упэўнена, што нават у такіх умовах нацыянальную культуру можна захоўваць, назапашваць і распаўсюджваць.
Рэгіна Лавор
У межах спецпраекта «Сучасная вечнасць» супольна з брэндам Belaruskicry распавядаем пра жанчын, натхнёных вышыўкай.
Вышыўка ў жыцці Рэгіны з’явілася таму, што гэта прадугледжвала прафесійная дзейнасць — праца ў Цэнтры рамёстваў. Але першыя ўспаміны звязаны з дзяцінствам.
«Нягледзячы на тое, што ў маім дзяцінстве ў нас дома былі вышываныя рэчы, бо мая маці вышывала, мяне тады гэта не захапляла. Але я памятаю занавесачкі, карціны з дзяўчынамі і птушкамі, і магчыма, вельмі папулярны матыў — кацяняты ў кошыку», — узгадвае дзяцінства Рэгіна.
Спачатку працоўны доўг, а потым захапленне
Наступны раз жанчына сутыкнулася з вышыўкай ужо працуючы дырэктаркай Цэнтра рамёстваў. У той час у Гародні ў Абласным навукова-метадычным цэнтры былі арганізаваны курсы, дзе выкладалі ткацтва, вышыўку, габелен, працу з саломай і іншыя рамёствы. Рэгіна вырашыла, што неяк няёмка займаць такую пасаду і нічога не рабіць самой, і далучылася.
«Калі ты працуеш дырэктаркай такой установы, то, на маю думку, гэта проста сорам нічога не магчы рабіць сваімі рукамі. Таму з тых курсаў я вынесла вельмі штам практычных ведаў. Спачатку мне вельмі спадабалася ткацтва, але, на жаль, гэта вельмі складаны працэс і, каб ім добра авалодаць, трэба больш цярпення і жадання, чым у мяне было на той момант», — расказвае вышывальшчыца.
Але як прайсці курсы і застацца без занятку? Таму вышыўка была выбрана па прынцыпе таго, што гэта лягчэй засвоіць. А паступова стала галоўным заняткам жыцця.
«Я пачала пакрышачку сабе вышываць. На курсах нам не давалі асновы традыцыйнай вышыўкі, і я вывучала гэта сама. Але праца аднімала шмат часу, ты кожную хвіліну вырашаеш нейкія гаспадарчыя і навуковыя пытанні», — кажа Рэгіна.
Вышыўка ўвайшла ў жыццё больш шчыльна толькі ў 2013 годзе, за плячыма было 24 гады працы ў культуры і Рэгіна вырашыла сысці з працы, каб стаць рамесніцай. Але доўга гэта не працягнулася.
«Стаць рамесніцай было гучна сказана. Я не змагла сядзець дома і займацца творчасцю, таму паспела папрацаваць яшчэ ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Толькі ў 2019 годзе, канчаткова вырашыўшы, што на дзяржаўнай працы такім, як я, не вельмі ёсць месца — у мяне заўсёды былі пытанні да кіраўніцтва, а ім гэта не вельмі падабалася — я канчаткова прысвяціла сябе вышыўцы», — расказвае Рэгіна.
Ручнік, які праходзіць праз чатыры пакаленні
Па першым часе гэта былі больш рэчы, якія яна рабіла для сям’і. Хутка з’явілася цікавая ідэя — вышыць усім чацвярым дзецям ручнікі на вяселле. Ідэя захапіла жанчыну, і яна пачала вышываць, а калі дзеці «скончыліся», перайшла на ручнікі пляменнікам, хросным і кажа, што ўжо нават не ведае, колькі ручнікоў і сурвэтак вышыла.
«Пры гэтым у мяне самой няма нічога», — смяецца Рэгіна.
Ад сваёй матулі жанчына атрымала некалькі вышытых рэчаў, але калі працавала дырэктарам Іўеўскага музея нацыянальных культур і трэба было папаўняць фонды — аддала. Аб гэтым рашэнні яна не шкадуе і спадзяецца на тое, што рэчы будуць захаваныя і людзі іх пабачаць. Але вельмі захацела пакінуць сваім дзецям нешта ў спадчыну.
Выйшаўшы замуж другі раз, Рэгіна патрапіла ў вельмі цікавую сямейную гісторыю: свякруха жанчыны захавала ручнік, які пачала вышываць яшчэ яе прабабуля, потым працягнула вышыўку бабуля, сама свякруха — і вось традыцыю трэба працягваць.
«Мне як нявестцы пакуль не даверылі працягваць над ім працу. Я, на жаль, не магу сказаць, што мая дачка захапляецца вышыўкай, але, магчыма, у будучыні ёй стане цікава стаць часткай такой цудоўнай сямейнай традыцыі», — гаворыць Рэгіна.
Крыжыкам ці процягам?
Спачатку жанчына спрабавала вышываць крыжыкам, але давалася гэта не вельмі проста. У гэтай тэхніцы важны таксама адваротны бок, а захаваць яго прыгожым — цяжка. Вышыўка процягам далася Рэгіне прасцей, але складаней стала жыццёвая сітуацыя.
«Калі я пачала ўжо сур’ёзна вывучаць вышыўку процягам, я была пад крымінальнай справай. Хутка атрымала тэрмін — «хатнюю хімію», і папросту мне не дазвалялі не тое, што пакідаць горад, нават пакідаць хату было цяжка», — узгадвае вышывальшчыца.
Таму праз знаёмых жанчына набыла кнігі Галіны Рудніцкай, выкладчыцы беларускай народнай вышыўкі, сябра беларускага саюза майстроў народнай творчасці, і пачала вучыцца.
У 2022 годзе, набраўшыся досведу, Рэгіна пачала спрабаваць вышываць па вопратцы. Праблемай было набыць тканіну — выязджаць з Іўя было па-ранейшаму нельга, таму шукала людзей у Інстаграме, якія займаюцца вышыўкай, каб параілі, якую тканіну замаўляць, і дачка набывала яе ў Менску.
Пераезд у Польшчу
12 мая 2023 года ў сястры Рэгіны быў юбілей — 60 год. У падарунак жанчына вырашыла вышыць кашулю, але паспела зрабіць толькі рукавы і патрапіла ў ШЫЗА на 10 сутак. Гэта было ўжо чацвёртае затрыманне, і Рэгіна разумела, што яна ўжо проста мусіць выехаць з Беларусі.
«Мне было так балюча, што я не зрабіла ёй гэты падарунак, думала ўвесь час, як прыдумаць выйсце. Але знайшлася майстрыца, якая сшыла кашулю, дадала крыху ўзораў па гарлавіне, і я паспела з падарункам», — згадвае Рэгіна.
У Польшчу вышывальшчыца пераехала напрыканцы красавіка. З адным маленькім заплечнікам. І ёй адразу настолькі пачало не хапаць вышыўкі, што яна тут жа кінулася шукаць тканіну і ніткі, каб хоць штосьці пачаць рабіць. Але тут усё незнаёмае, таму родныя хуценька сабралі перадачу з Беларусі з усім неабходным: кніжкі, тканіна, ніткі.
«Калі садзілася за першую сурвэтку, былі нават думкі аб тым, ці змагу я ўвогуле вышываць. Але мяне накрыла нейкае натхненне, і я пачала літаральна дзень і ноч вышываць.
Калі яшчэ знаходзілася на «хіміі» ў Беларусі, вышыўка для мяне была заняткам з разраду «а чым яшчэ займацца?». Для мяне гэта была псіхалагічная падтрымка. Традыцыйна жанчына сядае вышываць, калі ў яё добрыя думкі, светлыя пачуцці, у яе павінны быць чыстыя рукі. Гэта такі сакральны працэс. Я і зараз стараюся гэтага прытрымлівацца, але для мяне вельмі балюча, што я знаходжуся ў іншай краіне, што я пазбаўлена Беларусі. Але калі пачынала вышываць, я проста забывалася, дзе я знаходжуся», — распавядае Рэгіна.
Жанчына не вельмі любіць інтэрнэт, не бавіць час у сацыяльных сетках.
«У мяне заўсёды адчуванне, што я губляю час дарма. Таму я часта перакладаю любую сваю актыўнасць у «вышыўка-гадзіны». Вось пасядзела гадзінку ў інтэрнэце і аўтаматычна думаю, што магла б вышыць за гэты час. Асабліва зараз, калі светлавы дзень такі кароткі, а вочы ўжо не тыя, як у маладосці. Таму кожная гадзіна — каштоўная», — кажа Рэгіна.
«Няма нічога дрэннага, каб насіць вышытую кашулю з джынсамі»
Калі пачалі з’яўляцца першыя замовы, вышывальшчыца тлумачыла, што зрабіць дакладную копію не атрымаецца — няма дастаткова інфармацыі пра тое, як выглядалі традыцыйныя строі на Гарадзеншчыне. Але паступова ідэя рабіць дакладныя копіі традыцыйных строяў пачала адпускаць.
«Прымаючы замову, я заўсёды пытаюся ў чалавека, адкуль ён ці яна родам, з якога рэгіёна, для чаго ім гэта рэч патрэбна, як яе бачаць. Прасцей вышываць, калі ты ведаеш, каму вышываеш. Таму я часта прашу чалавека распавесці пра сябе, каб адчуваць якуюсьці сувязь.
Я тлумачу людзям, што яны павінны насіць вышытую рэч, па традыцыйных «нормах» яна не павінна вісець у шафе. Няма нічога дрэннага, калі чалавек хоча насіць кашулю, напрыклад, з джынсамі. Не абавязкова рабіць усё непасрэдна так, каб было традыцыйна», — тлумачыць Рэгіна.
У Польшчы Рэгіна пазнаёмілася з рэканструктаркай традыцыйных строяў, музыкай і тэлевядоўцай Кацярынай Ваданосавай і пайшла ў яе Школу традыцыйнага адзення.
«Я яшчэ больш зразумела, што магчыма ствараць не толькі копію, але і рэканструяваць адзенне таксама так, як ты яго бачыш. Можна захаваць сам крой, можна выкарыстоўваць тканіну, якая прыбліжана. Але калі я вазьму ўзор з гарадзенскага ручніка і вышыю яго на сваёй кашулі, я не лічу, што гэта будзе якімсьці вялікім парушэннем традыцый. Гэта ў любым выпадку лепш, чым не зрабіць нічога. І, канешне, я хацела і планавала займацца гэтым у Беларусі. Марыла, што ўсіх родзічаў апрану ў беларускія кашулі...», — кажа Рэгіна.
Мара — зацікавіць беларусак займацца вышыўкай
Творчасць для жанчыны — гэта ўсё. Калі за дзень не паспела нешта сплесці ці вышыць, з’яўляецца адчуванне, што проста дарма пражыла дзень.
«Спачатку ў мяне была ідэя апрануць як мага больш беларусаў у кашулі, а зараз змяніліся настрой і жаданне — я хачу як мага больш людзей далучыліся да таго, каб самім штосьці рабіць.
Я спрабую рухацца ў гэтым кірунку, пакуль не ведаю, як гэта атрымаецца, але спадзяюся атрымаць грант і праводзіць заняткі па вышыўцы процягам. Каб людзі селі разам за мной і зрабілі сабе нейкую рэч. Гэта не патрабуе нейкага спецыяльнага таленту, неабходна толькі жаданне», — лічыць вышывальшчыца.
Аднойчы, калі Рэгіна была ў гасцях, дачка сяброўкі атрымала пасылку з цікавым упрыгожаннем — кулончыкам з мапай Беларусі і слязінкай.
«Я зацікавілася, зайшла на іх старонку і пазнаёмілася з удзельнікамі праекта. Потым у іх з’явіўся праект «Сучасная вечнасць», дзе яны хацелі б расказаць пра людзей, якія займаюцца вышыўкай, і прапанавалі паўдзельнічаць. Я звычайна адклікаюся на розныя прапановы. У мяне папрасілі прыдумаць схему, я доўга сумнявалася, але спынілася на контуры мапы Беларусі, якую можна запоўніць на свой густ», — расказвае Рэгіна.
Спампаваць схему для вышыўкі ад Рэгіны Лавор можна на гэтай старонцы.
Жанчына лічыць, што часам людзі проста баяцца, што ў іх не атрымаецца, што гэта складана.
«Але гэта насколькі проста, што літаральна за дзень ты можаш вышыць сурвэтку», — кажа Рэгіна.
Зберагчы, павялічыць і прывезці ў Беларусь
«Мне здаецца, што зараз вельмі складана развіваць беларускую культуру, таму што творчыя людзі мысляць крыху інакш і аказваюцца на нейкай перадавой, таму што яны бліжэй да паняццяў нацыі, культуры і мовы. І, на жаль, так атрымліваецца, што ў сучаснай Беларусі такія людзі не могуць нармалёва існаваць, займацца творчасцю адкрыта. І так ужо прыстасавацца да тых умоваў... Не ведаю, ці магчыма гэта?», — разважае Рэгіна.
Але яна верыць, што гэта не пазбаўляе нашу культуру развіцця.
«Калі я апынулася за мяжой, усё маё існаванне сканцэнтравалася на тым, каб гэта яшчэ больш зберагчы, павялічыць і распаўсюдзіць. Калі мы вернемся ў Беларусь, мы напоўнім краіну ўсім тым, што запаслі тут. Гэта вельмі важна, што зараз усе аб’ядноўваюцца і спрабуюць вучыцца і нешта рабіць.
Адкрыццё новых школ і курсаў у розных гарадах Польшчы і Літвы паказвае, што гэта ўсё патрэбна, што гэта адгукаецца. Туды прыходзяць людзі, якія раней не вышывалі, а зараз хочуць паспрабаваць. А потым яны яшчэ некаму раскажуць, перададуць і жаданне, і веды. Магчыма, тут гэта будзе хутчэй распаўсюджвацца, чым у самой Беларусі. Шкада, што склалася так, але я ведаю, што гэта не прыйдзе ў заняпад, пакуль ёсць людзі, якім гэта патрэбна», — лічыць вышывальшчыца.
Фота з асабістага архіва Рэгіны Лавор
Таццяна Валошка, budzma.org