Акт Варшаўскай канфедэрацыі, прыняты соймам 28 студзеня 1573 года, быў глытком свежага паветра ў тагачаснай Еўропе, якая пакутавала на шматлікія рэлігійныя канфлікты. Гарантаваная для шляхты свабода веравызнання Рэчы Паспалітай стала асновай рэлігійнай палітыкі і адначасова сімвалам адкрытасці і талерантнасці.
Хто быў ініцыятарам Акта Варшаўскай Канфедэрацыі? Пры якіх абставінах ён быў прыняты? Пры чым тут Генрых Валуа? Хто пратэставаў супраць Акта і як ён урэшце стаў соймавай канстытуцыяй? Хто з тэрыторыі сучаснай Беларусі падпісваў Акт? Распавядаем у артыкуле.
Акт Варшаўскай канфедэрацыі. Фота: Галоўны Архіў Даўніх Актаў у Варшаве (AGAD)
Акт Варшаўскай канфедэрацыі ўвёў у палітычную сістэму прынцыпы, якія цяпер належаць да канону правоў чалавека — сфармаванага толькі некалькі стагоддзяў пазней. Людзі розных канфесій з усёй Еўропы сяліліся ў Вялікім Княстве Літоўскім і Кароне без страху, узбагачаючы дзяржаву нашых продкаў культурна і матэрыяльна.
Тэкст Акта Варшаўскай Канфедэрацыі цалкам увайшоў у Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Па гэтым Асноўным законе дзяржавы жыхары жылі наступныя 200 гадоў.
Пасля смерці апошняга вялікага князя літоўскага і караля польскага з дынастыі Ягелонаў Жыгімонта Аўгуста, з 6 па 29 студзеня 1573 года, адбываўся канвакацыйны сойм, галоўнай мэтай якога было вызначыць дату і месца абрання новага ўладара. Тэмай паседжання быў таксама праект дакумента аб забеспячэнні свабоды веравызнання шляхты ў Рэчы Паспалітай.
У сувязі з тым, што дэбаты адбываліся ў перыяд міжкаралеўя, адпаведнай формай забеспячэння правамоцнасці пастановаў было стварэнне генеральнай канфедэрацыі.
Пячаткі ўдзельнікаў. Фота: Галоўны Архіў Даўніх Актаў у Варшаве (AGAD)
Ініцыятарамі акта, закліканага забяспечыць «рэлігійны мір», былі, на думку гісторыкаў, прадстаўнікі роду Збароўскіх. Была створаная камісія з 15 чалавек пад старшынствам сенатара Станіслава Карнкоўскага. Яе паседжанні праходзілі з 22 па 27 студзеня. Праект таксама некалькі разоў перафармулёўваўся, каб стаць кампрамісным актам паміж каталікамі і пратэстантамі.
Асабліва яркімі пагрозамі парушэння спакою былі падзеі ў Францыі, акурат напярэдадні Акта: Барталамееўская ноч, калі былі забітыя тысячы французскіх пратэстантаў — гугенотаў. Дадатковы цымус быў яшчэ і ў тым, што сярод галоўных прэтэндэнтаў на трон у Рэчы Паспалітай быў актыўны ўдзельнік парыжскіх падзеяў — брат караля Францыі Генрых Валуа. Зрэшты, яго і абралі кіраваць ВКЛ і Каронай.
«Мы, Рады каронныя, духоўныя і свецкія, і ўсё рыцарства, і іншыя станы адзінай і непадзельнай Рэчы Паспалітай ад Вялікай і Малой Польшчы, Вялікага Княства Літоўскага, Кіева, Валыні, Падлясся, з зямлі Рускай, Прускай, Паморскай, Жмудскай, Інфлянцкай зямлі і каронных гарадоў.
Такім чынам, цвёрдай, адзінай згодай і святым абяцаннем мы ўсе разам, у імя ўсёй Рэчы Паспалітай, абяцаем і звязваем сябе сваёй верай і сумленнем. Па-першае, не чыніце між намі ніякага падзелу.
Паколькі ў Рэчы Паспалітай нямалая розніца ў хрысціянскай веры, пільнуючыся, каб з гэтай прычыны сярод людзей не ўзнік шкодны бунт, якія мы выразна бачым у іншых каралеўствах, мы абяцаем за нас і за нашых нашчадкаў на вякі вякоў, пад абавязацельствам прысягі, у веры, гонару і нашым сумленні, каб мы, dissidentes de religione [розныя ў веры], захоўвалі мір паміж сабой і не пралівалі крыві за розную веру і адрозненні ў Касцёлах, ні каралі адзін аднаго канфіскацыяй маёмасці, зняволеннем і выгнаннем».
«Беларуская пячатка» Мікалая Радзівіла «Рудога» на Акце. Фота: Галоўны Архіў Даўніх Актаў у Варшаве (AGAD)
Гісторык Марэк Корнат піша, што «Акт верацярпімасці Варшаўскай канфедэрацыі быў кульмінацыяй вялікай праграмы аднаўлення ўсёй Рэчы Паспалітай у сярэдзіне XVI стагоддзя. Нягледзячы на тое, што прынцып талерантнасці распаўсюджваўся на шляхту — пануючы клас у дзяржаве — не толькі пратэстанцкая шляхта скарысталася правам захоўваць сваю рэлігію, бо бенефіцыярамі сталі і мяшчане».
Аднак заставалася ў сіле ўдакладненне аб тым, што гарантыя верацярпімасці не можа распаўсюджвацца на сялянаў, бо гэта падрывае асновы сялянскага прыгону. Акт не распаўсюджваўся і на праваслаўных, пра якіх гаварылася толькі на элекцыйным сойме падчас дыскусіі.
Супраць Акта Варшаўскай канфедэрацыі пратэставалі многія каталіцкія іерархі.
У пратэсце гаварылася, што канфедэрацыя дапускала распаўсюд бязбожжа ў хрысціянскай дзяржаве і ўтрымлівала блюзнерства. Біскупы сцвярджалі, што артыкулы аб рэлігійным міры таксама супярэчаць прывілеям духавенства і што дэпутаты не ўпаўнаважаны соймікамі прымаць такія пастановы. Сярод біскупаў за канфедэрацыю выказаўся толькі падканцлер каронны Францішак Красінскі. Тады пратэстанцкія дысідэнты адкрыта пагражалі грамадзянскай вайной.
У выніку большасцю галасоў 28 студзеня 1573 года Акт быў прыняты.
Акт Варшаўскай канфедэрацыі стаў соймавай канстытуцыяй пасля таго, як ён быў ратыфікаваны разам з «Генрыхавымі артыкуламі» Стэфанам Баторыем у 1576 годзе. Афіцыйны тэкст дакумента быў апублікаваны ў зборніку соймавых канстытуцый 1579 года. З таго часу кожны абраны вялікі князь літоўскі і кароль Польшчы падчас сваёй каранацыі пацвярджаў гэты Акт. Краіна стала прытулкам для іншаверцаў з многіх краін Еўропы.
Філосаф Кшыштаф Бжэхчын на гэтую тэму адзначаў: «Шляхта ў сярэдзіне XVI стагоддзя імкнулася рэфармаваць дзяржаву насуперак інтарэсам магнатаў. Яна не хацела дадаткова падзяляць сябе ў рэлігійным плане. Па гэтай прычыне прадстаўнікі шляхецкага саслоўя, незалежна ад веравызнання, прымалі ўдзел у сойміках, якія праводзіліся ў каталіцкіх касцёлах, выбіраліся на сойм і маглі займаць пасады і засядаць у судовых трыбуналах».
Напрыклад, у сойме, які ўвёў Люблінскую унію 1569 года, было 58 сенатараў-пратэстантаў, 2 сенатары-праваслаўныя і 55 сенатараў-каталікоў (у тым ліку 15 біскупаў).
Французскі гісторык Жан Беранжэ пісаў пра тры тыпы талерантнасці.
Першы — пакінуць канкрэтнай меншасці права захоўваць свой уласны светапогляд, але без магчымасці выказваць яго публічна.
Другі — абарона права на прыватнае веравызнанне.
Трэці — свабода культу, які выконваецца публічна.
Акт Варшаўскай канфедэрацыі і наступныя абавязкі манархаў усталявалі гарантыі ва ўсіх трох сферах.
Пячаткі ўдзельнікаў. Фота: Галоўны Архіў Даўніх Актаў у Варшаве (AGAD)
З тэксту Акта:
«І для большай пэўнасці ўсяго гэтага, што напісана, Мы паставілі нашы пячаткі і падпісалі іх сваімі рукамі».
З 209 падвешаных пячатак, знойдзеных падчас апошніх кансервацыйных працаў, ёсць 181 пячатка з выбітымі гербамі падпісантаў, 27 пустых (без адбітка) і адзін фрагмент. Яны вісяць у сем шэрагаў, у кожным шэрагу павінна было быць па 32 пячаткі на 16 шнурах. Гэта значыць, паводле здагадкі даследчыкаў, што на час стварэння дакумента магло быць, верагодна, 224 пячаткі.
Сярод вызначаных падпісантаў з тэрыторыі сучаснай Беларусі можна вылучыць некаторых: Павел Пац, кашталян віцебскі, Адам Пацей, пісар земскі берасцейскі, і іншыя.
Дакумент аб прызнанні UNESCO. Фота: unesco.org
Акт быў уключаны ў Сусветны спіс праграмы UNESCO «Памяць свету» ў 2003 годзе.
Павал Хадзінскі, budzma.org