Пакуль хтосьці ўжо падбівае свае вынікі года і ставіць мэты на наступны, беларускія рэперы не спяшаюцца ставіць кропку, актыўна выпускаючы і прасоўваючы свае новыя рэлізы. Сёння пра тое, чаму доўгае маўчанне — не вырак, як можна зрабіць мясцовы дыялект модным і чаму аб’яднаць рэп і рок — гэта крута, а не ўтапічна.
Не заўжды будзе цемра, браце
Пасля доўгага маўчання, рэпер Vinsent парадаваў сваіх слухачоў новым сінглам «Не заўжды». Разам з песняй, артыст прэзентаваў і кліп, які чотка адлюстроўвае галоўную думку сінгла — усё не назаўжды, мы хутка вернемся дадому.
Трэба сказаць, што гэта яшчэ адна песня з цыкла так званых «эмігранцкіх», якія выходзілі ў вялікай колькасці гэтай восенню ад абсалютна розных беларускіх выканаўцаў. Яно і зразумела, бо прыйшоў час вострай рэфлексіі, якая патрэбна і слухачам і самім артыстам. Аднак, на мой сціплы погляд, ужо зашмат.
Трэк Вінсэнта тэксталагічны. Тут ёсць адвечнае пытанне пра тое, што для цябе дом. Унутраныя пакуты, разбітыя надзеі і вера ў лепшае. Інструментал з павольнай фартэпіяннай партыі пакрысе нарастае і пераходзіць у біт з бубнамі. Кампазіцыя ўспрымаецца больш поўнай толькі ў камплекце з візуалам, таму раю слухаць і глядзець адначасова, каб лепш прасякнуцца гэтым трэкам. Плакаць падчас прагляду дазваляецца.
Арыгінальны жаночы рэп у падляскім дыялекце
На мінулым тыдні ў беларускі цік-ток прасачылася сумесная праца польскага саўнд-прадзюсара Sw@da і беларускі Нікі Юрчук пад псеўданімам Niczos.
Трэк з назвай «Chadžu ja» з пэўным моладзевым запалам распавядае пра дзяўчыну, якая прагне жыцця і ведае, чаго хоча. Тэкст кампазіцыі — беларуская мова ў падляскім дыялекце, што гучыць вельмі стылёва. Біт, чытка, вакал, вобразнасць — усё зроблена густоўна і якасна, з чаго можна зрабіць вынік, што калабарацыя сваіх мэтаў дасягнула.
Песня мае круты візуал на ютубе ў стылі live session, а вялікая колькасць беларускіх каментароў пад відэа сапраўды ўражвае. Файны трэк, каб павайбіць пад яго зімовым вечарам, га?
Пра тое, што баліць
Сінгл «Апошні» — дэбютная праца праекта litara eR. Гэта яшчэ адна песня, якая распавядае пра рэпрэсіі на тэрыторыі Беларусі, закранаючы ноч расстраляных паэтаў. Кампазіцыя сціскае сэрца сваім інструменталам і пранікнёным тэкстам, які паступова гучыць усё больш уедліва, прабіраючы да дрыжыкаў.
Гэтую кампазіцыю нельга назваць паўнавартасная песняй, але нельга і проста вершам. Гэта сапраўдны крык душы, што не суцішыць нічым. Варта праслухаць і самому ўсё зразумець.
Хатні Томпсан, budzma.org