Андрэй Цяпін — беларускі музыка, выканаўца рэп-кор гурта Tyapin CREW. У 2020 годзе з’ехаў у Варшаву, дзе некаторы час працаваў вядучым на канале NEXTA. Атрымаўшы грын-карту, эміграваў у штаты і з 2023 года жыве ў Лос-Анджэлесе.
Папрасілі Андрэя распавесці пра тое, чаго ён чакаў ад жыцця ў новай краіне і што атрымалася на самой справе.
Андрэй Цяпін, фота з асабістага архіву музыкі
Пра чаканні і мультыкультурнасць
Не магу сказаць, што я чагосьці чакаў ад усіх маіх пераездаў. Уласна, як не чакаў і іх саміх. Польшча з’явілася ў мяне, як і ў жыцці шмат якіх беларусаў. Ужо там стала вядома, што выйграў грын-карту ЗША. Усёй краіны я пакуль што не бачыў, таму раскажу толькі пра Лос-Анджэлес. Ні многа ні мала, але памер усёй агламерацыі — амаль палова Беларусі.
Фота Аляксея Пятровіча
Першае, што кідаецца ў вочы — гэта мультыкультурнасць. Тут людзі з усяго свету, і кожны нясе з сабою кавалак сваёй самабытнасці, мовы, культуры. У залежнасці ад раёна, горада канцэнтрацыя тых ці іншых культур змяняецца, а з імі і архітэктура, чысціня вуліц, наяўнасць бамжэй і крыміналу. Нават законы ў розных частках LA адрозніваюцца.
Фота Аляксея Пятровіча
Пра працу
Раней чуў, што ў ЗША шмат працуюць. Нават па 12 гадзін. Гэта праўда. Але ніхто цябе не прымушае, і ты робіш гэта выключна для сябе.
Не магу сказаць, што ў Беларусі я працаваў менш. Заўсёды было некалькі работ, каб не толькі аплочваць неабходныя рэчы, але і інвеставаць у творчасць. Таму ў сэнсе часу ў мяне мала што змянілася. Заробкі вышэйшыя, але і кошты значна большыя.
Страта працы — гэта часта вялікі адкат назад з лютым стрэсам.
Фота Аляксея Пятровіча
Пра асэнсаванне свабоды
Але толькі тут я пачаў неяк па-новаму асэнсоўваць свабоду. Людзі самі абіраюць сваё месца ў грамадстве. Дзяржава дае шмат бенефітаў для кожнага, і ўсё ў тваіх руках.
Фота Аляксея Пятровіча
Размаўляў аднойчы с бяздомным і высветлілася, што яму па кайфу жыць на вуліцы. Дзяржаўная праграма дае яму прадукты, месца жыхарства часам мяняецца. Жыве ў вялікім намёце з вай-фаем, плазмаю, ікс-боксам і макбукам. Ужывае крэк, ім жа і гандлюе, зарабляючы на жыццё.
Фота Андрэя Цяпіна
Дарэчы, у краіне сусветнавядомых каўбояў Мальбара месцаў для палення амаль не існуе! Чыліў на пляжы Санта-Моніка і прыйшлося прагуляцца, каб папаліць тытунь. Але калі паліш марыхуану, то можаш атрымаць камплімент — маўляў, смачна пахне. Альбо знайсці новага кароткатэрміновага сябра.
Фота Аляксея Пятровіча
Пра культурнае жыццё
LA — сусветная сталіца, і любая імпрэза тут здзіўляе, і ў цябе эмацыянальныя арэлі: туды-сюды, туды-сюды. З аднаго боку, слухаеш, падабаецца, усмешка з твару не сыходзіць. З іншага — што я, бездар, тут раблю?
Фота Андрэя Цяпіна
Моцных імпрэз сапраўды шмат, але не ўсе яны буйныя. Хутчэй наадварот. Можна трапіць на выступ якога-небудзь сусветнага топа ў лакальным бары. Я сабе гэта тлумачу тым, што ў LA большасць кантэнт вырабляе, а не спажывае. Магчыма, мая тэорыя «сабраў пляцоўку на 150 чалавек у LA — можна ехаць у тур па ЗША» — не толькі тэорыя.
Фота Аляксея Пятровіча
Пра ўласныя асцярогі і агульны настрой
Было боязна, што ў капіталістычным свеце ўсё за грошы, але гэта не так. Бартэр, праца ў партфоліа, жаданне нешта ствараць нікуды ў людзей не дзелася. Гэта крута!
Увогуле, мне вельмі падабаецца агульны настрой. Усе ветлівыя, і смол-толкі не заўсёды маленькія. Патанчыць альбо паспяваць у магазіне — норма. Сумны твар — рэдкасць і хутчэй выкліке насцярожанасць. Свісцець таксама можна дзе заўгодна, грошы будуць!
Калі твае дзеянні пазітыўныя і не перашкаджаюць навакольным, то ўсё будзе добра.
Фота з асабістага архіву Андрэя Цяпіна
Паліна Часноўская, budzma.org
Чытайце яшчэ: Пігмеі, малярыя і палігамія: беларуска Аляксандра Бузун распавяла пра жыццё на афрыканскім экватары