— На вуліцах тут усе цябе называюць «ла блёнж». «Эй, белая, хадзі сюды!». Іншага звароту няма. Барані цябе божа адказаць ім: «Эй, чорны».
— Мясцовыя дзяўчаты да гэтага часу мараць пра белага прынца. У фінансавым плане тут лічыцца вельмі крута выйсці замуж за еўрапейца.
— Калі мясцовыя дакучалі ў сваім жаданні пазнаёміцца, я адчувала сябе некамфортна, а потым знайшла выйсце — калі ішла кудысьці гуляць, то брала з сабой сабаку. Мясцовыя жыхары дзіка баяцца сабак.
Так Аляксандра Бузун распавядае пра Габон — краіну, дзе яна планавала правесці два месяцы, а затрымалася на паўтара года. Саша — акардэаністка з кансерваторскай адукацыяй. Пасля вучобы ў Акадэміі музыкі працавала «на кантрактах» у Макао і Мумбаі, але ў Цэнтральную Афрыку паляцела за кампанію — са сваім партнёрам.
«Да мяне з Францыі прыехаў мой хлопец, ён пілот, — згадвае Саша падзеі перыяду глабальнага лакдаўна. — У яго быў адпачынак на нявызначаны час, таму што нічога не лятала. А потым Жэрому патэлефанавалі і сказалі, што ў Афрыку тэрмінова патрабуецца пілот. Так мы паляцелі на экватар у сталіцу Габона Лібервіль».
Аляксандра Бузун
Габон, або Габонская рэспубліка — гэта невялікая дзяржава ў цэнтральнай частцы Афрыкі. У краіне, якая колькасцю сваіх прыродных рэсурсаў не саступае Эміратам, жыве каля двух мільёнаў чалавек. Доўгі час Габон быў французскай калоніяй і атрымаў незалежнасць толькі ў 1960 годзе. Да гэтага часу грамадства тут вельмі моцна падзелена на экспатаў і мясцовых. Большасць габонцаў не жадаюць кантактаваць з тымі, хто прыехаў, і па сённяшні дзень ва ўсіх сваіх бедах вінавацяць французаў. У краіне, дзе ўзровень адукацыі нізкі, а сваіх спецыялістаў амаль няма, квітнеюць карупцыя і хабарніцтва.
«Афрыка — гэта вялізны кантынент і дзясяткі краін. Ёсць вельмі паспяховыя прыклады, дзе чыста, культурна, людзі імкнуцца да агульначалавечых каштоўнасцей. А ёсць такія краіны, як Габон, дзе жывуць гультаі. Мара габонца — сядзець у офісе ў прыгожым гарнітуры пад кандыцыянерам, рабіць выгляд, што працуеш, і атрымліваць за гэта грошы», — дзеліцца назіраннямі Аляксандра.
— Нават для таго, каб здабыць нафту, ім трэба запрашаць замежных спецыялістаў, бо самі яны паняцця не маюць, што з ёй рабіць. Іх лясы сваімі варварскімі вырубкамі нішчаць індусы і кітайцы. І ўсё таму, што габонцы вельмі любяць грошы. У гэтых людзей цалкам адсутнічае мысленне на перспектыву.
— Але хоць штосьці яны ўмеюць добра рабіць?
— Жыць сённяшнім днём і абстрагавацца ад праблем ды адказнасці. А яшчэ кажуць, што яны вельмі добра займаюцца сексам.
У нейкі момант нашай размовы Аляксандра пачынае перажываць, што апісвае Габон занадта ўжо шавіністычна. «Трэба знізіць градус», — смяецца беларуска і кажа, што ў габонцаў усё яшчэ мае каштоўнасць інстытут сям’і, падтрымка блізкіх, і агулам яны даволі прыязныя людзі. Вонкавае ж нежаданне размаўляць з іншаземцамі наша гераіня тлумачыць хіба тым, што ў габонцаў да гэтага часу няма адчування роўнасці.
«Самая неабходная рэч у Афрыцы — гэта кроксы»
— Беднасць, спякота, малярыя: што праўда з гэтага прымітыўнага набору стэрэатыпаў пра Афрыку?
— Ад малярыі я ледзь не памерла. Гэта вельмі вялікая рызыка, на якую ты свядома ідзеш. Прышчэпкі ад хваробы няма, але ёсць вельмі эфектыўны прэпарат, які трэба прыняць своечасова, чаго я не зрабіла. Малярыя — гэта паразіт, які знішчае твае крывяныя цельцы, у цябе пачынаецца анемія, гепатыт. Спачатку адмаўляюць ныркі, потым лёгкія, печань. Дзесяць дзён я праляжала ў рэанімацыі ў цяжкім стане.
— Далей па спісе ў нас беднасць...
— Я была ў шоку ад коштаў! Яны там парыжскія. У Габоне практычна няма сваёй вытворчасці і амаль усё экспартуецца. Нават мясцовую садавіну і гародніну вязуць з суседніх Конга і Камеруна, да такой ступені габонцы не любяць напружваць сябе фізічнай працай. Кіло бананаў — 1,5 еўра, апельсіны, прывезеныя з Францыі — 2 еўра, бутэлька вады — еўра. Бульба даражэй за беларускую ўтрая. Сярэдні чэк у рэстаране 30 еўра, але ў мясцовай забягалаўцы, вядома, танней, 5–6 еўра. У іх, дарэчы, вельмі смачныя авакада і рыба, якая заўсёды свежая, з акіяна.
— На вялікім гарадскім рынку можна знайсці і вельмі танныя прадукты, але я гэта зразумела толькі перад ад’ездам. Мінімальная зарплата ў Габоне 200 еўра. Таксама там вельмі распаўсюджана, калі хтосьці адзін у сям’і зарабляе вялікія грошы і ўтрымлівае ўсіх астатніх сваякоў. У вёсках людзі займаюцца паляваннем і маюць штосьці кшталту агарода.
— Клімат уразіў не так, як кошты?
— Хіба што вільготнасць вельмі высокая. Тэмпература на працягу года адна і тая ж, каля 30 градусаў. Адзінае, што з траўня па верасень у іх пачынаецца так званая афрыканская зіма, сухі сезон. Так што прывезла з сабой у Еўропу бранхіт.
— Ты, дарэчы, не выглядаеш, як чалавек з экватара. Як жа афрыканскі загар?
— Сонца там бязлітаснае, у мяне з’явілася куча маршчын, і я тэрмінова стала ратавацца сонцаахоўным крэмам. У Габоне такі знайсці даволі праблематычна, бо ім ніхто не карыстаецца. Касметыку таксама лепш прывозіць з сабой, «Аліэкспрэса» і «Амазона» там няма. Дакладней, ёсць, але дастаўка каштуе як крыло самалёта. Не заўсёды можна купіць патрэбныя лекі, і ў Габоне яны вельмі дарагія. Але самая неабходная рэч у Афрыцы — гэта кроксы (абутак маркі Сrocs — аўт.). Ад дажджу і пылу твае суперкрасоўкі або скураныя сандалі разваляцца, а кроксы выжывуць, і ты скажаш дзякуй тым, хто іх стварыў.
Цяпер Аляксандра знаходзіцца ў Вільні і жартуе, што нарэшце вяртаецца да цывілізацыі. Дарэчы, каб вылецець (!) з Габона, дзяўчыне прыйшлося зрабіць exit-візу, якая каштуе каля 100 еўра. Больш за тое, на асабістым дэпазіце, які па габонскіх законах абавязаны зрабіць кожны іншаземец, у яе засталося 1500 долараў. Як вярнуць гэтую суму — невядома. «Такі вось легальны спосаб адхапаць чужыя грошы», — падсумоўвае наша гераіня.
«У Афрыцы я вывучыла французскую мову»
За паўтара года жыцця ў Афрыцы дзяўчына не толькі пазнаёмілася з мясцовымі норавамі, але і вывучыла французскую мову. «Габон — франкамоўная краіна. Хаця мой партнёр і француз, але да гэтага мы заўсёды размаўлялі на англійскай», — прыгадвае Саша цяжкасці адаптацыі.
— Калі ў кампаніі больш за тры французы, ніхто не стане размаўляць з табой па-англійску. Псіхалагічна было цяжка знаходзіцца па-за кантэкстам, я не магла тузаць свайго хлопца, каб ён мне ўвесь час перакладаў. Прыйшлося вучыць французскую.
— Ну Афрыка — ясная справа. А ад французаў мы адрозніваемся?
— Мне вельмі падабаецца іх незалежнасць ад чужога меркавання, іх цярпімасць, талерантнасць. У іх неверагодны ўзровень эмпатыі. Часам гэта магло нават раздражняць. Ну як можна хвалявацца, што на другім канцы свету падняўся ўзровень вады? З іншага боку, яны пазбягаюць глыбока асабістых, траўматычных тэм. Я бачу, што ў Жэрома адсутнічае гэты момант эмацыйнай рэфлексіі. Яны не аматары сябе напружыць.
«У габонскіх тропіках да гэтага часу жывуць пігмеі»
— Саша, а якія самыя цёплыя ўспаміны аб Габоне?
— Сапраўдная, дзікая, рэліктавая прырода! 80 працэнтаў тэрыторыі краіны — гэта вечназялёныя трапічныя лясы. Габон — не надта турыстычнае месца, сюды даязджаюць толькі самыя дасведчаныя — напрыклад, паглядзець на гарыл, папуляцыя якіх захавалася толькі ў гэтай частцы свету. У габонскіх тропіках да гэтага часу жывуць пігмеі, жыхары лесу. Яны ніжэй ростам, крыху больш светлыя, чым звычайныя афрыканцы. У іх свой лад жыцця, яны носьбіты неверагодных ведаў пра лес, расліны, жывёл, усё гэта перадаецца толькі ў вуснай форме. Ніхто дакладна не ведае, колькі засталося такіх людзей. У мясцовых пігмеяў ёсць ініцыяцыі, якія суправаджаюцца ўжываннем галюцынагеннай расліны. Многія прызнаюцца, што гэта неверагодны трансцэдэнтальны вопыт, і едуць у Габон, каб акунуцца ў першабытную атмасферу.
«Наогул Афрыка вельмі яркая. Амаль усе з касічкамі, дзяўчаты любяць прыбірацца. Яны ўсе з формамі, якія стараюцца падкрэсліць. Любяць макіяж. Пра фемінізм увогуле ніхто не чуў», — смяецца Аляксандра.
— На габонскіх вяселлях у іх ёсць абавязковая цырымонія перамоваў паміж сем’ямі, калі ў жаніха пытаюцца, які тып адносін ён абірае — манагамію або палігамію. Тут дазваляецца мець некалькі жонак, але не рэкамендуецца жаніцца людзям аднаго племені. Шмат цікавых цырымоній ёсць на пахаванні, гэта сапраўдны фестываль — танцоўшчыкі, музыка, фуршэт, і так на працягу некалькіх дзён.
«Я стала жыць па-афрыканску»
— Саша, некалькі гадоў ты пражыла ў Макао, працавала ў Індыі. Цяпер — Цэнтральная Афрыка. У тваім адчуванні свету і сябе нешта памянялася?
— Габон не ўваходзіў у мае планы, але гэта была паўза ў вельмі складаныя паўтара года. Я з’ехала з Беларусі ў жніўні 2020-га, потым здарылася 24 лютага. Цяпер я перастала факусавацца на чымсьці глабальным і стала жыць па-афрыканску — сённяшнім днём, каб захаваць стабільнасць і не праваліцца ў цемру. Цяпер мне вельмі хочацца вярнуцца ў нармальнае жыццё, вярнуцца ў прафесію. У Габоне я пазнаёмілася з джазавым трубачом, ён француз. Неверагодны музыка. Мы сустрэліся выпадкова і пачалі граць разам джазавыя стандарты. Пасля акадэмічнай адукацыі пераступіць парог больш свабоднай імправізацыі вельмі цяжка. Боязь зрабіць штосьці не так... Але дзякуючы яму мяне адпусціла. Я дазволіла сабе памыляцца і зараз спакойна магу акампанаваць джазавыя стандарты, пачала крыху імправізаваць.
— А вяртанне ў Беларусь не палохае? Гэта ўжо іншая краіна...
— Адчуванне насцярожанасці. Я разумею, што ўсё непрадказальна, але мне вельмі хочацца дадому.
фота з асабістага архіву А. Бузун
Паліна Часноўская, budzma.org