Арган у гродзенскім Фарным касцёле аднаўлялі каля двух гадоў. У нядзелю 4 жніўня яго ўрачыста асвяціць мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі, піша hrodna.life.
Арган у Фарным касцёле ў Гродне. Фота: Advocate I, Яндекс Карты
Урачыстая служба ў касцёле пачнецца ў 12.00. У час яе адбудзецца асвячэнне аргана. Пасля імшы можна будзе паслухаць гучанне адноўленага інструмента. Пра гэта паведамілі ў парафіяльных аб’явах у касцёле.
Рамонт аргана пачаўся восенню 2022 года. Тады яго амаль цалкам разабралі па дэталях, пакінуўшы толькі каркас. Ужо праз год інструмент быў сабраны і пафарбаваны нанова. Цяпер ён гучыць рэгулярна ў час службаў і часам паміж імі.
Адкрыццё прымеркавалі да парафіяльнага свята
Адкрыццё аргана пасля рамонту прымеркавалі да свята Маці Божай Кангрэгацкай — яе ікона лічыцца сярод вернікаў цудатворнай. Урачыстасць гэтай іконы адзначаюць у Фарным касцёле штогод 3−4 жніўня. Сёлета ўрачыстасць юбілейная — спаўняецца 360 гадоў з моманту, калі ікону перадалі ў гродзенскі езуіцкі касцёл.
Што вядома пра арган з Фарнага касцёла
Арган у кафедральным саборы Святога Францыска Ксаверыя — адзін з самых вялікіх у Беларусі. Яго зрабілі ў 1937 годзе ў варшаўска-віленскай фірме «Wacław Biernacki». У тыя часы гэта была адна з трох найбуйнейшых фірмаў па вытворчасці арганаў у Польшчы. Яна выраблялі арганы для многіх сабораў і для Варшаўскай і Кракаўскай кансерваторый.
Рэстаўрацыя аргана ў Фарным касцёле ў Гродне, 9 лістапада 2022 года. Фота: Urban Hrodna
Верагодна, Бернацкі разбудоўваў ужо існуючы раней у Гродне арган. Ёсць таксама гарадская легенда, што пачаткова гэты арган стаяў у Фары Вітаўта і быў перанесены ў кафедральны сабор у час Другой сусветнай вайны. Там яго нібыта размясцілі ў шафе ад папярэдняга аргана. Гэта можа пацвярджаць налепка ўнутры аргана з пазнакай атрымальніка заказа — «prob.par.wojsk.» — што азначае «настаяцель вайсковага прыхода». А Фара Вітаўта ў міжваенны час была менавіта гарнізонным касцёлам.
Чытайце яшчэ: Пяць касцёлаў Гродзенскай вобласці, куды абавязкова трэба трапіць