У гурта «Мутнаевока» сёння ўначы адбыўся рэліз новага альбома з гучнай назвай «Антыдэпрэсанты». Афіцыйна пра рэліз, гурт паведаміў 13-га лютага публікацыямі ў сваіх акаўнтах у Instagram і Х (раней Twitter). Нам заставалася толькі скрыжаваць пальцы і чакаць.
Апошні паўнавартасны альбом ад калектыву мы маглі пачуць у далёкім 2018-м, калі свет быў зусім іншы. Тады мы атрымалі 10 трэкаў, зараз 5. Блістар з антыдэпрэсантамі стаў менш напалову. Напэўна, крызіс.
Кардынальна па тэкстах і сэнсах хлопцы не вынаходзяць ровар, лірыка песень па-ранейшаму пабудавана на асацыятыўных сацыяльных вобразах жыцця, смерці, любові, маргінальнасці. Але іх пасажы сталі больш гарманічнымі, калі мы бяромся разглядаць тое, як вакал суадносіцца з музыкай. Менш той шалёнай юнацкай гарачнасці і запалу, ад якіх плавяцца не толькі сэрцы слухачоў-олдаў, але часам і правады ў электрагітарах.
Для мяне гэта штосьці са знакам плюс, бо гурт, відавочна, стаў больш слухабельным. Як прыклад — учэпістыя прыпевы, што заядаюць у галаве. Класны мікс інструменталу з вакальнымі часткамі стварае агульную карціну, накшталт Босха, дзе ты доўга ўглядаешся ў кожную дэталь.
Аднак для сябе адзначыў, што «Антыдэпрэсанты» сугучныя з тым, што робяць магілёўцы Akute. І зноў-такі гэта не папрок і не камень у чыйсьці агарод. Цяпер яны проста так адчуваюць. Як і я адчуваю рок-н-рол-матывы ў песні «Каласы», напрыклад. Можаце нават пачаць слухаць альбом з гэтага трэка. Упэўнены, што спадабаецца.
Гэта ўсё той жа гурт Мутнаевока, які вярнуўся больш якасным, лірычным, моцным і такім, якім вы самі яго ўбачыце, скрозь усе гэтыя 5 песень, пяшчотна складзеных у адзін зборнік.
Хатні Томпсан, budzma.org