Твор прысвечаны выбарам, «у асноўным тыя, што ў Беларусі, бо ў Літве я пакуль яшчэ доўга не прагаласую», напісаў гомельскі рок-музыкант Уладзіслаў «Нож» Наважылаў. «Штодзень» паразмаўляў з ім пра новую песню.
Уладзіслаў Наважылаў, музыка. Фота: Будзьма
«Тут сышліся два фактары. Я па-літоўску хацеў праспяваць яшчэ з 1990-га году, — сказаў музыка. — Наглядзеўся тады на літоўцаў і падумаў: «Ну гучыць жа! Цікава!» Як кажуць, няроўна дыхаў да гэтага ўсяго. І калі апынуўся тут (у Літве, Штодзень), падумаў: «Ну ўсё, буду лабаць»».
Уладзіслаў кажа, што словы для песні ў выніку вырашыў перакласці, для гэтага ўзяў стары верш. «З 2021 годзе я не пішу па-расейску. Толькі па-беларуску, гэта прынцыповая пазіцыя, і мяняць яе я не буду. Але раней было шмат вершаў па-расейску, і можна перакласці», — адзначыў творца.
Верш «Бясплатны цырк» пра тое, кожныя выбары «ты на манежы, і нічога не мяняецца», «адныя і тыя ж на манежы», патлумачыў творца. Ён дзякуе за пераклад сябрам Альгісу Праметэюсу і Рэнаце Друктэйнітэ.
Са словамі Наважылаў змагаўся каля месяцу, пасля пачаў працаваць над музыкай. Паводле яго, былі выбары ў Літве і ЗША, «наперадзе нашы славутыя беларускія «выбары», і такая карцінка склалася ў галаве, што ажно страшна стала, атрымаўся крыповы спэйс-мэтал, спэйс-рок».
«Відэа зроблена праз нейрасетку Noisee AI і там, нягледзячы на звычайную іх бязглуздасць маецца сюжэт — звярніце ўвагу на тое, куды клоўны ляцяць, і чым усе скончылася. Любыя супадзенні з існуючымі асобамі выпадковыя», — падкрэсліў Уладзіслаў Наважылаў.
У ролях у кліпе акрамя клоўнаў ёсць таксама чырлідаршы і сталёвы Пінокіа, ёсць бойкі і ядзерная вайна.
Беларусы на выбары «глядзяць як на цырк, бо так гістарычна ў нас склалася», перакананы Уладзіслаў Наважылаў. «У нас на выбарах і вар’яцкія клоўны і чырлідаршы, і сталёвы Пінокіа ўсаты», — дадаў музыка.
Ён кажа, што гэта не апошні трэк на літоўскай мове, бо і працэс спадабаўся, і мову вучыць дапамагае. Уладзіслаў разлічвае, што песню пачуюць літоўцы і зразумеюць стаўленне беларусаў да «выбараў».
«Гэта і для мяне, і для беларускай дыяспары ў Літве, што мы сюды прыехалі не на шыі сядзець, мы мову таксама вучым. Мы інтэгруемся, але ўсё роўна застаемся беларусамі. Так было, ёсць і будзе. Крок лаяльнасці, даніна павагі. І гэта для ўсіх нашых, хто слухае мае опусы, каб пабачыць, як гэта будзе гучаць па-літоўску», — заключыў «Нож».