Алесь Кіркевіч разважае на budzma.by пра нашумелы ролік Іны Кардабнёвай і рэакцыю, якую ён выклікаў у беларускім грамадстве
Ад істэрыі з каранавірусам, ад сарваных праймерыз ды іншых злыбедаў беларусаў уратавала інструктар-метадыст з юнацка-дзіцячай спартовай школы ў аграгарадку Ціманава пад Клімавічамі (фуух, я гэта напісаў!) Іна Кардабнёва. Не ведаю, як у вас, а ў мяне суткі ўся стужка ў facebook ззяе яе ўсмешкай.
Чытайце таксама: Як ветлівыя фізрукі сцэнар апазіцыі паламалі
Сабраў волю ў кулак і ўсё ж паглядзеў 18-хвілінны ролік Іны Кардабнёвай «Сколько можно мучать наших детей???». Нагадаю, што за два дні відэа набрала ці не 35 000 праглядаў. Дызлайкаў — пад 8000, праўда, лайкаў — трохі больш за 300...
Калі коратка, то відэа Іны — гэта крык душы: «глыбінка», «калгасныя беларускія памылкі», «як цяжка людзям, якія жывуць у сталіцы, чуць гэта ўсё», «прыгожы маскоўскі акцэнт» і г. д. Гісторыя аўтаркі відэа, імаверна, трагічная. Нарадзілася ў той самай глыбінцы, вучылася ў Мінску, пабачыла «залаты пыл» горада сонца, а пасля вярнулася дадому.
З горада, дзе кажуць «трель» і «выдвижной ящик», давялося вярнуцца да «пошчаку» і «шуфляды». Зразумела, што для сваіх нашчадкаў жанчына не хоча такога лёсу, таму і крычыць на ўвесь свет: «Сколько можно мучать наших детей???» Гісторыя старая як свет.
«Святая вайна» за мову і Бацькаўшчыну
Стомленыя ад чакання вершнікаў апакаліпсісу з марлевымі маскамі на тварах, беларусы ўхапіліся за відэа — і пайшло-паехала. Пра комплексы, пра «ведаць ворага ў твар», пра паскардзіцца па месцы працы ды ў Youtube. Увесь нацыянальна арыентаваны сегмент сеціва пайшоў на «святую вайну» за мову і Бацькаўшчыну.
Усё нібы слушна. Няважна, дзе ты жывеш, якія ў цябе жыццёвыя болькі ды колькі гадуеш дзетак, але мову крыўдзіць нельга. І здаровы розум, і закон кажуць аднолькава. Тым больш да мовы чапляліся ўжо нашмат больш мацёрыя мужы свету гэтага, Кардабнёвай не роўня.
Але ж пытанне ў іншым: відэа ад даволі пасрэднага чалавека, які ўзяў і назваўся блогерам, рэальна можа скалануць нацыянальныя СМІ? Можа выклікаць каментары і ацэнкі з боку інтэлектуалаў, аўтараў дзясяткаў публікацыяў ды кніжак, людзей з рознымі адукацыямі і дыпломамі? Пра гэта наогул варта дыскутаваць? Сур’ёзна?
Выходзіць, што так! Праўду кажуць: «Хто быў нічым, той стаў паўсюдна».
Калі пра цябе не пішуць, значыць цябе няма
Цудоўны і яшчэ ўчора «адкрыты» свет у якім мы жывём, сярод іншага вылучаецца абсалютна зруйнаванай сістэмай аўтарытэтаў ды іерахіяў. Калі спасылаешся на такія замшэлыя паняцці — аўтарытэты ды іерархіі, то могуць і ў «фашызме» звінаваціць: будзьце пільнымі!
Ну, глядзіце. Пару гадоў таму з’явілася так званая «Парыжская дэкларацыя. Еўропа, у якую мы зможам верыць». Вялося там пра балючыя пытанні: крызіс сучаснай еўрапейскай мадэлі, мігрантаў, хрысціянства, лібералізм і далей па тэксце. Яе падпісалі паважаныя філосафы ды інтэлектуалы з розных куткоў Еўрасаюза.
Вельмі цешуся, калі вы пра яе чулі і чыталі, а вось я даведаўся літаральна ўчора. Пра дэкларацыю проста не пісалі ні ў СМІ, ні ў сацыяльных сетках. Добра, што знайсці сам тэкст яшчэ можна на паўмаргінальных рэсурсах з парай тысяч праглядаў і 3-4 каментарамі. А калі пра цябе не пішуць, значыць цябе няма.
«Парыжскай дэкларацыі», лічы, няма. А Кардабнёва — ёсць.
Вы не ведалі, што ў Беларусі ёсць людзі, якія ненавідзяць мову?
Калі ў гісторыі з відэа гэтай дамачкі і ёсць мараль, то яна не пра «агні вялікага горада» ды правінцыйныя комплексы. Мараль — пра фільтрацыю інфармацыі ды пераборлівасць.
Вам вось навошта глядзець 18 хвілін лухты? Вы не ведалі, што ў Беларусі ёсць людзі, якія ненавідзяць мову? Не ведалі, што яны ёсць пад Клімавічамі ў аграгарадку Ціманава? Не ведалі, што яны могуць весці відэаблогі пра касметыку і пакупкі ў Fix Price?
Заўтра, скажам, Іну Кардабнёву запросяць на якое-небудзь ток-шоў. І гэтае ток-шоў будуць глядзець і яе прыхільнікі, і яе ненавіснікі. Там яна, напрыклад, папросіць прабачэння ці пусціць слязу, а можа, падзеліцца думкамі пра малы заробак, гадаванне дзетак, булінг у школе, каранавірус на Магілёўшчыне...
Усё гэта было б вельмі кранальна, калі б не пытанне «навошта?». Гэта пытанне і да журналістаў, і да тых, хто пашырае сказанае блогеркай на сваіх профілях. Раскручваць фрыкаў — ОК, без праблем. Але якая карысць з гэтага вашым сябрам і вам, уласна? Можа, варта задумацца?
Кардабнёва vs філосафы — 7:1
Ну і апошняе. У гэтым тэксце прозвішча «Кардабнёва» згадваецца сем разоў. Разам з гэтым апошнім — восем. Вельмі імаверна, што вы яго запомніце. Прынамсі, на нейкі час, да наступнай кардабнёвай (дзевяць!).
Заўважце, што прозвішчаў філосафаў — аўтараў «Парыжскай дэкларацыі» я не згадаў ні разу... Вы не запомнілі б ды і, урэшце, хто яны такія? Яны напісалі занудны даўжэзны тэкст, яна — зняла відэа на 18 хвілін.
Прыкладна так гэтая схема і працуе.
Алесь Кіркевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!
Меркаванне аўтараў сайта budzma.by можа не супадаць з пазіцыяй кампаніі “Будзьма беларусамі!”