Пётр Рудкоўскі: "не трэба займацца фікцыямі, таварышы!"

Пётр Рудкоўскі, дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS), выказаўся пра выбары ў сваім акаўнце на Facebook.


Пётр Рудкоўскі. Фота — Аляксандра Кісялёва

Палітычныя сістэмы бываюць розныя. Бываюць дэмакратыі, бываюць аўтакратыі. Калі выбіраць паміж першым і другім, лепш першае. Але калі па нейкіх прычынах камусь захацелася мець другое... шкада, канешне, але хай так.

Аднак, на міласць боскую, не трэба займацца фікцыямі, таварышы! Ну, хочаце вы фармаваць Палату прадстаўнікоў без наўпростага ўдзелу грамадства. Дык фармуйце. Але БЕЗ ІМІТАЦЫЯЎ. Хай прадстаўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта, Савета бяспекі, ідэалагічнай вертыкалі збіраецца і прызначае 110 чалавек. Так, гэта будзе недэмакратычна. Затое сумленна.

Назіраючы за псеўдавыбарчым працэсам, я спазнаў вусцішнае дэжавю. Адчуванні такія ж самыя, як тады, калі я са сваім калегам праводзілі даследаванне па плагіяце. Агульны назоўнік для першага і другога - сістэмнае марнатраўства. Фінансавых сродкаў - гэта раз. Часавых рэсурсаў - два. Чалавечых рэсурсаў - тры.

Пісьмовыя працы - гэта выдатны навучальны метад. Але калі асноўным спосабам іх прадукцыі ёсць плагіят, то лепш хай іх не будзе ўвогуле. Выбары - гэта выдатны спосаб выяўлення інтарэсаў грамадства. Але калі выбары вось ужо дваццаць пяты год зводзяцца да электаральнага плагіята, то... так, я сапраўды лічу, што тады лепш скасаваць інстытут выбараў увогуле.

Віктар Марціновіч: У гульні без правіл перамагчы немагчыма

Фікцыйныя выбары не вытрымліваюць ніякага тэсту выгадаў і затрат. Апроч памянёных вышэй затрат ёсць самая вялікая затрата: страта пачуцця рэчаіснасці прадстаўнікамі ўладных структур. Гэта было выразна бачна на прыкладзе інтэрв'ю Давыдзькі для Еўрарадыё. Для гэтага чалавека ўжо не існуе праўда і фальш, рэальнае і фікцыйнае. Існуе толькі барацьба плямёнаў.

Прытупленне здольнасці адрозніваць праўду і фальш, як правіла, дорага абыходзіцца. Калі гэта здольнасць прытупляецца ў двух-трох прадстаўнікоў сістэмы, асаблівай пагрозы для сітэмы няма. Але калі ў імітацыю ўцягненыя дзясяткі тысяч прадстаўнікоў сістэмы, а яшчэ сотні тысяч становяцца непасрэднымі сведкамі, то гэта ўжо сістэма-з-ракавай-пухлінай.

Калісь, у 16-ым стагоддзі, сярод каталіцкіх тэолагаў была спрэчка: ці нехрысціянскі валадар можа быць добрым валадаром. Вельмі запомнілася выказванне аднаго тэолага: "Лепш разумны турак (=мусульманін), чым дурны хрысціянін". Нешта падобнае і тут: Лепш сумленная аўтакратыя, чым фікцыйная дэмакратыя.




Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!