Выступ Змітра Сідаровіча адбыўся ў сярэдняй школе г.п. Рудзенск Пухавіцкага раёну Мінскай вобласці 13 кастрычніка.
На сустрэчы прысутнічала каля 60 школьнікаў. У арганізацыі сустрэчы вельмі дапамаглі настаўніцы спеваў Тарэса Уладзіміраўна Тамеля і беларускай мовы і літаратуры Алена Уладзіміраўна Малая. У пачатку канцэрта прагучалі беларускія народныя песні ў выкананні вучняў школы – удзельнікаў вакальнага фальклорнага гурта “Наша спадчына”.
Тарэса Уладзіміраўна Тамеля: “Вучні 5 “Б” класа спяваюць разам, бо ў школьнай праграме цяпер у сярэдніх класах няма прадмета “Спевы”, вось мы і ўтварылі фальклорны гурт “Наша спадчына”, каб запоўніць гэты вакуум. Рыхтуем абрады, усе каляндарныя святы, вось цяпер наперадзе дажынкі…
Паездкі артыстаў па краіне ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” – гэта вельмі важна, гэта такое зерне, ведаеце… Бо ёсць вучні, якія цікавяцца ўсім гэтым. Наша роднае нельга забываць. Бачыце, як дзеці рэагуюць. Хоць старэйшыя класы не спяваюць, бачыце, як яны ўспрымаюць гэтыя выступы. Таму паездкі дзеячаў беларускай культуры патрэбныя. Нельга не слухаць, не вывучаць, не цешыцца з гэтага”.
Алена Уладзіміраўна Малая, настаўніца беларускай мовы і літаратуры: “Справа ў тым, што школьнікі вельмі дрэнна ведаюць беларускую мову. Пачуць прыгожыя песні, пазнаёміцца з незвычайнымі беларускімі народнымі інструментамі вельмі карысна дзецям”.
Света Рабчонак, вучаніца 8 “А” класа: “Вельмі цікавы выступ, прыязджайце яшчэ. Мы б хацелі, каб вы засталіся яшчэ на адзін урок, бо аднаго ўрока для такой сустрэчы мала”.
Зміцер Сідаровіч: Школа ў Рудзенску – рускамоўная. На маё пытанне, хто з вучняў па-за ўрокамі беларускай мовы і літаратуры карыстаецца беларускай мовай, не прагучала ніводнага станоўчага адказу, уверх не ўзнялося аніводнай рукі… Пры тым назіралася непрыхаваная цікавасць дзяцей да тэмы выступу, многія вучні фатаграфавалі дуду і запісвалі песні і мелодыі на мабільныя тэлефоны, пасля выступу мяне абступіла цэлая кампанія маладых людзей, якія прасілі расказаць нешта яшчэ і задавалі сур’ёзныя пытанні па тэме музычных інструментаў. Напрыклад, вучань пятага класа Арцём, які вучыцца граць на баяне і фартэпіяна і які правільна адказаў на два пытанні віктарыны (за што атрымаў торбу з сімволікай кампаніі “Будзьма беларусамі!”), запытваў у мяне адрас Рэспубліканскай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка (Мінск, вул. Макаёнка, 14), каб працягнуць музычнае навучанне…
Сустрэча ладзілася ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Тэгі: Міншчына